Выбрать главу
Круціцца ў полі спіраль: завіруха уцягвае свет у бездань.
Пярсцёнкі злучаюцца ў ланцужкі: ручай бяжыць i гамоніць.
Спевы ўначы: блукае ля кірхі вецер.
I як ты тут апынуўся?!. Па снежнай гурбе блукае кляновы ліст.
Схаваў галаву ў азярыну – не хочаш слухаць, што кажа табе крумкач з галіны голага дрэва: лебедзь.
Манета на ходніку: драбяза, а выпадак у дарунак.
Нліна ў слязінах: дарэмна падаеш, снег?
Кідаюцца снежкі: усім цікава — унуку, бабулі i ручаю.
I поцемкі, i святло, i нешта яшчэ: атуляе зямлю адліга.
За ноч авалодаў усёю акругаю: снег — прыгожая перамога.
Што сніцца вам — сонца? Дровы паклаліся ў шталагі: грэю позірк.
Завея. Глядзіць у вірлівы змрок i мне махае рукою акно манастырскае: сястра Ганна.
I прыляцелі, i селі на лапках яліны першыя прыцемкі — птушкі ночы.
Нешта не так?!. Адліга перамалёўвае краявід.
Накропвае дождж: з парасонам вітаецца парасон.
І вабяць, i мігацяць агні
на тым баку возера: у нерухомым палёце ноч.
Схаваў галаву ў капуцын, a далоні падставіў дажджынам: манах, прадвесне.
Прабегла залева. Слядамі перадрукоўваю брук.
Свеціцца свечка — просіць, каб адступіліся ліхтары: уваходжу у велікодную ноч.
Так доўга ляцела — i прыляцела!.. Скача ля шышкі хваёвае верабейка — тлумачыць, што тут i як.
Заварушыліся валуны?! — Да першай травы прыпалі баран i авечкі.
Піша вясна ў паветры гучныя гукасловы: на плітах вароніны кляксы.
Што там, за плотам?.. Лічаць мяне то штыкеціны, то прагалы.
Узняў галаву з-пад крыла i абурыўся лебедзь: неспадзяванкай маю сябе, небяспекаю маю.
Суцэльнае вуха: слухае пень, што кажа сарока.
У гэтулькі нітак!.. Сшывае зямлю i нябёсы дождж.
І срэбраны злітак, i залаты: азярына ў алхіміі адвячорку.
Святa ў двары!.. Цалую чмялём i пчалою вішню, што першаю зацвіла.
Тварам да сонца іду ад сонца; што хочаш, тое i думай, цень!.. Стала ў дзвярах i чакае, каму яна дасць дарогу: спадарыня кнайпы.
У залатых каронах прынцы прыйшлі i казку з сабою прынеслі: пагорак у дзьмухаўцах.
Дождж даганяе, дзяўчына ўцякае: хто першы адолее вуліцу?!. Разважае ў тры розумы светлафор.
На шыях званкі: складаюць сімфонію лугу козы.
Вось дзе яна!.. З крапівою вітаюся — рукі купаю ў зялёным агні.
Косы да пояса: гожым рухам дзяўчына ўзмахвае галавой.
Грукае гром — у прадчассе перакшталцоўвае час.
Miж кляштарам і цвінтаром хусцінкай паслаўся туман i знікаць не знікае: блакітныя незабудкі. Сонца заходзіць: у двое вачэй узіраюся ў трэцяе вока.
Чыстае неба. Паміж гарамі нацягвае шнур самалёт — каб сушыць аблокі?
Узнікла i знікла: тлумачыць маланку гром.
Рака разлілася: плыве шызая качка сцежкай.
Чытайце навіны!.. Бяжыць бязлюднаю вуліцай вецер з газетай.
Узняўся — гляджу з узгорку на яблыню ў квецені i на кагосьці, хто мною быў.
«Хтo злева, хто справа, а я ў самым цэнтры»,— сцвярджае трэшчына на сцяне.