Яна ўздрыганулася. Нічога не трэба чакаць. Усё будзе добра. Воблікаў пазваніў, што... Вася ў бальніцы. Яна ніколі не ляжала ў бальніцы, баялася туды трапіць. Але ж бальніца — ратунак.
Чаму такое неадчэпнае ўяўленне з таго летняга дня, калі ўбачыла, як акрабатычна ён кідаў голенькую малую з рук на ногі, а дзіця залівалася смехам. Як імя яго дачкі? Даша? Не, Даша — жонка. Саша? «Усе на «ша», адзін я на «ся».
Чаму яна не пайшла да яго ў госці? Запрашаў жа неаднойчы. Баялася выдаць сваё жаданне?.. О божа, які сорам! Ці не дазволіла становішча першай асобы ў горадзе? Якое глупства! «Я прыйду да цябе ў госці, Вася. Прыйду»,— абяцала цвёрда, бадай з радасцю, што пераадолела ўсе недарэчныя ўмоўнасці.
Зазваніў тэлефон, прамы, падобна — міжгародні. Яна не паднялася, не азірнулася на апарат, толькі ўціснула галаву ў плечы, непрыгожа сцялася, як бы ратуючыся ад цяжкай лавіны.
«Я дам табе свабоду. Я прыйду ў госці. І ў мяне хопіць смеласці сказаць, што я люблю цябе. І — больш нічога. Больш нічога...»
І ўпершыню ўстрапянулася:
«Што робіцца ў маёй галаве? Пра што я думаю!..»
Дзверы адчыніліся як ад удару ботам. Грукат іх здаўся выбухам бомбы.
Воблікаў прычыніў за сабою дзверы спіной і так застаўся стаяць прытулены, як бы не ўпускаючы кагосьці невядомага, хто ішоў за ім.
Ала адкінулася на спінку крэсла так імкліва, што ў патыліцу ўдарыў боль. І зноў застыла, зноў баялася паварушыцца. Глядзела на старшыню нерухомымі вачамі, у якіх адбівалася адно — надзея. Воблікаў таксама глядзеў на яе. Але — о, жах! — якія ў яго халодныя і... пустыя вочы. Ды не ж, не, гэта так здалося ад страху. Вочы яго пацяплелі і як бы запацелі. Ён ступіў да стала, сеў у другім канцы — насупраць яе, і ў гэтай паставе, здалося ёй, апынуўся далёка-далёка і — як у тумане. Зняў капялюш, правёў ім, мокрым, па твары і з-за капелюша, як з далечы, глуха і бязлітасна жорстка сказаў:
— Скончылася, Алка, наша з табой кар'ера. Вымятайся! — і вылаяўся, як ніколі не дазваляў сабе пры жанчыне.— Але што — кар'ера! Чалавека шкада. Які ідыёт гэты Мігун! Прымусь дурня богу маліцца...
Ала ўпала тварам на стол, пракусіла сваю руку, з надрыўным стогнам зарыдала.
— Не, гэта — я... я...
СТРАТЭГІЯ
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1...
Гісторык. Жнівень 1917 года. Пасля ліпеньскіх падзей урад Керанскага перайшоў у контррэвалюцыйнае наступленне на пралетарыяў, на салдат, на бальшавіцкую партыю, якая ўзначальвала рэвалюцыйныя сілы народа. Меншавіцка-эсэраўскія Саветы сталі на шлях адкрытых памагатых буржуазіі.
Урад двойчы ўжо аддаваў загад аб арышце Леніна. Закрыў бальшавіцкія газеты. Але яны прадаўжалі выходзіць пад змененымі назвамі.
Падвальнае памяшканне газеты «Пролетарий». Рэдакцыйны пакой. За сцяной стук друкарскай машыны. Якаў Свярдлоў перадае Наборшчыку невялікія лісткі паперы.
Свярдлоў. Тэрмінова ў нумар. Разбіраеце почырк?
Наборшчык (бярэ лісткі). Ленін?! Не першы раз. Адзін я і разбіраю. (Чытае.) «Аб выступленні Каменева ў ЦВК наконт Стакгольмскай канферэнцыі». Растлумачце мне, таварыш Свярдлоў, а чаму мы супраць гэтай канферэнцыі. Селі б за адзін стол...
Свярдлоў. З кім? З сацыял-шавіністамі? Туды ж паедуць Чарноў і Цэрэтэлі, Кауцкі... Яны ж таксама лічаць сябе сацыялістамі. Ды Ленін усё растлумачыў. (Бярэ лісткі.) Вось тут. Ён... Каменеў... «змаўчаў аб тым, што там будуць удзельнічаць сацыял-імперыялісты, што мець сувязь з гэтакімі ганебна для рэвалюцыйнага сацыял-дэмакрата». І далей. «Ісці на нарады з сацыял-імперыялістамі, з міністрамі, з пасобнікамі катаўства ў Расіі — ганьба і здрадніцтва. Аб інтэрнацыяналізме тады няма чаго і гаварыць».
Наборшчык. Ленін і сваім не дае літасці.
Свярдлоў. Калі яны хістаюцца. Як Каменеў.
Наборшчык. А мне ён здаўся самым рэвалюцыйным. Тут ён са Сталіным спрачаўся. Абвінавачваў яго ў нерашучасці. Дык у гэты ж нумар «Пралетарыя»?
Свярдлоў. Абавязкова ў гэты. Зараз паглядзім, замест чаго можна паставіць.
Наборшчык ідзе ў друкарню. Свярдлоў садзіцца за стол, завалены рукапісамі і адбіткамі газетных палос. Паглыблена акунаецца ў чытанне.
З'яўляецца Каменеў.
Каменеў (як быццам здзіўлена). О, Якаў Міхайлавіч! Вы — усюдыісны. Куды ні прыйду, там вы і Урыцкі.
Свярдлоў. Трэці Каменеў. У нас агульная рыса.
Каменеў (смяецца). Вы мне ліслівіце, Якаў Міхайлавіч. Што будзе гваздом у нумары?
Свярдлоў. Пісьмо Леніна.