Выбрать главу

Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколіцы. Карчмар Усвойскі, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такія апавяданні пра Драўлянага Дзядка, не даваў ім веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён прачытаў некалькі раманаў, перакладзеных з французскае мовы, і ўжо ўсе незвычайныя здарэнні былі яму зразумелыя, цуды і чары ён называў глупствам. Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлі яны ў адрыну, знайшлі тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала ўжо плеснець ад вільгаці, гаспадар даводзіў яму, што гэта галава Сакрата, які гаварыў свету праўду і якога ненавідзела жонка. Усвойскі даў веры, бо і сам няраз чуў, як расказвалі пра гэтага славутага грэцкага філосафа; і прасіў купца, каб аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым іншым; купец на гэта згадзіўся, бо ведаў, што яго жонка ніколі з галавою нешчаслівага мудраца не змірыцца.

Усвойскі прывёз яго ў сваю карчму, паставіў у куце на лаве за доўгім сталом і кожнаму, хто прыходзіў да яго выпіць кілішак гарэлкі, з гордасцю паказваў Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусім падобны да даўнейшага мысляра Сакрата, які пакутаваў і памёр за праўду.

Мінула некалькі тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў і лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п'яным парабкам заманулася пасваволіць і пажартаваць з Усвойскага. Дык калі карчмар на нейкі час выйшаў з хаты, яны ўзялі таго Дзядка, прасвідравалі зверху ў дзвюх мясцінах галаву, налілі туды вады і пракалолі вочы шылам; вадзяныя кроплі, не раўнуючы, як слёзы, беглі па твары, і заплаканага Дзядка зноў паставілі ў куце за сталом. Ледзь Усвойскі зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:

— Глядзі, твой Сакрат плача, відаць, не даеш яму гарэлкі або пакрыўдзіў чым іншым.

Калі карчмар, дзівуючыся, пазіраў на Дзядка, на панадворку сабакі, падняўшы морды, пачалі выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасадні, неспакойна, з крыкам бегалі па зямлі, вецер шумеў ля карчмы, усіх апанавала вялікая трывога, працверазелі ўсе і маліліся, аж пакуль гэта не супакоілася. Я чуў таксама, што, калі гэтыя свавольнікі вярнуліся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз'юшаны і загадаў за тое, што доўга бавіліся ў карчме, пакараць іх розгамі.

Усвойскі агледзеў Дзядка і расказваў усім пра гэтае здарэнне, просячы кожнага, каб не чыніў яму ніякай знявагі; прайшло некалькі месяцаў, усё забылася, і сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў і стрыечнікаў і добра падвесяліўшыся, забыў пра ўсё і кажа да Драўлянага Дзядка:

— Ты гарэлкі з намі не п'еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькі прыезджы пан, табе не пашкадую.

І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.

Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але баяўся з ім абысціся недалікатна — кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе.

У тых самых мясцінах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкі, які меў колькі падданых сялян, быў нейкі час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалі ў школах, і так вывучыўся, што не верыў ні ў што і з усяго кпіў.

Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы і, ставячы на стале, кажа: