Выбрать главу
Паміж усім на зямлі дзве адлегласці: паменшыцца адна — павялічыцца другая... Калі мы далёка — блізка, калі мы блізка — далёка.
Вярнуць... вярнуцца б познім госцем у юны свет, у маладосць... А хто захоча ў маладосці застацца гэтакім, як ёсць?!
Самыя грозныя пытанні — простыя пытанні. Іx вылепваюць дзеці: навошта? чаму? калі?.. Ды сплываюць пытанні, праходзяць пытанні, застаёмся адны мы. Пытанні былі...
Ляцяць — праз леты... зімы... о птахі,— дзень i год... Iм не зямля радзіма, радзіма ім палёт. Блукаюць сны у лабірынце розуму, i ў снах блукае розум — шлях людскі.
Прыкмеціць позірк хмары i абсяг, учуюцца зацішша, бездыханне... I толькі думка, вымкнуўшы маланкай, знітуе ўсё i рынецца ў бязмежжа.
Дарога дадому... Усе дарогі, якімі хадзіў i ездзіў, убірае дарога дадому.
Выбіўся з рытму часу — падаю ў бездань часу.
Піць малако... Не ведаць млосці, не вандраваць па гарадах, быць маладым у маладосці i памяркоўным у гадах. Піць малако.
Бядую: страта, радуюся: страта... Воўк-санітар — нас насцігае страта,
i неадступна гоніць, i ніколі не ведае ні літасці, ні жалю — усё слабое забірае страта. Бядую: страта... Радуюся: страта...
Аднойчы, калі закончу ўсе справы... О, колькі трэба зрабіць, калі закончу ўсе справы!..
A стоміцца сонца, i неба туман апануе густы — акрыюць азяблую глебу налітыя сонцам лісты.
I дрэва — барва i прагалы — лісты крамяныя свае, якія ўчора ўберагала, цяпер самохаць аддае.
Голас клікаў — таму прыходзіў... Замаўкаў ён, калі прыходзіў.
Чакаюць навальніцы хвоі — a навальніца вызначыць абраных, якія упадуць ад перуна.
Праз момант i праз век вяртае рэха, вяртае рэха слова, думку, жэст, вяртае нас саміх...— так помсціць рэха.
Дзіўная бітва — з бязмежнасцю, i дзіўны рахунак у бітве з бязмежнасцю — не перамогшы, загінуць волатамі.
Век хуткасцяў, век паскарэння хутчэй, няспынка, назусім... У будучыню, у азарэнне, мы, быццам падаем, ляцім.
Сярод усіх вятроў адзін спадарожны. Сярод усіх шляхоў адзін незваротны.
Куды? Адкуль?..— маўчанне. Не дасць адказу час. Стаю — i сам пытанне, іду — i сам адказ.
Паўхвілі да ратунку — i жыццё — гады... дзесяцігоддзі — ўсё жыццё знячэўку пераважвае паўхвілі.
Усё мы маем — пільным вокам акінь зямныя берагі... Але адзін памрэ ад спёкі, памрэ ад холаду другі.
Праб'ецца даўні запавет — i стане цяжка, стане дрэнна... Але ужо не марны свет, i шлях, i клопат недарэмны.
Адменная чарга — чарга дарогі, восені, задумы... I нават выпадак, i нават непазбежнасць марудзяць i пільнуюцца яе.
У вечаровым аўтобусе чуваць урыўкі людскіх размоў... Зрэшты, усе размовы урыўкі чагосьці.
Кружацца ўвышыні буслы — неўзабаве вырай. Пазіраем на ix — i паглядам адлюстраваным бачым сябе.
Наведваюся ў мясціны, дзе ўжо некалі быў, і не ведаю, як растлумачыць дрэвам, людзям, сабе самому, што ўжо мяне двое, i не ведаю, чым запоўніць прагал паміж мною гэтым i тым.
Не сплю. Адліжна. Поле туманіцца ў акне. Міжчассе — ў наваколлі. Міжчассе — ува мне.
Нікога, хто ў тэты свет прыходзіць, не абыходзіць доля: атрымліваюць усе без вынятку два найвялікшыя падарункі — жыццё i смерць.