Выбрать главу

І, растаўшы, нібы прывід, наўгалоп памчаўся прэч.

Нібы віхар легкакрылы, конь панёс мяне далёка,—

Ад зласліўцаў ён заўсёды выратоўвае мяне;

Як хатайцаў тых, караю ўсіх я караю нялёгкай,

Хто мне чыніць перашкоды, хто пагрозы слаць пачне.

Ты ж прыйшоў, як друг жаданы, з сэрцам чыстым і адкрытым,

Станам роўны кіпарысу, ўсе нягоды перамог,

Хоць пакут замнога бачыў; хоць нямала перажыў ты,—

Ды не знойдзеш чалавека, на каго б забыўся бог!»

Аўтандзіл сказаў: «О віцязь, я не варты слоў узнёслых,

Мне з табой не зраўнавацца, хоць таго й хацеў бы я,—

Ты ж, як вечны вобраз сонца, што ўзняло заранку вёслы,

Свеціш людзям, бо й пакутам не зламаць цябе ніяк!

Я парву сягоння чары той, аб кім так летуценіў,

Я служэнне ёй пакіну, ты вядзі з сабой мяне;

Не, крышталь чысцей заўсёды, чым каштоўнае каменне,—

Быць з табой да самай смерці — больш нішто не міла мне!»

Тарыэль прамовіў: «Сэрца ты маё крануў спагадай,

За любоў тваю і ласку чым аддзякаваць змагу?

Ёсць закон: міджнур міджнуру — дапамога і парада,

Адарваўшы ж ад каханай — чым табе дапамагу?

Ты шукаў мяне па свеце, як царыца загадала,

І знайшоў, да гэтай мэты ідучы смялей за ўсіх;

Як пра лёс мой расказаць мне, поўны горкасці і жалю,

Як мне полымя пакуты ў сэрцы бедным пагасіць?»

Тут Асмат сказала ціха: «Ручаіна слёз не зможа

Патушыць агонь кахання. Вось паслухайце, прашу:

За цябе гатоў памерці віцязь слаўны і прыгожы,

Дык, параненую цяжка, ты адкрый яму душу.

Ён прасіў мяне аб гэтым, шчырай думкаю сагрэты,

Каб, уведаўшы прычыну, памагчы ў бядоце мог.

Можа ўцеху прынясе ён, да тваёй наблізіць мэты,—

Хараство не слепіць вока, калі шле яго нам бог!»

Тарыэль маўчаў, хоць сэрца несціхана палымнела,

А пасля сказаў: «Была ты мне заўжды радней сястры.

Толькі вылечыць не можна дух, не падуладны целу;

Мне шкада, што й гэты віцязь, як і я, ў агні гарыць.

Як знайсці людское шчасце, калі бог яго не творыць?

Ад тугі дранцвее сэрца, як успомню пра яе;

Я даўно са шляху збіўся, сеткай лёг на вочы морак,

Бурка ды бярэмя сена — вось здабыткі ўсе мае.

Але той, хто шле нам сонца, надзяляе мужнай сілай,

Двойчы дар мне пасылае з недасяжнай вышыні:

Першы: я злучу навекі Цінацін і Аўтандзіла;

Па-другое: сам, быць можа, не згару ў тым агні».

І сказаў ён: «Слухай, віцязь, хто сабрату стаў сабратам,

Смерці той не пабаіцца, не разгубіцца ў імгле.

Слухай жа расказ мой сумны, так пакутамі багаты,—

Бог адным даруе шчасце, а другім няшчасце шле.

Сядзь і ты, мая сястрыца, набяры вадзіцы чыстай,

Апануе непрытомнасць — акрапі сваёй рукой.

А сканаю — не журыся, памяні слязой агністай,

Закапай глыбей, калыскай будзе хай зямля бацькоў».

Расхінуў каўнер на шыі, скінуў з плеч магутных шкуру

І сцямнеў, нібыта сонца, што схавалі зграі хмар,

Вусны сціснуў, скамянеўшы, доўга так сядзеў пануры

І, глыбока ўздыхнуўшы, слёз пякучых не стрымаў.

«О каханая,— рыдаў ён,— дзе цябе я адшукаю?

Ты жыццё маё і шчасце, ты вачэй маіх краса!

Хто падсек цябе пад корань, быццам дрэва ў шатах раю,

Хто спустошыў маё сэрца, спапяліўшы думак сад?»

ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ

«Расказаць пра ўсё гатоў я, хоць язык мой і нямее;

Будзь жа ўважлівы і слухай споведзь сумную маю!

Я спагады не чакаю ад тае, па кім шалею

І па кім у скрусе цяжкай горкіх слёз патокі лью.

Сем цароў было ў індаў — гэта кожнаму вядома;

Над шасцю ўладарыў спраўна ўсемагутны Парсадан.

Горды, шчодры і багаты, ён даваў адпор любому,—

Меў запал ён ваяўнічы, твар, як сонца, львіны стан.

Сёмым быў, на страх зласліўцам, шанаваны ўсімі бацька;

Сарыданам непахісным называўся ўсюды ён.

Не асмельваўся з ім стрэцца вораг яўна ці знянацку.

Паляванню і забавам аддаваў ён многа дзён.

Толькі быць заўжды ў самоце не хапала бацьку моцы,

Ён сказаў: «Зямель нямала змог я ў ворага забраць.

Ёсць і слава і багацце, а жыву я ў адзіноце.—

Вось і вырашыў я ўладу Парсадану перадаць».

Загадаў адразу ж ехаць ён паслу да Парсадана,

Перадаць яму: «Уладар мой, зычу век у славе жыць.

Прызнаю тваю магутнасць і над Індыяй ўладанне,

І, як верны твой падданы, я хачу табе служыць».

Цар бясконца быў шчаслівы незвычайным тым здарэннем,

Адказаў: «Я, цар краіны, сёння славіць бога рад,

Што прыняў, са мною роўны, ты мудрэйшае рашэнне,—

Прыязджай — і ты мне будзеш госць найпершы, родны брат!»

Атрымаў мой бацька царства разам з чынам амірбара,

Амірбар жа ў індыйцаў разам з тым і спасалар.

Кіраваў і жыў шчаслівы, меў усё, аб чым ні марыў,

Толькі кесарам не быў ён — а ў астатнім той жа цар.

Парсадан сябе паводзіў з бацькам так, як роўны з роўным;

Гаварыў: «Найлепшы ў свеце амірбар дастаўся мне!»

Быў ён першы ў паляванні, з перамогай вёў ён войны,

Да яго я непадобны, як ніводзін да мяне.

Цар з царыцай гаравалі — пераемнік не радзіўся,

І народ увесь і войска гаравалі горам тым.