Выбрать главу

Калi я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго, як сябра свайго дзяцiнства. Заходжу ў пакой i бачу, што сядзiць ён самотны, задумлiвы, бледны, вопратка i валасы збэрсаныя.

- Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваiх мрояў, i доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

- А! Даўно чакаю! - прамовiў ён, пацiснуў мне руку i пасадзiў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям i сядзеў як нямы.

- А ўжо колькi гадоў прайшло, - перапынiў я маўчанне, - як развiталiся мы з маладымi нашымi прыяцелямi i настаўнiкамi. Шчаслiвыя былi часiны! Цi ўспамiнаеш цяпер тыя даўнiя забавы, размовы, майскiя праходкi, прыемныя мары i жарты, у якiх ты заўсёды вёў рэй?

- Мае мары i жарты знiклi назаўсёды. Цяпер у мяне iншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабiцца шчаслiвы, калi б ператварыўся ў камень, калi б засыпаў яго пясок i нiчога не чуў i не бачыў, што дзеецца на свеце.

- Як ты перамянiўся! - здзiвiўся я. - Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?

- Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухi. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэннi залятаюць i вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чынiцца, як жывём, пра што гаворым, дзе i як молiмся. А бачыш слёзы на маiх вачах? Iх ты раней нiколi не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якiя гэтыя мухi страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым цiхiм маiм пакоi, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на iх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзiўных монстраў, гэтыя iх страшныя крылы здаюцца фракамi на нязграбных людзях, а твары iх рознай формы: адны круглыя, шырокiя, з крывавымi плямамi, другiя сухiя, з востраю бародкаю i доўгiмi валасамi. I ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзеклiва, другiя пагрозлiва.

- Вялiкая рознiца, - сказаў я, - у тваiх мроях. Раней цябе захапляла паэзiя грэкаў i шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазiя нейкая журботная.

- Але слухай, яшчэ табе штосьцi скажу, - прамовiў ён, - пра гэтых нягодных мух. Я любiў чытаць паэтаў, любiў некалi i пiсаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуццi, якiя былi ў мяне да свае сям'i i да Адэлi, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькi, з якiх магла б зразумець маю сапраўдную прыхiльнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але i там мухi, якiя, не маючы што рабiць, лёталi ўсюды, здзекавалiся з маiх пачуццяў, звiнелi датуль над вухам Адэлi, пакуль яна зусiм не забыла пра мяне i мае вершы. Ды яны i цяпер не даюць мне спакою, i цяпер, калi што-небудзь напiшу, усё абсмяюць i запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухi.

- Гэтыя мухi, на якiх ты так скардзiшся, былi i будуць...

Тут ён перапынiў мяне, схапiў за руку:

- Цi бычыў ты калi саранчу?

- Саранчы ў нашым краi няма, - адказваю. - Яна на ўсходзе. Нападае там на лугi i засеяныя палеткi.

- Не бачыў ты, - кажа, - гэтую вялiкую тоўстую жамяру. А на ёй iероглiфы. Хто ўмее, той выразна прачытае такiя словы: "Кара Божая". А цi ж кара Божая толькi там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлi ў поле, я табе пакажу саранчу.

Ён вывеў мяне на бераг iмклiвае рэчкi, дзе ўспененыя хвалi шумелi мiж камянёў: мiнуўшы лугi, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелi на высокiм беразе ў засенi алешыны. Севярын задумлiва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелi дрэвы; ён ачнуўся ад сваiх думак i сказаў мне:

- Я часта наведваю гэтыя мясцiны, люблю адзiн сядзець тут i прыгадваць мiнулае. Успамiнаю ўсе размовы, якiя меў некалi з Адэляю, хоць яна зусiм пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалi.

Раптам паказаў рукою на ваду

- Глядзi, глядзi! Вось ляцiць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае i ўсё жарэ ў паветры i на зямлi. Яшчэ што скажу: нiколi яна не гiне, як шатан, з'яўляецца ў розных аблiччах. Калi пажоўкнуць трава i лiстота на дрэвах, павее халодны восеньскi вецер, яна падае на ваду, скiдае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла i там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна - у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, i каго напаткае - знiшчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю i вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Цi не яна заразiла чалавечыя сэрцы, што людзi прыгнятаюць адзiн аднаго.

