Выбрать главу

Мінула колькі дзён. Да Леніна прыходзіць Густаў Ровіа — малады прыгожы фін з мяккімі жаночымі рысамі твару. Ён уваходзіць без стуку — так дамоўлена. Ленін адрываецца ад працы, імкліва паднімаецца насустрач.

Ленін (радасна). Густаў Сямёнавіч! Добры вечар! Добры вечар! (Нецярпліва.) Газеты?

Ровіа (збянтэжана). Я не сустрэў петраградскі поезд.

Ленін (расчаравана). Таварыш Ровіа!

Ровіа. Поезд спазніўся. Што зробіш. У такі час паязды спазняюцца нават у Фінляндыі. Газеты прынясе Ахмала.

Ленін. Вы добры паліцмайстар, але слабы канспіратар.

Ровіа (смяецца). Я праходжу навуку ў вас.

Ленін. Нельга Ахмала ператвараць у гарадскога паштальёна. Страта такога чалавека, як таварыш Кэсі, для нас была б катастрофай. Лепшага сувязнога, як начальнік паштовага вагона, знайсці немагчыма. Скажыце... многа ў горадзе шпіёнаў Керанскага?

Ровіа. О, каб я мог іх палічыць!

Ленін. Аднак арыштаваць вы іх не можаце.

Ровіа. На жаль, не магу. Фінляндыя ўсё яшчэ княства імперыі Расійскай... Прабачце, рэспублікі...

Ленін. Вы ў мяне просіце прабачэння за рэспубліку Керанскага, якая ў адносінах малых народаў, па сутнасці, прадаўжае палітыку царызму? Фінляндыя павінна атрымаць самастойнасць!

Ровіа. Гэта адбудзецца тады, калі прэм'ерам стане таварыш Іваноў, Канстанцін Пятровіч.

Ленін (пасміхаецца). Вы вясёлы чалавек, Ровіа. Але шпіёнаў Керанскага ўсё ж выяўляйце. Гэта патрэбна не толькі для бяспекі таварыша Іванова, але і для вашай барацьбы за незалежнасць. Гэта злейшыя ворагі фінскіх сацыял-дэмакратаў. Яны не проста будуць вынюхваць бальшавікоў, яны будуць цягнуць вас у эсэраўска-меншавіцкае балота. Агенты Керанскага больш небяспечныя, чым агенты царскай ахранкі. Тыя знішчалі рэвалюцыянераў фізічна. Гэтыя ўпырскваюць атруту згодніцтва з буржуазіяй...

Ровіа. У нас складанае становішча. Фінскі сейм у большасці сваім буржуазны. А савет слабы.

Ленін. Я раіў таварышу Війку і вам цясней звязацца з рэўкомамі рускіх часцей. У Фінляндыі размешчаны самыя рэвалюцыйныя часці. Балтыйскі флот — апора рэвалюцыі.

Ровіа (уздыхае). У фінаў накапілася замнога недаверу да рускіх. Нават у рабочых...

Ленін. Заразную інфекцыю пакідае нам смярдзючы труп старога свету. Але мы, інтэрнацыяналісты, знішчым гэтую інфекцыю. Лозунг, напісаны Марксам, «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» — не проста заклік. Гэта — вялікая праграма. Удалося вам сустрэцца са Смілгам? Арганізуйце мне спатканне з ім. Двое членаў ЦК, адзін нелегальна, па волі Керанскага, другі легальна, знаходзяцца ў Гельсінгфорсе. Ненармальна, што мы не сустракаемся.

Ровіа. Эйно Рах'я перадаў ад таварышаў з Петраграда аб магчымасці вашай сувязі з Жамчужным. Я сустракаўся з Барысам. Энергічны марак.

Ленін (задумваецца). Думаю, нам можна сустрэцца тут, на кватэры. Калі не будуць пярэчыць гаспадары...

Ровіа. Што вы, Уладзімір Ільіч! Блумквісты — дабрэйшыя людзі.

Ленін. Выдатныя людзі. І ведаеце, які адбываецца феномен? Псіхалагічны. Я, на жаль, не ведаю шведскай і фінскай моў. Таварыш Эмілія не ведае рускай, нямецкай, французскай. Але мы выдатна разумеем адно аднаго. У нас большае ўзаемаразуменне, чым у мяне (смяецца) з Зіноўевым ці Троцкім, вялікім лінгвістам. Троцкі лічыць сябе знаўцам усіх навук. Але ў марксізме блукае, што ў лесе. Добра. Рускія газеты вязуць. А што пішуць у фінскіх?

Ровіа (сур'ёзна). У Петраградзе арыштавалі Леніна.

Ленін (спыняецца пасярод пакоя, глядзіць на Ровіа, пэўна, здзіўлены яго хітрай сур'ёзнасцю. Перапытвае з той жа сур'ёзнасцю). Арыштавалі-такі?

Ровіа. Арыштавалі. Паведамленне Петраградскага тэлеграфнага агенцтва.

Ленін. Ах, няшчасны Ленін! Няшчасны Ленін! Мне шкада яго. Як мне шкада яго!

Весела смяецца; так смяяцца мог толькі Ленін. Уваходзіць гаспадыня кватэры Эмілія Блумквіст з падносам, на ім шклянкі з чаем, талерачка з самаробным пячэннем. Такі бадай дзіцячы смех сур'ёзнага кватаранта яе здзіўляе і бянтэжыць.

Эмілія (пытае ў Ровіа). Чаму смяецца Канстанцін Пятровіч?

Ровіа. Арыштавалі Леніна.

Эмілія (ашаломленая). І ён?..

Аднак уміг асяняецца, азораная раптоўнай здагадкай. Глядзіць на кватаранта шырока расплюшчанымі вачамі. Ленін ажно бянтэжыцца ад гэтага позірку. Робіцца сур'ёзным, ідзе па пакоі, хмыкае, звыклым рухам гладзіць бародку, якой няма. Эмілія пераводзіць позірк на Ровіа, закрывае рот далонню. Ровіа прыкладае палец да вуснаў: так, поўнае маўчанне!