Каменеў. Аб выступленні Дана? Керанскага?
Свярдлоў. Аб выступленні Каменева наконт Стакгольма.
Каменеў (змяняецца з выгляду, натапырваецца, прабягае па пакойчыку). Зноў Ленін? У кожным нумары Ленін! У яго што там — сіндыкат?
Свярдлоў. У яго — галава.
Каменеў. Члены рэдкалегіі ведаюць пра пісьмо?
Свярдлоў. І члены ЦК.
Каменеў. Я — член ЦК.
Свярдлоў. Таварыш Каменеў! І вы ведаеце. З-за гэтага вы прыйшлі сюды ў такі позні час.
Каменеў. Дык я вам скажу. Ленін памыляецца ў сваёй бескампраміснасці. Мы жывём у час кампрамісаў. Мы з вамі ў гушчы мас. А Ленін... Дзе ён? У кустах?
Свярдлоў (жорстка). Ільіч вымушаны быць у падполлі.
Каменеў. Так, так, у падполлі. Я разумею. Між іншым, дзе ўсё ж Ленін цяпер? Вы былі на сувязі з ім, калі ездзілі ў Разліў? Дзе Зіноўеў — я знаю. А дзе Ленін? Ненармальна, што ад мяне, члена ЦК, скрываюць... Два каўказцы — Арджанікідзе і Сталін, па-мойму, іграюць у канспірацыю. Хто ім даручыў?
Свярдлоў (жартаўліва, з грузінскім акцэнтам). Дарагі таварыш Каменеў! Гэта вельмі нармальна. Канспірацыя тонкая штука. Я скажу жонцы, вы скажаце сябру... Якая будзе канспірацыя? (Натуральна.) Я трымаў сувязь з Разлівам, але цяпер і я не знаю, дзе Ільіч. І гэта натуральна.
Каменеў. Калі ўлічыць, як хутка да яго дайшло маё выступленне, то недалёка. Я адкажу на яго пісьмо. І дакажу, што ён памыляецца. Я мог бы адказаць сёння. Але я стомлены. Мы працуем, як валы.
Свярдлоў. Працуе Ленін. А мы пацеем.
Каменеў (бадай узлавана). Мы пацеем? У вас, прабачце, адсутнічае гонар.
Свярдлоў. Які? Гонар, як шмат што, катэгорыя класавая, Леў Барысавіч. Нам нямала прыйдзецца папацець, каб вытравіць з сябе наш местачковы, дробнабуржуазны гонар. Аднак я пайшоў у друкарню...
Свярдлоў выходзіць. Каменеў садзіцца на яго месца. Піша. Уваходзіць Літаратар — з тых, хто за сабраныя звесткі мае двайны ганарар. Каменеў здзіўлены.
Літаратар. Вы думалі, што можна схаваць цэлую друкарню? Ад каго? Ад юнкераў можна. Ад свайго брата газетчыка гэта немагчыма. Мы ж, літаратары, што Шэрлакі Холмсы. Аднак ахова ў вас пільная. Ледзь даказаў пралетарыю, што я свой.
Каменеў. Карэспандэнт эсэраўскай газеты свой у бальшавіцкай рэдакцыі?
Літаратар. Леў Барысавіч, мы ж з вамі культурныя людзі. Мы належым да розных партый, але ж сацыялістычных. Да таго ж у нас павінна быць прафесійная салідарнасць. Літаратарская. А калі яшчэ ўлічыць, што мы з вамі землякі і добрыя знаёмыя... Аднак — добры вечар. (Вітаецца за руку. Садзіцца каля стала.) Што будзе гваздом у чарговым нумары «Пралетарыя»?
Каменеў. Пісьмо Леніна супраць Каменева.
Літаратар (смяецца). І вы пра гэта так спакойна паведамляеце? Вясёлыя вы людзі, бальшавікі. Уяўляю, што было б, калі б Спірыдонава выступіла супраць Керанскага ці Чарнова. А між іншым, адкуль ён піша, Ленін?
Каменеў. Вы што — лічыце мяне хлопчыкам? Ваш Керанскі аддае загад арыштаваць лідэраў нашай партыі — Леніна, Зіноўева... ды і мяне, Троцкага садзіў у турму. І вы хочаце, каб я выдаў...
Літаратар. Я ж не пытаю ў вас дакладны адрас... дом, кватэру... У мяне прафесійная цікавасць. І я мог бы нажыць журналісцкую славу, паведаміўшы, дзе Ленін,— у Расіі, у Швейцарыі, у Германіі... Усе мы, Леў Барысавіч, славалюбівыя. Ды і лішні рубель у наш галодны час не зашкодзіць.
Каменеў (падхопліваецца, мітуслівасцю падкрэслівае абурэнне). Ах, як вам хочацца, каб Ленін апынуўся ў Германіі! Каб пацвердзіць гнюсны паклёп, што ён нямецкі шпіён... Паклёп, ад якога эсэры мусілі адмовіцца, каб не сесці ў лужыну. Вы ж адзін з тых, хто ў ліку першых выказаў сумненні наконт гэтай бязглуздай хлусні.
Літаратар. Я не паверыў у гэта з самага пачатку. Я ведаю бальшавікоў, сядзеў разам у турме. Я — аб'ектыўная сведка і летапісец рэвалюцыі. А вы так дрэнна падумалі пра мяне, западозрылі, што я агент генерал-пракурора, які шукае Леніна.
Каменеў (астывае). Прабачце, Павел...
Літаратар. Антонавіч. У вас добрая памяць, Леў Барысавіч. (Паднімаецца, прыкрывае дзверы ў друкарню, набліжаецца да Каменева, становіцца тварам у твар, гаворыць паніжаным голасам, па сакрэту, даверліва.) А я вас шукаў цэлы дзень. Супраць вас рыхтуецца бомба. Куды страшнейшая за пісьмо Леніна. Жандарскі палкоўнік Балібін даў паказанні, што ў Кіеве вы былі агентам ахранкі.
Каменеў (з абурэннем). Гнюсны паклёп! Правакацыя!
Літаратар. Я прапаную вам здзелку. Зараз жа перадаю вам паказанні Балібіна. Магчыма, гэта не ратуе вас ад апублікавання ў чарнасоценных газетах. Але гэта дасць вам магчымасць падрыхтавацца да абвяржэння. Член ЦВК Савета, вы здолееце папярэдзіць публікацыю ў газетах урадавых партый... Але за гэта вы скажаце мне, канфідэнцыяльна, дзе Ленін...