51 сакавіка
Неяк раптоўна ў цэнтры пакоя вырас энта… энкапліт. Адкуль насенне — незразумела. Энка… энталіптавае насенне можна адшукаць толькі ў Аўстраліі, адкуль выводзіць свой радавод бабуля Барбары. І калі Ахілес глядзіць на тое, як высока часам скача яна па канапе з сумкай паштальёна, ён дае ёй веры.
Сам Ахілес у Астрале не быў, але ў Кадабры было зялёнае пластмасавае вечка ад бутэлечкі з энтахта-нта… з настойкай на лісці гэтага дрэва, карацей. Яна яе на дварэ знайшла і ўвесь час нюхала, а потым згубіла. І пасля гэтага раптам усё вырасла. І ў пакоі стала цесна, таму што энтапілт — гэта такое асабліва шкоднае дрэва, якое толькі нюхаць прыемна, а калі яно расце ў вас ужо практычна на галаве, хочацца яго хутчэй выселіць, пакуль яно не выселіла вас. Ну, бабулі, вядома, падабаецца, і Кадабры таксама: зеляніна ў кватэры, прырода зноў-такі. Аднак. Ахілес перасадзіў яго ў ліфтавую шахту — і цяпер там энкапцілавы рай. Ліфт не працуе, але па энтапілту лазіць можна. Усе суседзі вельмі задаволеныя.
52 сакавіка
З нагоды гэтага дрэва ў дом прыйшла спецыяльная жанчына з жыллёва-камунальнай службы і абвясціла, што за энтапціл у ліфтавай шахце будзе спаганяць камунальныя плацяжы, паколькі жыллёва-камунальная служба (то бок цётачка вось гэтая) яго выявіла. І ў паперцы-квітанцыі будзе пазначана асобным пунктам: «Карыстанне энкаліфтам». І пагражае гэтая спецыяльная жанчына кулаком з квітанцыямі ды стукае па дрэве нагой у пантофлі на вострым абцасе, ад чаго на энтапцэле казліныя капыткі ўтвараюцца. І жанчына гэтая, у пантофлі, Адэлаіды Сабакаўны, начальніцы Ахілеса, родная сястра Маніока.
Выйшаў тады ад усіх жыхароў дома найпаважанейшы прадстаўнік — бабуля — ды і кажа: «Зараз будзе біг барабум!». Затым Бабуля спрытна зрабіла сальта назад і з ба-бумам самаліквідавалася на вачах удзячнай аўдыторыі. Цалкам аўтаматычна Маніока Сабакаўна апошні раз усадзіла абцас у дрэва, і не паспеў асесці попел ад Бабулі, спецыяльная жанчына ўцякла назад у сваю нару.
Бабуля аднавілася на наступны дзень у вентыляцыі дома. Там яе чакалі торт і катлеты. Катлеты ёй вельмі пасуюць, калі яна іх есць, у сэнсе яны ёй да твару. Такія справы.
З цыкла «Уклясыкі»
«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» ― набраў Купала на клавіятуры і задумаўся. У гэты час да яго прыйшоў Колас, сказаў: «Пасунь азадак, жывёліна», сеў з Купалам на адно крэсла і таксама ўтаропіўся ў манітор:
― А што такое «пасад»?
― Сам думаю. Я ведаў, але забыўся. Нешта тут не так.
― Вядома, не так! Можа, ты хацеў напісаць «пасат», а не «пасад», можа, памылка ў цябе? У сэнсе: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны фольксваген-пасат між народамі!»
Колас адсунуў млявага Купалу ад клавіятуры і выправіў «пасад» на «фольксваген-пасат».
― Вось. Зусім іншая справа! Хоць трохі лагічна. Эх ты, класік! ― Якуб па-сяброўску пабумкаў Купалу па галаве.
Уначы Янку не спалася. Увесь час круціліся ў галаве радкі пра фольксваген-пасат, які мусіць заняць Беларусь.
― Да чаго «пасат»? Гэта ж не беларускі аўтамабіль… Можа, лепей было б «трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь”»?
Купала ўзняўся, уключыў кампутар і паправіў тэкст: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь” між народамі!» Сеў на ложку.
― Дрэнна. Дрэнна-дрэнна-дрэнна-дрэнна. Да таго ж, па два разы паўтараецца «Беларусь» і «трактар». Нядобра. Лепей пакінуць усё, як было.
Мала хто ведае, што аднойчы Янка Купала і Якуб Колас разам з’ездзілі ў Маскву з дыпламатычнай місіяй. Купілі ўклясыкі дзве плацкарты (верхнія паліцы) і паехалі. І прыехалі непасрэдна да Крамля. Тут Купала і кажа: