Два месяцы хварэе начальнік міліцыі, ляжыць у шпіталі, і ўсе супрацоўнікі, не гаворачы на гэтую тэму, ведаюць, што ў палкоўніка Пацеркі тая хвароба, пра якую ў некралогах пішуць «пасля цяжкай і працяглай». Пры такой сітуацыі Мігун спаў і бачыў сябе начальнікам міліцыі. А за кар'еру ён гатовы бацьку роднага прадаць, не тое што нейкага Ліхача. Напляваць яму, што яны некалі разам ездзілі на паляванне. Змяніўся час, абставіны — змяніліся і людзі. Ты вунь не пасаромеўся сам выставіць сваю кандыдатуру на дырэктара буйнейшага ў горадзе завода. А я — што? Горшы? Хочаш, каб я, стары служака, выцягваўся перад нейкім маладым фендрыкам? Многа іх цяпер такіх скакуноў, што дарастаюць да палкоўнікаў у трыццаць гадоў! Прышлюць такога — і будзе ён цябе ганяць, што ардынарца. Пацерка хоць чалавек быў. Каго няма, тыя ўсе добрыя былі.
Мігун добра ведаў кадравую палітыку — ад каго будзе залежаць яго назначэнне. Ад гаркома — у першую чаргу. Вось таму трэба паказаць Наліцкай сваю стараннасць і ўменне, загладзіць усе прамашкі.
Рэгіна адарвала іх ад шахмат:
— Прыехаў.
Мігун, падцягнуўшы пры жанчыне штаны, кінуўшы Шатохіну «хвіліначку», пайшоў у туалет — аблягчыцца перад адказнай і, магчыма, зацяжной аперацыяй, калі і адлучыцца не будзе як.
Рэгіна па-сваяцку даверліва сказала Шатохіну:
— Дзядзя Коля, дырэктар сюды не прыйдзе. Я адкрыю вам нашу маленькую тайну. Васіль Васільевіч так не любіць камісій, што зрабіў сігналізацыю... Над акном кабінета лямпачка... бачыце, гарыць?.. Я ўключаю, калі яго хтось чакае тут. А потым ён звоніць па ўнутраным сюды, у кабінет, і я дакладваю — хто. Зараз пазвоніць...
Сапраўды зазваніў тэлефонны апарат. Рэгіна падняла трубку, каротка паведаміла:
— З гарвыканкома. Зразумела,— паклала трубку, перадала дзядзьку: — Сказаў: яго няма. З такімі гасцямі сустракацца не жадае.
— Стрэнецца.
— Калі яго не будзе ў механічным цэху, загляніце ў гараж, у бокс, дзе легкавая стаіць. Там у яго кабінет — вынаходніцкі. Чарцёжная. Ён там з шафёрамі нейкі новы прычэп канструюе.
Атрымаўшы ў калідоры ад Шатохіна ўсю інфармацыю, што перадала сакратарка, Мігун пошук дырэктара ў цэхах выключыў з аперацыі, адразу накіраваўся ў гараж, у яго быў добра развіты нюх сышчыка.
Вароты ў гараж зачыненыя. Але праз шчыліны прабівалася яркае святло.
Мігун стукнуў кулаком раз, другі.
— Ліхач! Адчыняй! Мы ж ведаем, што ты тут. Сакратарка сказала.
Шатохін у думках вылаяўся: навошта, дурань, выдае Рэгіну, ёй працаваць з дырэктарам.
Ліхач адчыніў не адразу, чым умацаваў Мігунову здагадку, ведаў міліцыянер, чаму зачыняюцца ў гаражах, сам неаднойчы зачыняўся.
Нарэшце ляпнула засоўка.
Перад імі стаяў Ліхач, весела ўсміхаючыся, быццам разыграў іх. Адзеты ў кажушковую душагрэйку, але без шапкі, у руках трымаў рэйсшыну і карандаш.
Машыны ў гаражы не было. Прасторны бокс сапраўды нагадваў чарцёжную. На сценах фатаграфіі аўтамабіляў і прычэпаў, незнаёмых мадэляў, на доўгай паліцы — лялечныя макеты гэтых жа машын. У левым куце — адкідны чарцёжны стол, да дошкі прышпілены кнопкамі ліст ватману з першымі лініямі будучага чарцяжа.
Але гэта ўбачыў Шатохін, ён павітаўся з Ліхачом за руку і спыніўся ў варотах. Мігун, не павітаўшыся, імкліва прайшоў у глыбіню памяшкання, бо ўбачыў не макеты, не чарцёж, а тумбачку ў другім куце і на тумбачцы пляшку «Сталічнай», напалавіну выпітую. У спрытнага дэтэктыва ажно вочы загарэліся. Во ўдача дык удача! Рэчавы доказ. Дурань, не паспеў і схаваць. Аднак няўжо п'е без закусі? Алкаголік! Такіх Мігун зневажаў.
— А гэта мы прыхопім з сабой.
— Давай, давай,— весела адгукнуўся Ліхач.— Толькі ж мала табе будзе аднаму. Табе вядро трэба, як добраму каню.
— Пажартуем пасля,— буркнуў Мігун.
Ліхач адвярнуўся ад Шатохіна, і той у адзін міг знік, што праз зямлю праваліўся: учуяў чалавек, што ў місіі іх з-за стараннасці міліцыянера запахла смажаным. А наліха яму ўлазіць у брудную гісторыю! Далей ад яе!
— Мікалай Свірыдавіч, засведчыў Коля! Дзе ты?
Мігун вярнуўся да варот, выглянуў на двор.
— Дзе ён? Куды знік?
— На неба ўзнёсся,— засмяяўся Ліхач, убачыўшы ў руках маёра пляшку: яна, пляшка, дала разгадку, чаму спалохаўся намеснік старшыні выканкома.
Аднак чаму мільтон так разышоўся? Вылаяўся на Шатохіна:
— Чыстаплюй! З такім у разведку не пойдзеш,— і да гаспадара: — Збірайцеся, Ліхач, паедзем.
— Куды? — тое, што былы сябра па паляванні і па застоллі раптам на «вы», насцярожыла, але і заінтрыгавала яго, аматара прыгод, мастака на жарты і розыгрышы.