Выбрать главу

Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полi, бачыла на небе рэдкiя аблокi, i яны былi белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго i бачу, што на iм штосьцi напiсана, але што - прачытаць не магу. Зноў падыходзiць да мяне той самы Дзядок i кажа:

- Я табе прачытаю, слухай i запамiнай. Тут напiсана: "Бог справядлiвых уславiць перад светам".

Тут я прачнулася i больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамонiце, i прыйшла расказаць сон.

Сказаўшы гэта, яна выйшла.

Ротмiстар уздыхнуў i сказаў:

- Вялiкая мiласэрнасць Божая! - i, ходзячы па пакоi, пачаў гаварыць пацеры.

Закончылася размова. Пасцелi падрыхтавалi нам у гэтым самым пакоi.

- Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, - сказаў гаспадар. - Свецiць дзяннiца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.

Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.

РАЗВIТАННЕ

Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчылiну ў аканiцы, асвятляў пакой. Ротмiстар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне i сказаў:

- Хутка поўдзень. Спалi мы добра, бо i я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому. - Ён выйшаў, паклiкаў лёкая, загадаў адчынiць вокны, i я як хутчэй пачаў прыбiрацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне нi разу так позна ўставаць.

У хаце было цiха. Лёкай паведамiў, што пан i панi з работнiкамi ў полi i дзяцей забралi з сабою, каб тут незнарок не перапынiлi наш сон.

Мы пайшлi з Ротмiстрам у поле, а адтуль з гаспадаром i ўсёй яго сям'ёю вярнулiся дахаты.

Пасля снедання пан Ротмiстар развiтаўся з гаспадаром i гаспадыняю i, пацiскаючы мне руку, прамовiў:

- Жыву я далёка ад тваiх родных мясцiн. Дык хоць успамiнай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны i прывiды. Можа, ужо i не сустрэнемся, бо мне недалёка да магiлы.

Пан Зямельскi з жонкаю i дзецьмi i я правялi Ротмiстра аж да мяжы з суседзямi.

Гаспадыня з дзецьмi вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлi аглядаць гаi i засеяныя палеткi. На праходцы пан Зямельскi шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа i як уводзiць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якiя не вельмi ўдалiся ягоным суседзям.

- Гаспадарка, - сказаў ён мне, - вымагае не прыдумак розных, а досведу i руплiвасцi; хто працуе, таму i Бог дапамагае. Шмат у нас ходзiць праектаў, як разводзiць жывёлу i палепшыць зямлю. Нашы продкi жылi на гэтай зямлi спакойна i заможна. Гаспадару, якi славiць Бога, усяго хапае. Няхай у яго i спытаюць, якiм чынам палепшыць зямлю i як развесцi жывёлу.

Калi мы iшлi па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскi пляснуў рукамi - i з нiвы, нiбы хмара, паднялася вялiкая чарада дзiкiх качак.

- Ад iх, - сказаў ён, - адна шкода. Азёраў i рэчак шмат, i столькi гэтых качак развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нiвы, што блiзка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзiкiх птушак i драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькi начэй знiшчыў усё, пакiнуў толькi здратаваную салому. Гэты звер не толькi нападае на жывёлу i пчол, але i нiвы пустошыць. У мяне добрыя сабакi. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў i мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпiльнаваць ад шкоды.

Так мы, iдучы, размаўлялi. Павеяў вецер, i далёка за лесам абазваўся гром. Глянулi мы ўгору: велiзарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як вужака, прабегла колькi разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалi туды, дзе работнiкi зграбалi сена. Ледзь паспелi скончыць i вярнулiся ўсе дахаты, як сонца схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзiўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусi, выцягваючы шыi i махаючы крыламi, нiбы ветразямi, з крыкам уцякалi з поля.

Раптоўны дождж з градам сек у вокны. Ускiнулi на вуголле свянцоныя зёлкi, i ўся сям'я, укленчыўшы, прасiла Бога быць мiласэрным. Шум дрэў i залевы, стрэлы грому наганялi страх. Але хутка моцны вецер разагнаў хмары. Скончылася навальнiца, блакiтнае неба i сонца паказалiся з-за аблокаў.

Гаспадар выйшаў у поле i хутка вярнуўся вясёлы.

