— Брак. Сучок.
Узяў палавінкі з рук Золатава, адчыніў дзверку буржуйкі і кінуў асінавыя «чарапкі» ў жаркае полымя. Папляваў на апечаныя пальцы. Ігар як бы раптам успомніў, што яму трэба рабіць. Пачаў грэць над печкай рукі, весела паціраючы іх, быццам пачуў штось вельмі прыемнае.
— Што перадае Масква? — спытаў камандзір.
— Нічога не перадавала Масква,— роўна і спакойна адказаў Золатаў.
— Мы не слухалі Саўінфармбюро,— вытлумачыў Ігар словы начальніка асобага аддзела. Даўгахвалевы прыёмнік не слухалі ўжо тыдні тры — захоўвалі батарэі для рацыі. Але кожны раз у час сеанса сувязі прынімалі адкрытым тэкстам кароткі пераказ зводкі з франтоў — выпрошваў ён, камісар. Золатаў чытаў шыфроўкі камандаванню атрада. Разы два-тры сказаў: «Тут я прапускаю, гэта — спецыяльна для мяне». І менавіта тым, што не прачытаў, заваяваў поўны давер начальніка штаба.
Ман усумніўся ледзьве не з першага разу, па адной, здавалася б, маленькай дэталі, хутка праверыў праз радыста групы, што чытае Золатаў не ўсё ці хутчэй не тое, што перадае Масква, нават тады, калі ўстанавілі сувязь з Беларускім партызанскім штабам: радыёграмы адтуль адрасоўваліся камандзіру атрада. Спачатку Аляксей Іванавіч абурыўся, але, верны свайму характару і лініі паводзін, абурэння не выказаў, а пасля, атрымоўваючы ад радыста поўны тэкст шыфровак, трохі забаўляўся: паглядзім, хто з нас лепшы разведчык.
На гэты раз Золатаў нават не перадаў змест сваіх перагавораў з Масквой. Напэўна, добрую праборку атрымаў ад начальства.
Ман пасміхнуўся, але тут жа тузануў сябе: не ўніжайся да злараднасці.
Складаныя былі іх адносіны. Праўда, спакойны і цвярозы былы дырэктар спіртзавода не лічыў іх складанымі. Ускладняў іх для сябе аператыўны работнік. Ды з баязлівай насцярогай сачыў за іх адносінамі Брагінскі.
Золатаў з'явіўся ў атрадзе тры месяцы назад, у канцы жніўня. «Зваліўся з неба на нашу галаву»,— змрочна пажартаваў Кіпень Аляксею Іванавічу пасля адной непрыемнай размовы.
Групу НКУС, сем чалавек, выкінулі на парашутах. Мяркуючы па тым, на які атрад група павінна была выйсці, пілот спусціў іх не там, дзе трэба. Пра гэта сведчыла і трохвёрстка ў планшэце камандзіра групы. Пакуль энкавэдысты блукалі па Лагойшчыне, ніхто карту не прачытаў — абмежаваны раён. Прачытаў толькі Ман: Чэрвеньскія лясы. Ды і задача ў Золатава была — не ў атрад ісці (атрад на выпадак незвычайных абставін), а пранікнуць у Мінск, каб весці разведку, рабіць дыверсіі. Канешне, пайсці туды ўсёй групай Золатаў не рызыкнуў галоўным чынам з-за рацыі. І пайсці нельга, і пакінуць радыста аднаго ў лесе баяўся. Маёр, мінчанін, добра ведаў горад, але не ведаў яго наваколле, і — што асабліва дзіўна — сам ён і групы слаба ведалі акупацыйны рэжым — размяшчэнне пастоў, прапускную сістэму, хутка пераканаліся, што дакументы, якія ў Маскве здаваліся бездакорнымі, па сутнасці ліпавыя, першы паставы выкрые іх фальшывасць. Гэта была агульная бяда. Групы НКУС, значная частка іх, інструктаваліся так (не адкрытым тэкстам, у падтэксце), што галоўная сіла ў тыле ворага павінна быць не ў Панамарэнка, а ў Берыі, і яны не павінны аддаваць і крупінкі славы мясцовым партызанам, ім належыць дзейнічаць самастойна, а партызан браць пад свой кантроль, каб не забываліся, што існуюць органы дзяржбяспекі.
Так пачаў дзейнічаць Золатаў, напачатку залішне ўпэўнена. Паслаў у Мінск разведчыка. Той не вярнуўся, тыдзень чакалі. Толькі пасля гэтага ўстанавілі сувязь з сялянамі, пачалі звяраць свае тэарэтычныя веды з рэальнай абстаноўкай. Зверка дала сумныя вынікі. Настрой упаў да нулявой адзнакі. Другі разведчык, мінчанін, напрасіўся сам пайсці ў горад і таксама не вярнуўся. Гэта нагнала амаль паніку на адважнага маёра, ён упэўніў сябе, што калі не абодва, то другі разведчык здрадзіў свядома. Золатаў пачаў падазрона адносіцца амаль да кожнага са сваіх людзей. Каго яму падабралі? Усе беларусы, ва ўсіх тут, у акупацыі, сваякі. Пачаў адступаць ад Мінска. Адыходзіў на паўночны ўсход, можа, інстынктыўна бліжэй да фронту, хоць добра разумеў, што, не выканаўшы заданне, выходзіць не мае права, нават адзін, палажыўшы ўсю групу, бо доказаў сваёй карыснай дзейнасці не прынясе, а без гэтага яму не даруюць. І так лічыў, што генерал мае на яго зуб, таму і паслаў сюды, дзе ён актыўна працаваў у гады «вялікай чысткі», хоць і дурню бачна, што для дыверсійнай работы ў горадзе ён падыходзіць менш, чым хто.
Групе пашанцавала ўрэшце: зусім выпадкова яны сустрэліся з манаўскім атрадам. А ў атрадзе ў сваю чаргу ўзрадаваліся: вопытныя людзі, амаль усе, акрамя радыста, камандзіры, сярэднія ці малодшыя, а галоўнае — рацыя, пра якую марылі даўно і ўпотай лаялі падпольны райком, які дзяліў такія «пасылкі» з Вялікай зямлі паміж атрадамі; іх абыходзілі, ільвіная доля заставалася штабу брыгады, а з асобных атрадаў — Дзядзюлю.