І на роспыт Аўтандзілаў з сумам тыя адказалі
(Слёз няпрошаных расінкі прабягалі паміж слоў):
«Мы — браты, з нас кожны мае ратных подзвігаў нямала,
Нашы замкі ў Хатаэці — ад варожых зграй заслон.
Край, дзічынаю багаты, дух узрушыў паляўнічы,
З войскам мы прыйшлі. Наш лагер каля рэчкі быў разбіт.
Трыццаць дзён мы палявалі. І багатая здабыча
Нам была ўзнагародай за адвагу і за спрыт.
Спрытам тым мы ўсіх пабілі і ад гонару пустога
Між сабою спрэчку-сварку завялі зусім дарма:
«Я палюю лепш!», «Ты хлусіш!» — абражаць адзін другога
Пачалі, хоць ведаў кожны: праўды ў спрэчках тых няма!
Парашылі мы, што войска павязе дамоў здабычу,
Мы ж без лоўчых застанёмся самі спрэчку вырашаць;
Паасобку будзе кожны і стралок, і паляўнічы,
Хто з нас лепшы — скажа вынік, а не сварак марны шал.
Адаслалі ўсіх дадому са здабычаю багатай,
Трох жа верных збраяносцаў мы пакінулі з сабой.
Доўгі час мы палявалі і адважна, і заўзята:
Падаў звер ці птах, падбіты ў лёце трапнаю стралой.
Раптам нам насустрач едзе віцязь сумны і пануры,
Нецярпліва капытамі б'е зямлю гарачы конь.
Галава і стан спавіты дзіўнай тыграваю шкурай,
Твар дзівоснай прыгажосці. Ён збянтэжыў наш спакой.
Быў ярчэй маланкі зыркай, гарачэй праменяў сонца
Позірк смелы і рашучы ў даль устромленых вачэй.
Паланіць мы захацелі маладога незнаёмца,
І таму за дзёрзкасць нашу кроў юнацкая цячэ.
Сілай віцязя адолець думаў я, з братоў старэйшы,
Брат сярэдні авалодаць вараным хацеў канём,
А малодшы прагнуў бойкі — мы яго пусцілі першым.
Паляцелі мы насустрач, нібы тое вараннё.
На крыштальным яго твары пунсавелі вуснаў лалы,
Задуменны, безуважны, воч на нас ён не падняў.
Толькі вокліч наш пачуўшы, што працяў раптоўна далі,
Прыпыніў, нагайку ўзняўшы, шпарканогага каня.
Апярэдзіўшы астатніх, брат малодшы, нібы сокал,
Падляцеў да незнаёмца і адважна крыкнуў: «Стой!»
Той за меч не ўзяўся нават, абізун узняў высока,
Сцебануўшы так, што ў момант захлынуўся брат крывёй;
І з сядла зваліўся вобзем ад страшэннага ўдара
Брат малодшы, бездыханны і з прабітай галавой.
Горды ж віцязь, што за дзёрзкасць адплаціў нам жорсткай карай,
Знік, палаючы ад гневу незвычайным хараством.
Вунь, зірні, нібыта сонца, едзе ён непадалёку!» —
Так сказалі Аўтандзілу горам скутыя браты.
Ён зірнуў у далеч. Бачыць, вараны паважным крокам
На сабе вязе героя незвычайнай пекнаты.
Слёзы зніклі ў Аўтандзіла, як пабачыў з'яву гэту:
Нездарма блукаў па свеце ён тры доўгія гады.
Так заўсёды: чалавеку, што дасяг жаданай мэты,
Ўспамінаць няма патрэбы дні мінулае бяды.
Ён сказаў: «Браты, бадзягай доўга быў я нешчаслівым.
Я пакінуў край свой родны, каб на ростанях дарог
Віцязя, што вас пакрыўдзіў, адшукаць мне памаглі вы.
Хай ад ліха і бядоты сцеражэ вас добры бог!
Хай, як мне, ён вам паможа дасягнуць жаданай мэты,
Хай загоіць раны брату, буду я маліць яго.
Скарыстайце для спачыну мой прытулак сціплы гэты,
Цень параненаму дайце, каб не пёк яго агонь».
Развітаўся і прышпорыў ён каня, што ўзвіўся ўгору,
Нібы сокал легкакрылы, рушыў смела ў свой палёт.
І здавалася: імчыцца ён да сонца і да зорак,
Растапіўшы шчасцем сэрца, што скаваў няшчасця лёд.
Ехаў, думаў неспакойна: «Як сустрэнуся з сугнеем?
Бо адным няўдалым словам можна выклікаць бяду.
Толькі розум чалавечы можа сцішыць выбух гневу,
Апантаных думак безладзь сцішыць толькі волі дух.
Ён, відаць, прывычны гойсаць у самоце і бязлюддзі,
Ўсё жывое зненавідзеў, лёс цяжкі свой кленучы.
Гэта значыць, бой смяротны паміж намі, мабыць, будзе,
З нас адзін загінуць мусіць, як скрыжуюцца мячы.
Не, не марна я змагаўся, ідучы цярністым шляхам,—
Прыпыніцца ж ён павінен хоць удзень, хоць уначы.
За сцяной каменнай нават я без боязі і страху,
Калі зробіць ён засаду, мушу ўсё ж перамагчы».
Двойчы дзень змяняўся ноччу. Не спынялася пагоня.
Не рабілі перапынку ні для сну, ні для яды.
Голым стэпам, пусткай дзікай беглі змораныя коні,
А у коннікаў ліліся слёзы з гора і нуды.
На змярканні прыскакалі да абрыву кручы стромкай,
Дзе над рэчкаю пячора ззяла ў чэраве скалы.
Трыснягі шапталі нешта, а струменне пела звонка,
Дрэў рады да небасхілу горда голавы ўзнялі.
Віцязь, рэчку перасекшы, не змяніў свайго кірунку.
Аўтандзіл, што ехаў следам, прыпыніўся ля ракі.
Сам на дрэва ўзлез, рукою адхінуўшы хвой карункі,
Назіраў, як рушыў віцязь да пячоры нацянькі.
Толькі да скалы пад'ехаў апрануты ў тыгра шкуру,
Як з пячоры выйшла дзева ў чорным з галавы да ног.
На вачах блішчалі слёзы. Віцязь злез з каня пануры,
Прытуліў яе да сэрца, слова ж вымавіць не мог.
Ён сказаў: «Асмат, сястрыца, мост надзей размыла мора,
Дні сплылі, а дзеву-сонца мы й дагэтуль не знайшлі».
І сябе ў грудзі ўдарыў. Слёзны дождж паліўся з гора.
Віцязь з дзеваю маўкліва рукі ў роспачы сплялі.