- Дзякуй Богу, навальнiца не нарабiла шкоды. Дробны дожджык iдзе, няхай, работнiкi адпачнуць у хаце.

Дзень хiлiўся да вечара. Я расказваў сваiм землякам аб прыгодах, што здаралiся ў маiм жыццi, як пакiнуў Беларусь. Усе з цiкавасцю слухалi пра дзiвосы паўночнай сталiцы, пра тэатры, канцэрты, пра норавы жыхароў. Але найбольш iх займалi небяспечныя марскiя падарожжы, буры, малюнкi гор i берагоў чужых краiн.

- Я нiколi не меў нi ахвоты, нi цiкавасцi наведаць чужыя краiны, - сказаў гаспадар. - Заўсёды мяне захаплялi тыя памятныя вершы, якiя некалi ў Полацку ў езуiцкiм тэатры спяваў хлопец, iграючы на гуслях:

Шчаслiвы, хто ад спрэчак далёкi,

Як i ў тыя, мiнулыя рокi,

Не сядзiць, а старанна працуе,

Дык яму ва ўсiм вечна шанцуе.

- Сапраўды, шчаслiвы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваiх. Анэля, вазьмi гiтару i заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пiсалi мы вершы.

Анэля настроiла гiтару i заспявала, як вясновая птушка, мiлагучным i прыемным голасам:

Славяцца дрэвы красою

Ў пушчы у нашай i ў гаi.

Там салавейка вясною

Цэлую ночку спявае.

Ў лузе на пашы багатай

Статкi жывёлы пасуцца.

Грэчкi ў нас нiва за хатай

З мёдам там пчолкi снуюцца.

Як гаспадар на палетку

З неразагнутай спiною,

Бог тут дарадца i сведка

Жыта сцяною.

Нетры лясоў бласлаўляе

Наш паляўнiчы руплiвы.

Рыба ў азёрах гуляе,

I рыбалоў тут шчаслiвы.

Пасля гэтае песенькi шмат яшчэ пан Зямельскi расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса i iншых дарункаў зямлi. Гаспадыня хвалiла пароду жывёлы, а менавiта авечак, якiя мелi доўгую i мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака i свойскiх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы i тонкi, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну нiву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, i яна штогод прадае частку яго ў горадзе i за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль i ядваб.

Некалькi дзён бавiў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлiвасць i шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям'i. Я быў невыказна шчаслiвы. Час той прамiнуў як найпрыемнейшы сон.

Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развiтаўся з усiмi са слязьмi на вачах, а памяць пра iх назаўсёды засталася ў маёй душы.[13

Каментары

Першая частка (раздзелы "Што здарылася з Драўляным Дзядком" i "Кабета Iнсекта") гэтае аповесцi Я.Баршчэўскага была надрукавана ў пятым томiку альманаха "Niezabudka" на 1844 г. яшчэ да з'яўлення "Шляхцiца Завальнi". Другая частка - у восьмым томiку альманаха Казiмiра Буйнiцкага "Rubon" на 1847 г. ужо пасля выхаду "Шляхцiца Завальнi".

1. Klauber svulpsit - Клаўбер напiсаў па замове (цi Клаўбер пiсаў па жаданню) ад лац. абрэвiятуры s(i) vul(tis) (scri)psit (цi s(i) vul(t) (scri)psit).

2. Лаёла Iгнат (1491-1556) - дробны iспанскi шляхцiц, што заснаваў ордэн езуiтаў. Выбраны ў 1541 г. пажыццёва генералам ордэна, якi быў апiрышчам Контррэфармацыi.

3. Баболя Андрэй (1591-1657) - манах ордэна езуiтаў. Вызначыўся сваёй рэлiгiйнаю дзейнасцю ў Бабруйску i Пiнску. Падчас вайны ў 1657 г. быў замардаваны казакамi.

4. Ксаверый Францiшак (пам. у 1552) - пакутнiк i святы каталiцкае царквы, адзiн з першых мiсiянераў езуiцкага ордэна ў Азii.

5. У другой частцы аповесцi замест крыптанiма З... пададзена поўнае прозвiшча гаспадара - пан Зямельскi.

6. У 1820 г. царскiя ўлады забаранiлi дзейнасць езуiтаў у Расеi.