— Там убачыш — куды.
— Андрэй, не тлумі галаву.
— Я магу быць вам Андрэем на адпачынку, а тут я пры выкананні службовых абавязкаў. Не забывайце.
— Дурны ты службіст.
— За абразу... Во курва, Шатохін, уцёк, мог бы пасведчыць. Загадваю: паехалі! Інакш паклічу панятых — вашых рабочых!
Ліхач глядзеў шырока расплюшчанымі вачамі на чалавека, якога добра ведаў і лічыў нармальным — умеў пагуляць, пажартаваць. Глядзеў спачатку няўцямна — што сталася з чалавекам? — пасля з разуменнем. Але, дайшло — хто перад ім. Чалавек, якому нельга служыць у органах, бо ён п'янее ад улады над людзьмі.
«Цяпер ён на мне праяўляе гэтую ўладу. Але дзеля чаго? Даказаць, што я выпіваю? Дык разам выпівалі. Хто яго паслаў? Воблікаў? Ала? Разумная ж баба...»
— Паехалі.
З дурнем лепш не задзірацца, а то яшчэ праўда наробіць шуму, з агульнага гаража, што за сцяной, прыбягуць шафёры і ўбачаць гэтую злашчасную бутэльку ў яго ў руках. «Што там Павел пакінуў? Няўжо гарэлку? Як я не звярнуў увагі на яе?»
Зачыняючы вароты бокса, сказаў Мігуну:
— Бутэльку схавай.
Той зрабіў ласку.
— Схаваю,— і сунуў пляшку ў кішэню штаноў.
«Канарэйка» стаяла каля пад'езда заводакіраўніцтва. Ліхач адразу юркнуў на задняе сядзенне — не хацелася ўсё ж, каб свае варажылі: куды дырэктар паехаў на міліцэйскай машыне?
Мігун перад тым як сесці ў машыну — дзверцы яму адчыніў шафёр,— дастаў бутэльку, паказаў яе ўсім вокнам, пасля акуратна паставіў на сядзенне.
«Во свіння! Пачакай жа, я зараз нагадаю пра тваю «святасць». Шафёр усё роўна знае пра твае прыгоды».
Машына кранулася з месца.
— Куды, Андрэй Сямёнавіч? — спытаў шафёр.
— У цэнтр.
— А помніш, Андрэй, як ты паддаў у ляснічага пасля таго, як упалявалі дзіка? Так паддаў, што пачаў хапаць леснічыху за каленкі. А ляснічы ўгледзеў гэта і надзеў табе на галаву міску з капустай. Ты — за пісталет... Ледзь я развёў вас...
Шафёр, малады хлопец, заліўся пісклявым смехам, адкінуўшы галаву на сядзенне.
У Мігуна карак наліўся крывёю. Ніколі яшчэ ніхто гэтак не падрываў яго аўтарытэт перад падначаленымі.
— На дарогу глядзі! — злосна кінуў ён шафёру.— Задраў галаву! Развесіў вушы!
У той міг ці, можа, раней яшчэ, ва ўсякім разе, не пазней, змяніў ён план дзеяння. Прывезці Ліхача на выканком і выставіць на стол недапітую бутэльку — не, неразумна. Не стане ж яго Наліцкая нюхаць, калі ён адмовіць. Дакуменцік, дакуменцік трэба! Мед- заключэнне. Вось тады не адкруціцца.
— У паліклініку.
— У якую?
— У тую. Не ведаеш — у якую!
Ліхач зразумеў, з якой мэтай вязе яго «сябра» ў паліклініку. Абурыўся. Але, паколькі баяцца яму няма чаго, вырашыў блазнаваць, каб давесці дзікую задуму міліцыянера да абсурду і выставіць яго дурнем.
Урач, флегматычны, барадаты мужчына, ведаў добра і міліцэйскага начальніка, і дырэктара завода і на патрабаванне ахоўніка парадку даследаваць Ліхача на алкаголь балюча скрывіўся: да чаго дайшлі!
Сястра, жанчына сталых гадоў, таксама рыхтавала працэдуру са змрочнай маўклівасцю, аднолькава дрэнна думаючы пра абодвух наведвальнікаў: сур'ёзныя людзі, а займаюцца глупствам.
Ліхач дыхнуў у трубку весела, з цікавасцю — упершыню сустрэўся з такім прыборчыкам, засмяяўся, праўда, трохі раздражнёна, злосна.
— Чыста,— сказала сястра.
— Не можа быць! — расчаравана здзівіўся Мігун.
Ліхач выхапіў у сястры трубку і сунуў пад нос маёру.
— А цяпер ты дыхні! Толькі, баюся, трубка не вытрымае, лопне ад тваіх пароў.
І тады сур'ёзная з выгляду сястра залілася смехам. Весела зарагатаў і ўрач. Абое яны падумалі, што наведвальнікі — дасціпныя жартаўнікі, паспрачаліся і выпрабоўваюць адзін аднаго. А Ліхача смех іх абпёк варам уніжэння. Не тую гульню пачаў ён з гэтым ідыётам, хутчэй прэч ад яго, пакуль нервы заціснутыя ў кулак. Ціха падзякаваў медыкам і пайшоў.
Мігун успомніў, што ў Ліхача жонка медсястра, напэўна, тут працуе, і пагразіў пальцам медыкам, збянтэжыўшы і жанчыну, і спакойнага барадача. Уподбег дагнаў на ганку сваю ахвяру. Той, не азірнуўшыся, павярнуў у другі ад машыны бок.
— Сядай у машыну! — суровым воклічам спыніў яго Мігун.
— Пайшоў ты...— і назваў тое адмысловае месца, куды і варта было падацца такому шчыраму служку.
Маёр ляпнуў далоняй па шынялі, дзе той адтапырваўся — ад кабуры. Словы яго пачалі страляць:
— Не з тым жартуеш, Ліхач! Са мной жарты дрэнныя! Вунь стаіць паставы, а ў яго ў кішэні наручнікі. Я не спыняюся і перад такой мерай.
Кроў ударыла ў галаву да звону ў вушах. Васіль аглянуўся. Тут, у цэнтры — насупраць ГУМ,— нямала людзей, бліжэйшыя пешаходы ўжо азіраюцца на іх, пачуўшы ці адчуўшы, што ў адносінах паміж афіцэрам і цывільным адбываецца нешта незвычайнае. Не хапала яшчэ, каб яму тут, на вуліцы, надзелі наручнікі. А гэты ап'янелы ад улады «вартавы парадку», падобна, і такое здатны зрабіць. Васіль Васільевіч павярнуўся і ўскочыў у машыну. Гэтак жа спрытна, не марудзячы ні хвіліны, ускочыў на пярэдняе сядзенне і Мігун.