Выбрать главу

У акалелага Шабовіча стала гарачай спіна, застукала ў скронях. Як выкрыць шпіка? Сарваць капюшон? Але хто яго ведае? А калі і пазнае, то хто здолее вырвацца адгэтуль, каб папярэдзіць таварышаў? А між тым правакатар павольна ішоў паўз строй здубянелых людзей і пільна ўзіраўся ў ярка асветленыя твары. І раптам спыніўся і тыцкнуў рукой у чорнай пальчатцы ў грудзі арыштаванаму. Тут жа да яго падскочылі двое ў чорных шынялях, схапілі пад рукі і адвялі бліжэй да аўтаматчыкаў, пасадзілі на зямлю. Салдаты ўзялі аўтаматы напагатоў.

Чорная рука тыцкнула ў другога, трэцяга... Потым адразу ў траіх, што стаялі побач.

Іван Ткачук сціснуў Стасеву руку, прашаптаў:

— Двое — нашы.

Безумоўна, не з батальёна,— адзеты ў цывільнае, з падпольнай групы, якой Іван перадае заданні цэнтра. Вось і яго, Шабовіча, знаёмы — урач трэцяй бальніцы Ананыч; Стась не ведаў, што ён падпольшчык. Але арышт гэтага чалавека разануў сэрца страхам. Не за сябе. За Аксану. Рызыкоўную сувязную з партызанскімі атрадамі не маглі не высачыць. І маглі ўзяць. Калі яна яшчэ не ўзята — папярэдзіць! Але якім чынам? Ці адпусцяць тых, каго не апазналі? Ці адпусцяць Чурсіка? Каб адпусцілі, папрасіць яго перадаць Аксане, дзе ён, і сказаць ёй, напрыклад: «Схадзі да дзядзькі і дзеда». Зразумее: «Ідзі да Дзядзюлі».

Правакатар набліжаўся.

Аднаго з арыштаваных следчы ўдарыў па твары, і таго адвялі ўбок, але не да тых, каго садзілі перад аўтаматчыкамі, паставілі асобна.

Іван зноў сціснуў Стасеву руку, але так — як развітваюцца. Шабовіч не хацеў развітвацца не толькі з таварышам па барацьбе, але і з гэтай злавеснай маскай.

А «капюшон» падышоў і спачатку як бы мінуў іх — Івана і Стася. Але да Чурсіка ступіў следчы і з ходу, з размахам, «адвесіў ляшча», у паліцая ажно матлянулася галава, і ён стукнуўся патыліцай аб сцяну. Турэмшчыкі падхапілі яго пад рукі і адвялі да таго, першага, але, здалося Шабовічу, зрабілі не так груба, як адводзілі тых, што апынуліся пад дуламі аўтаматаў. Аднак не да Чурсіка было. Правакатар ступіў назад і ўгледзеўся спачатку ў Ткачука, потым у яго, Шабовіча. Пільна ўгледзеўся, зацянёныя вочы свяціліся з глыбіні капюшона, як у ката.

Рукой не тыцкнуў ні ў аднаго з іх, ніякага руху, здаецца, не зрабіў, ніякага знаку не падаў, толькі пастаяў даўжэй, чым перад іншымі, даўжэй, чым нават перад тымі, у каго тыцкаў сціснутым кулаком.

Але калі таемны агент адступіў, месца яго заняў афіцэр СД. Ён таксама ўгледзеўся ў іх, як бы запамінаючы твары, і ў вачах яго — ці, можа, Шабовічу здалося? — бліснула радасна азартная ўсмешка, як у паляўнічага, які ўбачыў дзіка.

Калі і эсэсавец пайшоў далей, Іван прашаптаў:

— Я пазнаў яго. У яго няма на правай руцэ вялікага пальца. Заўважыў?

Шабовіч скалануўся. Месяцы тры назад, улетку, у лесе пад Ждановічамі, групе падпольшчыкаў інтэлігентна апрануты чалавек расказваў аб афармленні дакументаў, аб памылках, праліках у гэтай рабоце, аб метадах выкрыцця гэтых памылак акупацыйнымі органамі. Расказваў з веданнем справы, цікава. Аднак сама ідэя сабраць разам пятнаццаць чалавек, многія з якіх не былі знаёмыя, Шабовічу не спадабалася, і ён не ўзяў на пікнік Аксану, нягледзячы на рэкамендацыю Стануліна. Яны былі з Іванам, і той першы заўважыў, што ў інструктара няма пальца. Драбяза. Ці мала ў вайну людзей без пальцаў? Але ім з Іванам гэта чамусьці не спадабалася. Сказалі камандзіру. Той назваў іх спалоханымі варонамі, якія баяцца куста. І вельмі хваліў Клюшава. Вучоны, юрыст, крыміналіст, спецыяліст па падробках, служачы пашпартнага аддзела. Знаходка. Найважнейшыя дакументы ідуць ад яго ці праз яго.

Вось табе і знаходка!

— Помніш? — прашаптаў Іван.

— Помню.

— Вучоны!

Абодва яны думалі пра адно і тое: такі крыміналіст не мог не пазнаць іх. Але чаму прайшоў міма? Магчыма, арыштавалі яго і гвалтам прымушаюць пазнаваць тых, каму ён падрабляў дакументы. Але калі гвалтам, калі на волю яго не выпусцяць, то навошта такі маскарад? Арыштаванага вадзілі б з адкрытым тварам. А вось правакатара, які ўдзень зноў пойдзе ў пашпартны аддзел і даверлівыя зноў паляцяць да яго, што матылі на агонь,— такога варта скрываць.

Як папярэдзіць сваіх? Як папярэдзіць?

Група з тых, у каго «капюшон» тыцкнуў кулаком з пустым пальцам пальчаткі і каго садзілі перад аўтаматчыкамі (чаму садзілі на зямлю?), расла, набралася дзесяткі два.

Шабовіч разумеў — гэта смяротнікі, Іванава і яго месца сярод іх, аднак не парадаваўся, што пранесла, не верыў, што лёс злітаваўся з іх. Няпэўнасць трывожыла больш, чым яўная небяспека. Што зробяць з тымі, хто застаўся ў страі? Зналі яны выпадкі, калі людзі вызваляліся з турмы, нават некаторым падпольшчыкам удалося. Але каб фашысты вызвалілі добрую сотню людзей, пераважна маладых мужчын,— такога не было. І не будзе. Пасля вераснёўскай аблавы ўсе тыя, каго не расстралялі, апынуліся ў Германіі, на катарзе; пра  гэта ў падполлі дакладна ведалі. Шабовічу страшэнна не хацелася апынуцца там. Баяўся не пакут, пужала магчымасць апынуцца ў такіх умовах, дзе ніякага змагання весці нельга будзе.