Даведаўшыся пра гэта, прафесура і ксёндз-прэфект колькі разоў неспадзявана прыходзілі да яго ў пакой, рабілі заўвагі, забіралі кніжкі, на яго вачах кідалі іх у агонь, а самому прызначалі кару. Але праз гэта ён адно зрабіўся асцярожны, добра хаваў забароненыя кніжкі і пасля прачытання нікому нічога не расказваў.
Калі ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты і здзівіць свет сваёй адукаванасцю; развітаўшыся з настаўнікамі, ён з прыяцелямі пайшоў да Драўлянага Дзядка.
— Скажы, галава мудрага Сакрата, — пытаецца, — ці шмат філасофскіх твораў я ўжо прачытаў?
— Шмат, шмат, — адказаў Дзядок, — а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы жыцця будзеш найдурнейшы і памрэш дурнем.
Усе, хто там быў, засмяяліся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.
— Лухту вярзе пустая драўляная галава, — сказаў ён і пайшоў.
Пасяліўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бібліятэку. Купляў філасофскія творы на розных мовах без разбору. Моладзі, якая часта збіралася ў яго, каб паслухаць пра высокія матэрыі, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў таямніцы прыроды, якіх сам не разумеў, і быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны філосаф.
Ён знайшоў сабе яшчэ асістэнта, нейкага чужаземца (таксама філосафа), добра яму плаціў і стварыў усялякія выгоды. А той, хвалячы яго, называў геніем у філасофіі і, карыстаючыся з яго лёгкавернасці, дадаваў да свае дурное філасофіі яшчэ і блюзнерствы.
Хутка малады філосаф заганарыўся, лічыў сябе за выдатную асобу, пазіраў на ўсіх людзей, як глядзяць з горнае вяршыні на мурашак.
Аднойчы ў нядзелю, пасміхаючыся, Філосаф запытаўся ў свайго таварыша:
— А ці паедзем мы сёння ў касцёл?
— Што там рабіць у касцёле, хіба, можа, табе трэба з кімсьці пабачыцца?
— Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў і запрасіць іх да сябе.
— То добра. На гэта шмат часу не трэба.
Прыехалі на імшу. Святыня поўная вернікаў. Філосаф выскачыў з карэты, заходзіць у касцёл, і калі стаў пасярод натоўпу — дзіва нечуванае! — дзе ягоныя шырокія плечы і высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такі маленькі, як драўляная дзіцячая лялька. Хто стаяў блізка — пазналі яго і пазіралі адны са страхам, другія — з насмешкаю. І ўсе прэч адступаліся ад яго. Ён жа, сам перапалоханы, не памятаючы, што з ім дзеецца, хуценька ўцёк са святыні Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзіўны выпадак. Сябар смяяўся да слёз і даводзіў, што ўсё гэта ад таго, што нервы разгуляліся, ці ад нейкае іншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Філосаф больш у святыню не заходзіў і вярнуўся дахаты ўстурбаваны.
Па ўсім Полацкім павеце простыя людзі, апавядаючы пра гэта адзін аднаму, казалі, што Філосаф цяжка правініўся перад Панам Богам.
Праз некалькі дзён запрошаныя суседзі сабраліся ў Філосафа. Сярод гэтых гасцей была моладзь, якая вельмі ўпадабала гаспадаровы разважанні; кожнае слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменні было найвышэйшай мудрасцю. Госці дзівіліся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькі Філосаф ні расказваў, мудрыя яго заўвагі захаплялі ўсіх. І гаспадар быў трыумфатарам, бо мог і растлумачыць любую таямніцу.
Быў пагодны дзень, неба яснае, усе госці выйшлі ў поле на шпацыр, і гаспадар з імі. Паветра чыстае, вока цешылася маляніўчым наваколлем, на пагорках пасвіліся шматлікія чароды, на спакойным возеры плавалі качкі і белыя гусі, у гаях адзываліся птушыныя спевы, на лугах і жоўтых ад квецені ліпах гулі, снуючы сюды-туды, працавітыя пчолы; ясны дзень і пекныя краявіды захаплялі ўсіх. Філосаф разважаў пра размаітыя з'явы жыцця. Урэшце — пра чалавека, што ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбіўшыся ў даследаванні, разумее ўсе цуды, бачыць усе таямніцы. Добрыя ўчынкі ён называў анёламі, а грэх — нячыстым духам ці шатанам.
У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмілася ў вачах, і зніклі ўсе малюнкі прыроды. Філосаф зрывае капялюш, і госці бачаць перад сабою жудаснае відовішча: не было ў яго галавы, толькі над шырокімі плячамі вісеў на тонкай шыі нейкі шарык накшталт макавае галоўкі. Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзіва перапалохала гасцей, усім мову пазаймала.
Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Філосаф, круцячыся на адным месцы, нейкім пісклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырываліся з грудзей яго ўздыхі, а калі падняў рукі ў неба, імгненна ўбачылі над яго плячыма звычайную чалавечую галаву.
Госці паглядалі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго сябар-асістэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзіва здарылася ад сонечнае спёкі, і раіў усім вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.