Выбрать главу

— Я фельчар бальніцы. Бываю ў многіх кватэрах. Але пры чым тут хворыя? Не разумею.

— І ты не разумееш? Ха! Што ж, праветрымся.

— Выходзь!

У калідоры вартавыя наставілі на арыштаваных аўтаматы. Іх пасадзілі ў пакалечаную зісаўскую палутарку, адзінаццаці чалавекам у кузаве было цесна сядзець. Ззаду за грузавічком ішоў чорны закрыты фургон, такі, у якім іх везлі сюды.

Рабілася нешта загадкавае, незразумелае, ніколі яны, падпольшчыкі, не толькі не прагаворвалі паміж сабой падобныя дзеянні СД, паліцыі, але ніхто, напэўна, і не падумаў, што можа здарыцца такое. Навошта ажно восем незакутых чалавек вязуць на глухія начныя вуліцы, дзе адзін здраднік пакажа явачныя кватэры? І ахова невялікая — тры аўтаматчыкі. Праўда, невядома, колькі варты ў фургоне.

Нібыта прыйшло тлумачэнне незразумелым паводзінам СД, калі на Камароўцы фургон загруз. Дзіўна, слабенькі «зісік» прайшоў, а хвалёная нямецкая машына села. Залішне цяжкая, бранявая, ці што? Ці трэба было, каб яна села?

Яны піхалі яе. Ахвотна, каб сагрэцца, бо на скорасці вецер пранізваў да касцей, ад холаду зноў застывала не толькі цела, але і мозг, душа.

Работа ажывіла. У кузаве яны ціснуліся адзін да аднаго, але адчужана маўчалі. А тут як бы раптам зблізіліся — загаманілі, піхалі машыну і штурхалі адзін аднаго — каб пагрэцца. Нехта нават «ціснуў» смехам. І ў Стася бліснула думка: калі яшчэ раз загрузне — уцякаць. Вартавыя, хоць і не памагаюць піхаць машыну, але ўвага іх аслаблена. А двары — вось яны, за тры крокі, і платы такія, што можна пераскочыць.

Калі лезлі ў кузаў, ускочыў першы, падаў Івану руку, прыняў яго ў абдымкі, як дзяўчыну, сказаў, не тоячыся:

— Рабі, як я.

Іван зразумеў і пацвердзіў гэта поціскам рукі.

Здраднік дрэнна ведаў камароўскія вуліцы, блукаў. Завёў у завулак-тупік, з якога ледзь выбраліся заднім ходам. Зноў піхалі машыны, абедзве. Але месца для ўцёкаў не лепшае — платы новыя, высокія. Не пераскочыш. Нэпаўскія платы. Ён, Шабовіч, яшчэ да вайны заўважыў на Камароўцы, на Старажоўцы гэтую асаблівасць: вуліцы тут, як вёскі, ёсць бедныя, струхлелыя, а ёсць багатыя, падноўленыя.

Урэшце здраднік знайшоў дом, у які «вадзіў іх Анціпка». Прозвішча знаёмае, але дзе чуў яго — Стась успомніць не мог. Брыгадзір? Які брыгадзір? У некаторых падпольных групах кіраўніка для канспірацыі таксама называлі брыгадзірам. Але насцярожыла іншае, калі ўгледзеўся: прыгадаў, што ён таксама некалі наведваўся ў гэты ладны дом, да вайны, тут жыў урач іх бальніцы Фрайман. Але ўрач з сям'ёй эвакуіраваўся з Мінска на трэці дзень вайны, бальнічны конюх Атрох падвозіў яго і яшчэ дзве сям'і з дзецьмі малымі ажно да Чэрвеня.

Хто ж заняў гэты пакінуты дом? Вельмі можа быць, што Фрэйман перадаў яго на захаванне некаму са сваіх калег — урачоў ці сясцёр, нямала іх жыло на прыватных кватэрах. Можа, толькі ў вайну Стась адчуў, як нечакана і загадкава пераплятаюцца лёсы людзей. Вельмі можа быць, што тут жыве яго аднакурсніца Марына Яська, яна, здаецца, казала, што перабралася на новую кватэру. Калі гэта было? Падпольная дзейнасць адцягнула яго ўвагу ад побыту саслужыўцаў, ды і ўвогуле вайна ўскладніла ўспрыняцце часу і падзей: з памяці знікае тое, што непатрэбна для дзейнасці.

У дом пайшлі здраднік, афіцэр, чатыры аўтаматчыкі. Усё-такі іх многа ў фургоне. Было. Наўрад ці засталося яшчэ столькі. Адзін-два, не больш. А тут трое, усяго трое. Двух можна выбіць — яны стаяць блізка, каля бакавых бартоў.

Тузануў Івана за крысо шыняля: «Рабі, як я!» І што ёсць сілы піхнуў у грудзі канваіра з правага борта. Той мяшком чмякнуўся за борт, у гразь. Шабовіч скочыў на яго, ударыў ботамі ў цвёрдае, не ўбачыў, не адчуў у што — ці ў галаву, ці ў грудзі, ці ніжэй. Немец зароў. Стась прытаіўся пад кузавам, побач з канваірам, які стагнаў і драпаў рукою кола. Дзіўна, чаму не страляюць? Разгубіліся? Куды кінуцца? Наперад па ходу машыны? Але шафёр, напэўна, уключыць фары, і тады ён стане мішэнню і для таго аўтаматчыка, што застаўся ў кузаве, і для тых, якія, вельмі можа быць, стаіліся ў фургоне. Перапоўз пад машынай на другі бок, куды павінен быў скочыць Іван? Ці скочыў? Нарэшце паласнула аўтаматнай чаргой з кузава, але туды, у той бок, трушчыла паркан, праз які ён намерваўся пераскочыць. Разумна ён перапоўз. У гэты бок не страляюць. Кулі могуць пацэліць у дом, куды пайшоў афіцэр з аўтаматчыкамі. Але ж дом гэты і для яго лепшы ратунак, калі ён паспее ўскочыць у двор раней, чым тыя выскачаць на стрэлы.

Паспеў. Ускочыў у весніцы. Вільнуў убок і ўпёрся рукамі ў дровы. Паветка з дровамі! Прысеў там у той міг, калі шыбы задрыжэлі ад грукату дзвярэй — немцы стрымгалоў выляталі з дома, у калідорах грымелі вёдры, гырготна трашчала лаянка.