— Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?
Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:
— Нейкі мужык лысы ды барадаты.
— Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць яму, — і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.
Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.
— Ну, Дзядок, — кажа, — гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.
Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.
— Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!
— Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім мысліць.
Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.
— Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.
Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.
Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.
Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.
Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасці, нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.
Іншыя расказвалі, што перад заходам сонца была аднаго разу дзіўная праява, бачылі яе пастухі і аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамі цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, і калі цікаўныя людзі захацелі падысці бліжэй, дык тая кабета, як бы дух які, аддалялася ад іх — ні равы, ні густыя хмызы ёй не заміналі, узышла на возера і, нібы белы воблак, узнялася над чыстай вадою і знікла. Шмат такіх дзівосаў расказвалі.
Цяпер раскажу, якім чынам пасля доўгае і дзіўнае вандроўкі гэты Драўляны Дзядок трапіў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагі госцю, пры любых няўродах адзін толькі лён найчасцей можа задаволіць нашы патрэбы, калі Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамінулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусі, вязуць Дзвіною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым інтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялікі беспарадак, ягоная жонка Яўхімія ад вялікага пярэпалаху і гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькі гадзіну назад вярнуўся дадому і, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусім у гэтым не вінаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогі. Ён мне паведаміў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явілася ёй перад вакном і цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, і прасіў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён і вярнуўся дахаты.