Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю і па кутах, часам з'яўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы — ад іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.
Праз некалькі дзён апоўдні неба было пагоднае. Пан А. адчыніў вокны і сядзеў адзін, задумаўшыся, у пакоі. Тут залятае Інсекта, кружыцца па пакоі, у пісклявым яе голасе чуваць страшная лаянка і праклёны. Яна села перад панам на стале — ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногі і рукі сухія, падобныя на пчаліныя, і сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальніцы, кружляе вакол галавы пана А. і ўжо хоча ўбіцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю і баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам і зачыніць вокны.
Прайшло некалькі дзён. Калі пан А. чытаў у садзе пад ліпаю раман, зноў з'явілася тая Інсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапаліла старонкі і вопратку пана. Інсекта, віючыся ля галавы, лаяла і кляла яго пісклявым чалавечым голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоі і доўга думае, як пазбыцца гэтае жахлівае пачвары.
Пры кожным зручным выпадку Інсекта помсціла яму. Аднаго разу, калі пан верхам аб'язджаў свае палеткі, яна, лётаючы побач, пранізлівым крыкам спудзіла каня, які наўскапыт паляцеў праз равы і пагоркі і скінуў гаспадара. І той ляжаў скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглі аратыя. Яны прынеслі пана дахаты, і лекар ледзь выратаваў яго ад смерці.
Па ўсёй ваколіцы разышліся гэтыя чуткі, толькі і гаварылі пра злую кабету, якая перамянілася ў страшную Інсекту. Усе суседзі шкадавалі пана А., але ніхто з іх не пераведаў хворага, бо ўсе баяліся падысці да яго маёнтка.
Калі пан А. ачуняў і думаў, як пазбыцца праклятае Інсекты і злых духаў, з якімі яна, пэўна, пасябравала, ён успомніў параду сваіх лёкаяў і вырашыў запрасіць каплана і пасвянціць дом. Дык пасля захаду сонца, калі Інсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней і ўначы паехаў у Полацак.
Раніцаю пасля святое імшы сустракалі яго знаёмыя, з цікавасцю распытвалі пра дзіўную Інсекту і пра нешчаслівы выпадак, калі яго скінуў конь, бо ўжо пра гэта чулі і ў горадзе.
Калі прыйшоў у кляштар і расказаў, што з ім прычынілася, усе дзівіліся. Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:
— Гэта, напэўна, злыя духі і нейкая чараўніца, якая зусім выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапаціцца пра яго спакой і пра яе душу.
І тае ж раніцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Інсекты, выправіліся дадому.
Прыехалі ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малітвы, пачаў крапіць святою вадою пакоі. Страх успомніць, што там рабілася. Са страшным піскам і сыканнем з усіх кутоў пасыпаліся страшыдлы: матылі, у якіх заместа крылаў вырасталі з бакоў вогненныя языкі; тоўстыя чэрві, што дыхалі дымам, быццам пухіры ўзнімаліся ўгору; крыклівыя цвыркуны і крылатыя гады лёталі над падлогаю.
— Гэта грахі чараўніцы, — сказаў ксёндз. Ён загадаў адчыніць вокны. Жахлівыя стварэнні з піскам і сыканнем адляталі і ніклі ў паветры.
Калі свянцонаю вадою выслабанілі дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза ў сад, адкуль вылятала тая шкадлівая Інсекта. Там, калі каплан адмаўляў святыя пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пісклявы голас, у якім чуліся кленічы і розныя блюзнерствы, а пасля нараканні, енк і плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на гэтыя дзівы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець адтуль і сесці на ліпавай галінцы. Яна імгненна, як страла, вылецела і села на ліпавым лісціку. Усе дзівіліся на яе: у гэтай Інсекце лёгка можна было ўгледзець жаночую постаць з крыльцамі. Ксёндз зняў яе з лісціка, пасадзіў у шкляны слоік і занёс у пакой.
Ужо без страху глядзелі ўсе зблізку на гэтую маленькую пачвару: доўгія валасы спадалі з галоўкі, якая была не большая за звычайную гарошыну; іскрынкамі блішчалі завушніцы ў вушах, і нешта ружавела на шыі, нібыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, відаць было, што ў гэтыя хвіліны курчылася ад гневу.
Наступнага дня пані Інсекта з ксяндзом прыехалі ў Полацак. Бачылі гэтае дзіва ўсе ў кляштары, і жыхары натоўпамі прыходзілі паглядзець на нечуваныя цуды. Кідалі ёй ежу ў шкляны слоік, але Інсекта сядзела моўчкі і не каштавала нічога; увесь гэты час была нямою, толькі відаць былі яе гнеў і неспакой.