- Нейкая чорная меланхолiя, - сказаў я, - зацьмiла твае думкi, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслiвы, з такiмi думкамi нiколi не прычакаеш спакою.

- Вось i не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнiчаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзiкiм лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават i не ўспомню, бо памiж намi будзе вечнасць. Вечнасць!..

- I родны край забудзеш?

- О, не! - адказаў ён. - Калi не вярнуся на Бацькаўшчыну i памру недзе самотны на вяршынi гары ў чужым краi, крукi занясуць туды мае косцi; усё ж лепей быць пасля смерцi з птушкамi, а не з чарвякамi.

Я быў там цэлы дзень; блукалi з iм па гарах i лясах, i ён несцiхаючы гаварыў пра свае мроi. Затрымаў мяне i на ноч. I ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялi. А ўначы ён часта ўсхоплiваўся з ложка, уставаў i хадзiў па пакоi, дык i я спаў не шмат, бо кожную гадзiну мой сон перапыняўся.

Наступнага дня, калi мы прачнулiся, сонца было ўжо высока. Ён прывiтаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маiх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, цi часта я быў дома пасля таго, як мы развiталiся пасля школы, якiя я наведаў краiны i як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калi я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён мiла ўпрошваў мяне застацца на абед. I я не мог адмовiць яго шчырай просьбе.

Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага вiна, якое меў з даўняга часу.

- Давай вып'ем, - сказаў ён. - Гэта апошняе развiтанне, убачымся ўжо хiба што на тым свеце.

Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне i развiтаўся са слязьмi.

I сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакiнуў той дамок, дзе некалi жылi ягоныя бацькi, выехаў назаўсёды, i цяпер нiхто не ведае, дзе ён. Цi жыве яшчэ, цi, можа, памёр ужо ў чужым краi i мiж чужога народа.

ПРЫВIДЫ

Пан Зямельскi загаварыў да мяне:

- Вось так i мой даўнi сябар пакiнуў Бацькаўшчыну, i васемнаццаць гадоў не ведалi мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край i лепшыя людзi. Бог яго ведае, нашы бацькi жылi i тут спакойна, нам жа наканавана iншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзiўся. Можа, дасць Бог, i косцi мае тут спачнуць.

- Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калi б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамiнаў бы ўсю гiсторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроi прымушалi мяне туляцца па ўсiм свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалi буду цешыцца ўспамiнамi мiнулых маiх спраў i спакойна памру сярод сваiх землякоў. Але Бог наканаваў iнакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлi, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу...

Калi сказаў так, слёзы палiлiся з вачэй старога Ротмiстра. Гэта засмуцiла мне сэрца i думкi.

- Бог вялiкi i ўсемагутны, - сказаў я, - i на яго трэба спадзявацца.

Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмiстар, выцiраючы хусцiнкай слёзы нарэшце абазваўся:

- Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.

I тут перад нашымi вачыма з'явiўся дзiўны прывiд. Стаiць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелi, а яна вокамгненна знiкла. Глухое маўчанне. Глядзiм адзiн на аднаго, не адважваючыся вымавiць слова.

Так мы сядзiм нейкi час. Нечакана адчыняюцца дзверы i заходзiць у наш пакой гаспадыня.

- Што такое? - дзiвiцца яна. - Цэлую ноч гамонiце, не чуеце, што ўжо другiя пеўнi праспявалi, мусiць, хутка пачне днець.

- Пан Ротмiстар, - сказаў Зямельскi, - так захапiў нас сваiмi апавяданнямi, што мы зусiм забылi пра сон, а да таго ж, толькi што ўсе мы тут бачылi дзiўны прывiд: нейкую кабету з кветкамi на галаве, i Дзядок такi ж, як наш, быў у яе ў руках.

- У сне i я бачыла цуды, пра якiя нiколi не думала наяве. Снiлася мне нейкая прыгожая ранiца, было так цiха, што валасы i не варухнулiся на галаве, на небе нi хмурынкi, узыходзiла сонца, i было яно не сляпучае, але разлiвала вакол святло, нiбы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкi, нiбы чакаючы кагосьцi, паглядалi на ўсход. Тут з вышынi зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, i зазвiнела па ўсёй зямлi, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкi пранiклi ў чалавечыя сэрцы. Укленчылi ўсе, i я старанна малiлася. Да мяне падышоў стары, зусiм падобны да нашага Драўлянага Дзядка, i кажа: "Малiся!"