Выбрать главу
Зіхоткая поўня — акно, з якога глядзіць у душу нябыт.
Чакаем таксоўку ўначы: чарга пасунулася на адно месца — i то весялей.
Зімовыя прыцемкі: снег настае, растае наваколле.
Вісяць між пупышак замерзлыя кроплі — таксама вясны чакаюць?
Абудзіўся сярод суровых зімовых палеткаў: куды пацячэш, ручай?!.
Які пахмурлівы небакрай!. Адтуль вясна надыходзіць.
Чырвоны дом на гары — уволю я ў ім нагутарыўся б з цішынёй.
Бягуць ручаіны у полі — звівы жвавай гаворкі.
Бярэзіна i без лістоты, шпакоўня i без шпака — пытанні, узнятыя ўгору: ці не забыўся пра ix сакавік.
Беляць у садзе вясновым камлі — галіны самі пабеляцца неўзабаве.
Вісіць i не падае у паветры зялёны дождж: ніцыя вербы зазелянелі.
Н е бойся цячы, ручай, у яры i ў ямы: рака цябе не забудзе.
Вясновы самотны вечар. Гуляе дзяўчынка у хованкі з маладзіком.
Ля лазні бярозы ў набраклых пупышках i дзед-прадавец з вязкай леташніх венікаў: не спазніўся?!.
Гром загрымеў —
i адразу аціхлі ўсе галасы: нябёсы гавораць!
Першыя кроплі дажджу: на плітах азбука кропак.
Ладкуюць гнёзды гракі: абламанае вецце зноўку вяртаецца дрэвам.
Здалечыні, праз начную імглу агеньчыкі замігцелі: адзіны ва ўсім наваколлі дом, што не спіць,— бальніца.
Вішня наўскрай дарогі: спяшайся першаю расцвісці — у пчол абранніцай будзеш.
Кроплі дажджу пастукаліся ў акно — ці мо самі нябёсы?!.
Прарэзаліся на градках стрэлкі цыбулі: вачам дзівунак.
Ходзіць паважны грак між квітнеючьіх сліў па двары — гаспадар, што вярнуўся з замежжа.
«Даў Бог — пражыла цэлы век, а не ведаю, у якім баку сэрца...» — бабулі ў царкоўным падворку.
Шчыміцца ў плот цікаўная крапіва: што тут, у агародзе?
Вяду вясноваю вуліцаю з бальніцы маці сваю старую — вяду сваю старасць. Бэзавы куст заквітнеў — у доме парасчыняліся вокны.
Крывенькая яблыня ў полі — хоча ўцячы з гэтага месца, дзе пасадзілі?!.
Цвітуць на бальнічным двары жоўтыя дзьмухаўцы — уцеха вачам чыімсьці.
Селяцца ў коміне хаты вароны — зрабіцца чарнейшымі захацелі?!.
Калючы асот — але вунь, глядзі: пчала з ім сябруе.
Дом з каляровымі аканіцамі — матылькі разгарнулі крылцы?!.
Мокне на беразе возера з вудай рыбак — злоўлены язь ловіць ротам дажджынкі.
Зона, I як вы зайшлі, бярозы, туды — за калючы дрот?!.
Старыя дамы: хацеў бы зайсці ў кожны з ix, у кожным пажыць хвіліну.
Сеў матылёк на куст квяцістага бэзу — i ўбачылі ўсе адразу, які фіялетавы бэз, а матылёк — бялюткі!
Паўзлазілі дзеці на дрэва: дом, што дарослымі не заняты.
Ледзьве відаць яго — a запоўніў сабою ўсё паднябессе: жаўрук спявае.
Бульба цвіце. У рамонкаў круглыя вочы.
Вадасцёкавая труба — увага, што скіравана адразу у неба i ўдол.
Бярэзіна ўсохла, a ў вершаліне красуе зялёная амяла: пераможца лёсу?!.
Каля зялёнага дрэва скульптура з дрэва: маўклівая спрэчка пра дасканаласць.
У вёсцы. Як дзіўна зноўку пачуць гаворку, знаёмую з немаўленства, ад незнаемых людзей.