Аднаго разу на світанні вярнуўся ён дадому, зачыніў вокны, але не мог заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфірная нейкая, а яшчэ, здаецца, і характарам падобная да яго. О! Калі бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслівейшы з людзей, вечнае каханне і згода панавалі б між імі. А да таго ж — маёнтак і грошы. І ён вырашыў: што б там ні было, паведаміць ёй пра сваё каханне і прасіць яе рукі.
Люцэфуга дабіўся свайго, ажаніўся з Аўрэляю. Каханне і згода былі між імі цэлую восень і зіму. Час весела ляцеў у тэатрах і канцэртах, ездзілі на балі і самі прымалі гасцей. Ён па сваёй завядзёнцы гуляў у карты да самага світання, а яна захапляла моладзь лёгкасцю ў танцах, жывым сваім характарам і вясёлымі размовамі.
Вясною яны прыехалі ў вёску, каб вечарамі прагульвацца пад ясным небам, адпачываць у засені ліп, слухаць салаўіныя і жаўруковыя спевы. Але, ах! Гэтаю вясною напаткалі Люцэфугу найвялікшыя пакуты і ляснулі ўсе яго надзеі.
Увечары, на захадзе сонца, выйшлі яны прагуляцца ў поле. Неба было пагоднае, паветра ціхае. Ідучы недалёка ад лесу, размаўлялі пра сваіх знаёмых. Аўрэля захоплена казала пра аднаго маладога кавалера, які быў надзвычай спрытны ў танцах, Люцэфуга хваліў свайго сябрука, што, гуляючы ў карты, ніколі не праігрывае. Між імі ўсчалася спрэчка, і калі Аўрэля, даводзячы сваё, усё больш і больш злавалася, — нечакана зашумеў лес і вецер засвістаў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная істота, як пяро, узляцела і хутка, так што нельга было яе стрымаць, падымалася ўсё вышэй і вышэй. І вось ужо ляціць над бярозавым гаем, муж глядзіць на яе, ломячы рукі, і не ведае, што яму рабіць.
Аўрэля ляціць разам з ветрам, нібы лёгкі матыль. Люцэфуга бяжыць праз палеткі, лясы і горы з надзеяю, што, можа, яна затрымаецца дзе-небудзь на вяршыні гары ці на высокім дрэве. Людзі рознага звання, што праязджалі непадалёк, паглядалі на гэта са здзіўленнем. Адны смяяліся, другія спачувалі Люцэфугу, але ніхто не мог яму дапамагчы.
Муж бег, пакуль яшчэ мог бачыць яе здалёк, але калі ноч апусцілася на зямлю, Аўрэля знікла з вачэй. Бедны Люцэфуга спыніўся сярод цёмнага лесу, чуе вакол сябе толькі савіныя галасы, не ведае, у які бок падацца; хадзіў усю ноч, і гэты лес, здавалася яму, не меў нідзе канца. Змардаваны, ён сеў пад дрэвам, глянуў на зорнае неба, успомніў прароцтва Драўлянага Дзядка. Цяжкі сум лёг яму на сэрца:
— Дзе Аўрэля? Ці яна жывая? Ці вернецца калі да мяне? — уздыхнуў, і слёзы паліліся з вачэй.
Так і блукаў ён без сну цэлую ноч па лесе. На ўсходзе пачало світаць, зарумяніліся аблокі. Люцэфуга, бачачы дзённае святло на небе, крыху супакоіўся. Вырашыў ісці на ўсход. Калі сонца ўжо было высока, пачуў голас касцельных званоў, і яны вывелі яго з лесу да чалавечага жытла.
Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ад свайго дому; заходзіць у сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў і здзіўляўся, што кабета была такою лёгкаю і паляцела з ветрам. Гаспадар задаволена глянуў на сваю жонку, што завіхалася па гаспадарцы, злітаваўся, запрасіў госця адпачыць і паабяцаў адвезці дахаты.
Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлі. Паслаў людзей паўсюль, каб даведаліся пра яе. Пасланцы вярнуліся без аніякае весткі. Разышлася пагудка па ўсёй ваколіцы, і нават у горадзе было вядома, што Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалі яму, другія, чуючы такія дзівы, рвалі ад смеху бокі.
Ён не выходзіў з дому, усё разважаў, што рабіць. Аднаго разу сядзеў увечары самотны ў пакоі: шэры змрок і маўчанне былі яму сябрамі. Тут забягае лёкай і паведамляе, што прыехаў нейкі пасланец з лістом. Ён глянуў на яго з невыказнай радасцю: ліст быў падпісаны рукою Аўрэлі.
Люцэфуга прачытаў ліст і застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страціла назаўсёды. Піша, што закончыла паветранае падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга свайго прыяцеля і вяртацца да мужа, у якога характар і погляды зусім іншыя, чым у яе, не думае. І таму яна рупіцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта аніякіх грошай.