Найперш узяла мыш бабульчыну швейную машынку і пашыла сабе сукенку. Тут усё ружы, ружы, ружы, пасярэдзiне тыгр з аскаленай пашчай, а па падоле — беларускi арнамент.
Далей — дыета. Каб вагу набраць, насела Iхка на каларыйныя прадукты. Кожны дзень салам, каўбасой, варанымі яйкамі з маянэзам, булкамi, цукрам, макаронамi харчуецца. Не патрыятычна, але ж i «кока-колай» часам запiвае. А калi, дык i пiвам. Ну, і што? Не атрымалася нічога. Не тое, каб дыета зусiм не дапамагла вагу набраць. Дапамагла. Толькі важыла Iхка дваццаць пяць грам — паправілася ўдвая, а далей нешта не ідзе. Скурка на Іхцы расцягнулася, бровы зрабіліся здзiўленапрыўзнятымі, вочкi вялiкiмі i круглымі, а рот заўсёды крыху прыадкрытым — такое нацяжэнне атрымалася! Ужо i па два яйкi ў дзень з’ядала, а больш не таўсцеецца.
Так i не здолела Iхка стаць опернай спявачкай. Хоць жаданне было вялiкае, ды і спявае ж добра! Як, бывала, сяброўкi да яе прыйдуць, зацягне яна песню. «Мыш жыве пад зямлё-о-ю, мыш жыве пад асфа-альтам!». Сяброўкi неўзабаве і пойдуць. Пэўна, слёз стрымаць не могуць, так iх, бывала, i трасе ад расчуленасці.
Хутка вярнулася Iхка да сваёй звычайнай вагі, бо харчы скончылiся. Адзінае, што некаторы час яна да сабакі-шарпея была крыху падобная.
Дэтэктыў Вавёрчык
Аднойчы ранкам жоўтая мыш Іхка сядзела на кухні, паглядала ў акно, за якім падаў снег, і снедала кашай. Чамусьці не было апетыту, таму перад кожнай лыжкай яна падбадзёрвала сябе словамі «за маму», «за тату», «за дзядзьку Міколу», «за тое, каб французскі сыр у краму завезлі», «за хвост»… Тут мыш задумалася над тым, за што яшчэ можна з’есці лыжку кашы, і крыху пасядзела над талеркай, падпёршы твар лапай, павадзіла ў кашы пальцам, малюючы на яе паверхні колы. «За новую нару трэба з’есці», — прамармытала мыш і толькі паспела зачарпнуць кашы, як пазванілі ў дзверы.
Мыш здзіўлена — бо нікога не чакала раніцай у нядзелю — злезла з зэдліка і пайшла адчыніць дзверы. На парозе стаяў высокі чалавек у доўгім шэрым (мышынага колеру — падумала Іхка) паліто і капелюшы. Твар незнаёмца быў закрыты паласатым шалікам.
— Добры дзень, я дэтэктыў Маёр Вавёрчык, — адрэкамендаваўся госць. — Маёр — гэта імя. Дазвольце ўвайсці.
— Добры дзень. Праходзьце, дэтэктыў, — ветліва сказала Іхка. Яна пачувалася ўпэўнена, бо ведала, што нічога проціпраўнага не рабіла, і яе разбірала цікавасць, дзеля чаго завітаў такі дзіўны госць.
Мыш запрасіла яго на кухню і прапанавала зэдлік. Сама села з супрацьлеглага канца стала.
— Можа быць, кашы, гарбаты? — мыш пасунула дэтэктыву сваю талерку і кубак з чорнай гарбатай з цукрам. — Кашу я ела, але гарбату яшчэ не піла.
— Дзякуй, не. Я на заданні.
Дэтэктыў зняў капялюш і паклаў яго на стол. Шалік ён не стаў здымаць, таму былі бачныя толькі ягоныя пільныя вочы і ўскалмачаная саламяная макаўка.
— Справа ў тым, што здарылася загадкавае злачынства, і я праводжу яго таямнічае расследаванне.
— Ого! Сапраўднае злачынства?! — здзівілася Іхка.
— Так, вы нічога пра яго не ведаеце?
— Ммм… — Іхка наморшчыла лоб. Што з вядомага ёй магло мець дачыненне да злачынства?..
— Штосьці адметнае, незвычайнае, тое, што вас здзівіла. Не заўважалі апошнім часам чаго-небудзь такога?
Тут Іхка ўзрадавана ўскочыла з зэдліка, бо згадала, што бачыла незвычайнае!
— Валянцін Пятровіч з кватэры насупраць учора ўвечары пайшоў у краму па хлеб у цешчыным парыку! Ён кепска бачыць, а акуляры не носіць — вось і пераблытаў парык са сваёй зімовай шапкай!
— Ага, — Вавёрчык выцягнуў з кішэні нататнік і асадку і запісаў сведчанні. — Што-небудзь яшчэ?
Іхка ўзялася лапамі за галаву, спрабуючы прыгадаць што-небудзь яшчэ.
— Так, сёння зранку я знайшла ў шуфлядзе толькі адну шкарпэтку, хаця дакладна памятаю, што клала туды дзве. Потым я рабіла зарадку, і калі круціла хула-хуп, ён упаў! — Мыш узялася за кубак з гарбатай і прысёрбнула. — А звычайна не падае! — Тут яна эмацыйна грукнула кубкам па паверхні стала так, што гарбата крыху расплёскалася.