Выбрать главу

— Са зруйнаванага касцёла. Частка надмагілля, — патлумачыў Вінцук і пачаў здымаць грубую тканіну са шматлікіх бясформенных фігур…

І ў мяне перахапіла дыханне. Гэта была драўляная скульптура — менавіта наша, беларуская, непаўторная. Не пазней семнаццатага стагоддзя. Раскрыжаваныя Хрысты, каструбаватыя, нязграбныя. Святыя Дзевы са складзенымі на грудзях рукамі. Майсей з вялізнымі рагамі-прамянямі на галаве… Кожная з такіх скульптур была больш вартасная за ўвесь кіч, сабраны ў залах наверсе. «Вядома, нічога дзіўнага, — з горыччу думала я, — што «вялікі знаўца» Нічыпар Цудко не палічыў патрэбным выстаўляць такое «ламачча» наверх». Вырабы мясцовых геніяў былі непараўнальна далёкія ад вытанчаных статуэтак а-ля антычнасць. Шэрае дрэва, паедзенае шашалем, пашкоджанні, часам значныя, надавалі скульптурам зусім нехлямяжы выгляд. Колькі падобных шэдэўраў загінула ў калгасных грубках — страшна ўявіць. Я наблізілася і са здзіўленнем заўважыла, што не так даўно дрэва апрацоўвалі нейкім кансервантам. Можа, Альберцік паклапаціўся? А Вінцук працягваў адкрываць багацці скляпення. Многае, што захоўвалася тут, было, відаць, вынесена з тых жа касцёла ды царквы. Перада мной, як у сне, узнікалі надмагільныя барэльефы, драўляная разьба частак алтара з ранамі ад барбарскай сякеры, фрагменты каваных агароджаў, кераміка — не такая, як наверсе, а вялізарныя гаршкі, дымленыя збаны з паадбіванымі горламі… Скрыня, напоўненая чарапкамі са слядамі ручнога роспісу, кавалкамі кафлі… Якое багацце! Я схапіла са стэлажа папку. Стос жоўтых, махрыстых па краях лістоў… Ды гэта ж «Рэвізская сказка» за 1802 год Наўеўскага павета! А побач стаяла чарка, непрыгожая, зялёная чарка — менавіта такія рабілі на гуце ў суседнім павеце чатыры стагоддзі таму… Падобныя ёсць не ў кожным музеі!

І гэты, з дазволу вашага, калекцыянер выставіў наверх, як найвялікшую каштоўнасць, штампаваную парцэлянавую пастушку, якой прыкрашала свой камод якая-небудзь нэпманша!

Ад абурэння я пачала разважаць услых, і вартаўнік сярдзіта азваўся:

— Наракаеце на дурнога дылетанта — не ўмеў ацаніць багацці, якімі валодаў, і шанаваў кіч? А вы ведаеце, што толькі дзякуючы такім «дылетантам», як Цудко, і захоўваецца большасць скарбаў нашай культуры? Не вы ж, прафесіяналы-тэарэтыкі, выкопваеце з кучы друзу чарапкі, не вы з-пад каўша экскаватара выносіце кавалкі старажытнай скульптуры… Урэшце, усе гэтыя рэчы стаяць тут, яны не выкінутыя на сметніцу, дачакаліся вас, каб вы пра свае «адкрыцці» у дысертацыі напісалі. І ўсё — дзякуючы вясковаму дылетанту.

Мой апанент распрастаў спіну, вочы яго свяціліся непадробным інтэлектам…

— Хто вы такі? — вырвалася ў мяне.

Вінцук адразу змяніўся, нібыта надзеў выпадкова згубленую маску.

— Вартаўнік я.

І адвярнуўся, пачаў старанна ўхутваць скульптуры радном. Але позна — цяпер я была ўпэўненая, што парадак у гэтым скляпенні быў невыпадковы і дрэва было адрэстаўрыраванае менавіта ім. Але паколькі ён не жадаў заводзіць са мной размовы на гэтую тэму, я мудра замаўчала і ўзяла са стэлажоў яшчэ некалькі папак. Вінцук адышоўся ў цемру далёкага кута, паваждаўся там і прынёс мне яшчэ нейкія паперы.

— І гэта пачытайце, вам цікава будзе.

Я выйшла за Вінцуком наверх, яшчэ раз падзівіўшыся фундаментальным дзвярам і адмысловаму набору замкоў.

А наверсе нас ужо чакалі. Фальстафаўская фізіяномія старшыні яшчэ больш ільснілася і расплывалася ва ўсмешцы. Мусіць, таму, што на гэты раз усміхаўся не толькі мне, але і іншым важным гасцям — найперш прыгожай жанчыне ў пясцовым футры. Калі я была ў вёсцы экзотыкай, дык гэтая кабета мусіла здавацца прыхаднем з іншага свету — не таго, адкуль прывіды, а таго, дзе ездзяць у студзені загараць на Гаваі, а ў ліпені адпачываюць на горналыжных швейцарскіх курортах… Жанчына нецярпліва пастуквала аб драўляную абдрапаную падлогу дасканалым боцікам з казачнай срэбнай скуры на высокім абцасе. Светлыя валасы гэтак жа дасканала закручваліся ў локаны, вялізныя шэрыя вочы раўнадушна-ўпэўнена пазіралі на свет. Твар з вытанчанымі рысамі здаваўся лялечным. Аднак угадвалася за гэтай лялечнай красою ўнутраная сіла, ці, хутчэй, уладарнасць. Таму я не адразу разгледзела двух спадарожнікаў прыгажуні, хаця яны таксама заслугоўвалі ўвагі,— бамбіза ў кажуху, не раўнуючы целаахоўнік, і дзядзечка ў доўгім чорным паліто з каракулевым каўняром і ў каракулевай шапцы. «Прынцэса» і яе світа… Старшыня мітусіўся:

— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.

Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.

— Не адчыню.

Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.

— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?

— У тым і справа, што ведаю.

«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.

— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:

— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!

— Гэта не вам меркаваць.

Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.

Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.

— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.

— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…