Выбрать главу

— Трэба цяпер падумаць пра яе душу, — сказаў ксёндз і панёс яе ў слоіку ў зацішны куток кляштара, дзе быў доўгі калідор: з аднаго боку Архітэктанічная зала, з другога — музей; непадалёку ад гэтае залы пазіраў з муру, нібы з вакенца, драўляны бюст філосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Інсекту на філосафаву галаву і перад шматлікімі гледачамі чытаў ёй малітвы і гаварыў на духоўныя тэмы. Але што рабілася з галавою Сакрата! Страх успомніць! Яна ў той час была падобная на запаленую бомбу, кідалася сюды-туды; спалатнелі ўсе, хто блізка стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася і не зашкодзіла гледачам, ксёндз безупынку чытаў малітвы і вучыў пра міласць Пана Бога і пра любасць да бліжняга.

Штовечар адбываліся такія адправы дзеля гэтае Інсекты. І яна дзіўна выглядала з тою нешчасліваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто толькі праходзіў гэтым калідорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулі столькі парад мудрых і пабожных, бэсціў і лаяў, не разбіраючыся, усіх прахожых. Шкаляры баяліся падысці да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў ім не зычлівым настаўнікам, а зацятым ворагам.

Гэтыя навукі і малітвы доўжыліся некалькі месяцаў. Нарэшце трапіла іскра веры і міласэрнасці ў сэрца той кабеце Інсекце, і драўляны бюст угаманіўся і палагаднеў. І ўжо з вуснаў Інсекты зляталі словы, поўныя боязі Божае і міласэрнасці да бліжняга. З'явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным абліччы, падобная да анёла, німб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малітвы, навукі і клопаты дзеля яе і ў міг вока знікла. Ксёндз укленчыў перад алтаром і дзякаваў небу за вяртанне і збаўленне гэтае душы.

Калі пан Ротмістар скончыў, панна Анэля і малыя дзеткі пана З., аддаўшы бацькам «дабранач», пайшлі ў другі пакой памаліцца нанач.

— Цікавую рэч расказаў пан Ротмістар, — сказаў гаспадар. — Пра такое здарэнне з Дзядком, калі галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшніцы, я яшчэ не чуў. Вось і новае апавяданне да жыццяпісу Драўлянага Дзядка.

Да позняга вечара гаварылі мы пра мінулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых — жывых і тых, што ўжо спачываюць у магілах. У размовы нашы нязменна запляталіся смутак і надзея. Нарэшце пан Ротмістар узяў свой кій і шапку і хацеў ісці дахаты, але гаспадар пакінуў яго начаваць. Патушылі агонь, і я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў.[8]

ПРАХОДКА Ў ПОЛІ

Адпачынак мой быў прыемны, хоць і кароткі. Прачнуўся я на світанні. Пан Ротмістар яшчэ спаў, і я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў і разважаў аб прыгодах Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазіраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якія чакаюць чалавека на яго жыццёвай пуцявіне, тая кабета-грэшніца з'яўлялася ў маіх марах то ў абліччы страшнае Інсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькі вера, міласць да Бога і да бліжняга — шлях да сапраўднага жыцця.

Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранішняга сонца зазірнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усіх і даваў парабкам загады на дзень.

Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмістар; калі мы апраналіся і ён думаў пра дом, а я — пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскі, павітаўся і загаварыў да мяне:

— Чаму ты так рана ўстаеш? Ісці такую дарогу — цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Відаць, думаеш, што я дазволю развітацца з намі сёння? Пагасцюеш у мяне колькі дзён, бо калі ад'едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, ці ўбачымся, хіба толькі на тым свеце. І пана Ротмістара прашу застацца на сёння з намі, бо ёсць у яго доме каму кіраваць гаспадаркаю.

Я паслухаўся гаспадара, і пан Ротмістар пагадзіўся з ім.

Галасы дзяцей, што ўжо прачнуліся, даляталі з другога пакоя; абазвалася гітара, пачуўся цудоўны мілагучны спеў. Гэта быў голас Анэлі. Яна кожнае раніцы, як анёл, што вітае новы дзень, усхваляла Божую ўсемагутнасць і спявала пад гітару:

Калі ўзыходзіць дзянніца, Усе да Цябе павяртаюць лікі, Спявае кожная істота: Слаўся, Божа вялікі![9]

Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, і ў тую раніцу я маліўся са слязьмі на вачах.

Неўзабаве ўся сям'я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлі ў поле; пан Зямельскі завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было відаць дбайнага гаспадара, і гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалі тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькі гадоў зашумеў тут гэты гай. І там і тут між зараснікаў асушаныя лугавіны з сакаўной высокаю травою і размаітымі духмянымі кветкамі. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамінаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Інсекту, паказваў пану Ротмістару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, ці такая была кабета Інсекта. Іншыя дзеці збіралі лепшыя кветкі і аддавалі іх Анэлі, а тая аздабляла дзіцячыя галоўкі вянкамі.

вернуться

8

Гэтая частка аповесці закончана ў 1843 г. Змяшчаючы яе ў альманаху «Nіezabudka» (т.5 на 1844 г.), Я. Баршчэўскі абяцаў працяг у наступным томе.

вернуться

9

Першая страфа «Ранішняе песні» Ф. Карпінскага.