А. збірае пупам пух. У залежнасці ад таго, якую кашулю ён насіў сёння, такога колеру пух абавязкова знаходзіцца ў пупе ўвечары. Калі А. ўдзень змяняў кашулі, то можна рабіць грашовыя стаўкі на колер пуху ў ягоным пупе. Кажуць, што для гэтага ўмення неабходны валасаты мужчынскі жывот.
П. умее згортваць язык у трубачку. І мяне навучыла.
Доўга думала, што ж такога побытава-незвычайнага ўмею рабіць я. Ну, напрыклад, асаблівым чынам трымаю асадку пры пісьме. Іншым так нязручна. Але не ведаю, ці можа гэта параўнацца з уменнем доўга не сікаць.
Апранула малодшая сястра спадніцу старэйшай сястры, майку і кофту старэйшай сястры.
— Ну, бяры, раз такія важныя справы, — кажа старэйшая сястра.
— Боты я таксама твае вазьму, — кажа малодшая сястра.
— Эх, я, праўда, хацела іх памыць, каб яны высахлі да паслязаўтра.
— Мне ўсё роўна, яны да майго паліто пасуюць. А што б мне надзець на галаву замест хусткі?
— Ну, можа, вазьмі шалік… [2]
— О! Давай! А дзе твой шалік?!
Штосьці я нейкая занадта добрая старэйшая сястра…
За ўласнае імя можна схавацца, і ніхто цябе за ім не ўбачыць. Можна вярнуцца да яго, як дадому.
Нават цяпер пераход на мабільны тэлефон вытворчасці іншага брэнда выклікае пэўныя часовыя нязручнасці: трэба прызвычаіцца да таго, што не так змешчаны кнопкі, іншым чынам арганізаванае меню…
Думаю, з цягам часу чалавек ад нараджэння будзе замацоўвацца за якім-небудзь вытворцам тэхнікі. Калі прыстасаванні ўскладняцца, лягчэй будзе ўдасканаліць сябе новай мадэллю звыклай кампаніі, чым ламаць сваю свядомасць і жыццё зменай брэнда.
Таму да сямейных прозвішчаў будуць дадаваць назву кампаніі-вытворцы, прадуктамі якой карыстаецца сямейства: Кавалёвы-«Атлант» (гэта будзе рэдкае прозвішча прыхільнікаў айчыннага вытворцы), Кузьміч-«Самсунг»… Не выключана, што і рэкламны слоган кампаніі будзе пазначацца ў пашпарце: «Canon — You Can! Ты можаш, Казлоў!».
Прадстаўнікі аднаго брэнда будуць знаходзіць паміж сабой больш агульнага і жаніцца будуць часцей таксама адно з адным. Такім чынам, усе мы можам стаць матрыярхамі і патрыярхамі, ад якіх будуць выводзіць свой радавод сем’і-брэнды.
Пакуль усе спяць, Літоўская Рэспубліка ціха расстаўляе свае масонскія знакі ў выглядзе святлафораў. Увесь свет акупаваны Літвой.
Каб ніхто не здагадаўся колеры нацыянальнага сцягу запальваюцца не адначасова, а па адным. Да таго ж яны пераблытаныя, каб Літву ніхто не западозрыў.
У той час, калі Літва вырашыць гучна абвясціць аб сваім сусветным панаванні, рознакаляровыя ліхтары святлафораў запаляцца адначасова. І па тэлевізіі кіраўнікі краін скажуць «Labą dieną!» і абвесцяць аб нашым літоўскім грамадзянстве.
Еду ўвечары дамоў у аўтобусе. Моцна нецвярозы (ледзьве варочае языком) пенсіянер звяртаецца да кандуктара:
— ПРАБАЧЦЕ, КАЛІ ЛАСКА, АЛЕ Я ПАВІНЕН ВАМ НЕШТА СКАЗАЦЬ! Мы с вами учились в одном училище. Вы на маляра учились! (далей шмат няўцямных словаў па-расейску)…
— Нет, вы меня с кем-то препутали…
Пасажыры аўтобуса ўсміхаюцца.
***
Іду ўздоўж яру, дзе цячэ ручай Дзебра. Насустрач маладая жанчына маргінальнага выгляду вядзе сына год чатырох за руку. Хлопчык махае галінкай вярбы і ціхенька скандуе: БЕ-ЛА-РУСЬ! БЕ-ЛА-РУСЬ!..
У маёй сяброўкі не прайграваліся дыскі ў музычным цэнтры таму, што ў ейным студэнцкім інтэрнаце ў вялікай колькасці жылі прусакі, і жылі яны, у прыватнасці, у музычным цэнтры. Спачатку яны проста выязджалі на талерцы-прымачы для дыскаў. Ціснеш на гузік — і прусакі весела выкотваюцца. А потым талерка перастала выязджаць увогуле. Толькі можна было глядзець у шчылінку, як прусакі там жывуць. І слухаць касеты. Прусакоў у інтэрнаце было так шмат, што яны сяліліся літаральна ва ўсё. І ў ежу траплялі гэтак жа сама, як у апавяданні Салжаніцына «Матрёнин двор», дзе герой раз-пораз знаходзіць у бульбяным супе прусаковыя ножкі.
Магчыма, гэтыя ножкі сведчаць пра тое, што прусакі да целашкодніцтва біліся паміж сабой і нават мелі які ўзброены канфлікт. Ваявалі за правапіс, напрыклад — тараканаўка супраць прусаковіцы.