Выбрать главу

— У гарком! — крыкнуў Ліхач.

— У шпіталь! — пераможна, захлынаючыся ад задавальнення, праспяваў гаспадар машыны. Цяпер ён не сумняваўся, што ў паліклініцы Ліхачовы знаёмыя, сябры, а ў шпіталі ў яго, Мігуна, свае людзі.

— У які шпіталь? — здзіўлена спытаў шафёр.

Мігун узарваўся:

— Табе памяць адбіла? Колькі ў нас шпіталяў?!

У горадзе адзін шпіталь — інвалідаў вайны.

Машына сарвалася з месца. Але пакрыўджаны за сваю памяць вадзіцель своеасабліва адплаціў:

— А ў бутэльцы — вадзічка... святая, дыстыляваная. Для акумулятараў...

— Замяніў? — па-бычынаму зароў начальнік.— П'янюга! Выгарадзіць свайго хочаш?

— Ад п'янюгі чую.

— Сёння ж вылеціш з работы!

— А напляваў я на вашу работу! Падумаеш — работа! Ні дня ні ночы спакою. На свае рукі я ўсюды баранку знайду.

Шафёр злосна газануў, машына набрала хуткасць, дазволеную хіба што «міргалцы». І раптам дзіка завішчалі тармазы, хоць перад машынай нікога не было. Мігун балюча стукнуўся лбом у шкло — як толькі не высадзіў.

— Ты што робіш, ідыёт?

— Сам ідыёт! Чалавека згубілі! Чалавека! — спалохана закрычаў вадзіцель і выскачыў з машыны.

Мігун азірнуўся. Задняе сядзенне было пустое, дзверцы адчынены. З машыны ён не здолеў выйсці: даўгі цвік праткнуў сэрца, прыбіў яго грувасткае цела да спінкі сядзення.

Болю не было. Быў правал. Як у сне. Сніў неаднойчы: вывальваўся з самалёта і вольна плаваў у космасе. Бачыў чорнае неба і блакітную зямлю. Усё наадварот. Адчуванне страшнае і... незвычайнае, такога на яве не перажываў — нейкае звышрадаснае захапленне палётам, калі ажно дыханне спыняецца, а ўдары сэрца запаўняюць усю істоту — са звонам б'юць у вушы, у жывот, у рукі, у ногі.

Страх з'явіўся, калі ён пачуў над сабой людзей. Чалавечы гул. Як прыбой, які набліжаўся. Спачатку страх ад таго, што гул захлыне яго, змые і панясе... не ў космас, не... А потым праз гул паляцеў крык злосці, абурэння: «Міліцыя! Міліцыя выкінула з машыны чалавека. Во гады! Біць іх!» І тады страх стаў усвядомлены — за чалавека... за Мігуна. Трэба сказаць, што той не вінаваты, што ён сам... Сам... Усё ён рабіў на хаду... сігаў з воза, з трамвая... сігануў у космас...

А потым былі арэлі. Ён гушкаўся з Машай. Дачка залівалася звонкім смехам. І ён стараўся гушкнуць як мага вышэй. Шырока, як парус, напіналася яе чырвонае плацце.

Пачуў страшны Дашын крык: «Спыніся, Вася! Спыніся!»

У гэты міг Маша, бы пушынка, зляцела з арэляў і... паляцела ўгару. А ён застыў на месцы і заварожана глядзеў, як у чорнае неба ўзлятае ярка-чырвоная зорка. І не было ў яго страху. Было здзіўленне.

...Хірург пачуў за спіной жаночы крык. Не азірнуўся. Паглядзеў на прыборы. Стрэлкі паўзлі ўлева...

Ала сядзела не за пісьмовым — за доўгім сталом, пустым — ніводнай паперкі, бліскучым, як узлётная паласа пасля дажджу. Сядзела нерухома, боязна было паварушыцца, павярнуцца да акна, за якім глуха шумеў горад, здавалася, любое фізічнае дзеянне наблізіць страшнае, чаго яна баялася. А нерухомасць — як бясконцасць, вечнасць. Аднак вочы ўтрапёна са страхам уставіліся на дзверы. Не, нікога яна не чакала. Наадварот, хацела, каб ніхто не прыйшоў. Загадала Яніне нікога не пускаць, ні свайго, ні чужога. Сакратарка, хоць і ведала пра здарэнне, прыняла гэта натуральна: Ала Уладзіславаўна нярэдка вось так зачынялася — калі рыхтавала даклад, лекцыю, усё рабіла сама, на памочнікаў не спадзявалася, нават найбольш важныя пастановы пісала сама.

Хацелася, каб і думкі не варушыліся. Але яны — што зблытаны клубок нітак, «барада», якую разблытаць немагчыма, можна толькі парваць. Але і парваць гэты клубок не мела сілы. Ды і што парвеш? Што зменіцца?

На пісьмо Васіля ў абком — на скаргу за несправядлівую вымову — Леанід Генадзьевіч вымавіў ёй мякка, па-бацькоўску: «Што ты там Ліхача тузаеш? Дай чалавеку свабоду. Няхай эксперыментуе. Думай, што ён разумней за нас, ва ўсякім разе, не дурней».

«Я дам табе свабоду, Вася. Я дам табе свабоду...»

Здалося, што сказала гэтыя словы ўголас, і азірнулася: ці не пачуў хто?

Праз двайныя дзверы чутно кляпанне машынкі. Што цвікі забіваюць. Ніколі машынка так не раздражняла. Што там такое тэрміновае ў гэтай бестурботнай і гультаяватай Яніны? Нічога тэрміновага няма. Нікуды не трэба спяшацца. Чакаць, чакаць... Чаго?