Дэтэктыў, які падрабязна запісваў усё ў нататнік, спыніўся і агледзеў кухню:
— Дарэчы, вось гэта выпадкова, не тая шкарпэтка, якую вы згубілі?
Вавёрчык паказаў на маленькую чырвоную шкарпэтку, якая вісела на столі, зачапіўшыся за лямпу.
— Тая! — узрадавалася Іхка і папрасіла выкрасліць з яе паказанняў пункт пра шкарпэтку.
— Ну, вось і ўсё. — Дэтэктыў Вавёрчык узняўся і надзеў капялюш. — Як бачыце, я не адняў у вас шмат часу.
— Спадзяюся, дапамагла, — шырока ўсміхнулася мыш.
— Вельмі, вельмі дапамаглі. Думаю, я ўжо ў кроку ад раскрыцця таямніцы загадкавага злачынства. Мяркую, яно раскрыецца не пазней… — тут Вавёрчык зірнуў на наручны гадзіннік. — …як хвілін праз дваццаць. Але калі згадаеце яшчэ нешта, абавязкова мне пазваніце.
Перад тым, як пайсці, дэтэктыў працягнуў Іхцы прыгожую візітоўку. Мыш паглядзела на яе з розных бакоў: з аднаго боку карткі былі каардынаты Маёра Вавёрчыка, з другога — ягоны партрэт з люлькай. На прасвет на візітоўцы выяўляўся арэх.
— І ўсё-ткі я таксама хачу падарыць вам што-небудзь на памяць. — Мыш дала нырца ў лядоўню і, пакорпаўшыся хвіліну, вынырнула адтуль са свежым гурком. — Вось, вазміце з сабой гурок. Я тут толькі крышку адкусіла збоку, але гэта зусім не заўважна, бачыце?
— Добра, гурок вазьму. Па шчырасці, я і сапраўды сёння яшчэ не снедаў. — Дэтэктыў паклаў падарунак у адну са шматлікіх унутраных кішэняў паліто. — Халодненькі!
Мыш заўважыла, што ў кішэнях ужо ляжалі шакаладка, пакет смятаны і сухарык, і падумала, што дэтэктыў апытаў яшчэ кагосьці з яе суседзяў.
Калі дзверы за госцем зачыніліся, Іхка пабегла да акна і, прыціснуўшы нос да шкла, глядзела, як Вавёрчык выйшаў з пад’езда і спрактыкаваным зайцам, блытаючы сляды, каб за ім ніхто не прычапіўся, крыху праскакаў па снезе ў бок парку, потым ён скочыў на дарогу і, трымаючыся годна, пакрочыў да аўтобуснага прыпынку.
— Самы сапраўдны дэтэктыў, як у кіно. Прафесіянал! — захоплена падумала мыш. — Усё-ткі добра, што я такая назіральная. Не кожны можа дапамагчы раскрыць сапраўднае загадкавае злачынства.
Вядома, ёй хацелася паглядзець, як праз дваццаць хвілін яно раскрыецца (тут ёй чамусьці бачыўся расколаты дэтэктывам арэх), але Вавёрчык быў ужо далёка, а на стале чакала недаедзеная каша.
Омава жыццё
Ужо не памятаю, як я першы раз пачула пра закон Ома. Ды не пра таго Ома, пра якога вы падумалі. Таго, пра якога вы падумалі, хутчэй за ўсё ўвогуле не было. Альбо было, але не так, як вы сабе ўяўляеце.
Даўным-даўно дзесьці ў нетрах Еўропы жыў-быў Ом. Быў ён добры і ціхмяны спадар, таму ўсе суседзі называлі яго дзядзечкам, а шматпакаёвую кватэру, дзе ён жыў, адпаведна «хацінай дзядзькі Ома». Як мы ўжо адзначылі, Ом быў надзвычайнай дабрыні чалавек, але часам несвядомыя суседзі даймалі яго такой дражнілкай:
Паколькі Ом ніколі кіпенем не мыўся (тут трэба адзначыць, што ён увогуле рэдка займаўся гігіенай: у сярэднявеччы тое быў маветон), дзядзька вясёла ўсміхаўся ў вусы і пачынаў бегаць за суседзямі з паленам — простыя сярэднявечныя норавы. Суседзі паказвалі Ому язык і збягалі, бо няма прыёму супраць Ома і фізічна супраціўляцца яму сэнсу няма. З тых часоў фізічную адзінку супраціўлення клічуць «омам», хаця ад пачатку яна неяк інакш называлася.
Жонка Ома кахала і казала ўсім: «Мой Ом — мая крэпасць», пры гэтым заўважаючы, што ў яе-та муж быў першы — і заўжды Омам.
Вось такі быў гэты Ом штукар, і законаў ён не прыдумляў. А тое, што некаторыя кажуць, што Ом — гэта нямецкі фізік ХІХ стагоддзя, дык тое няпраўда для школьнікаў і студэнтаў.
Ылк
Аляксею Салонку
Вось яшчэ вам распавяду, што ў лесе жыве Ылк. У Ылка рогі, у Ылка капыты немалыя. А хвосцік у яго мале-енечкі. У вялікім патрэбы няма. Жыве ён дзе давядзецца. Ну, і ад падвіду залежыць. Дупляны Ылк — той збольшага ў дупле, а норны, зразумела, у нары. Хоць, ведаеце, і наадварот часам здараецца. Памяць у Ылка аніякая — тыдыц, калі па-шчырасці сказаць. Забудзе Ылк, што ён норны, — дый шусць у дупло, вось табе і капытны! Ужывае ён мюслі паціснутыя альбо біфідакефір. А для госцейкаў дарагіх у яго запаветны слоік прыпасены. І што ён у ім захоўвае, Ылк-гаспадар не ведае, бо сам адтуль — ні-ні.
Дзяўчаты, якія дасведчаныя, любяць на Ылкаў паляваць, асабліва талакою. Яно і зразумела: Ылк — сімвал плоднасці і мужчынскага хараства. Якая дзяўчына Ылка за бараду ўхапіла — тая ўжо неўзабаве замуж і пойдзе. А за хвост яго хапаць не тое што нельга — бессэнсоўна: паўнагадовы Ылк яго адкідае на манер яшчаркі, а дзеўцы — дулю. Іншыя дзяўчаты, здараецца, і малін назбіраюць дый Ылку ў мюслі пнуцца насуваць. Дык ці возьмеш яго тым? Вядома, што не.