— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?
— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.
— Кантрабандысты?
— Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, — не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» — апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека — справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.
Я магла толькі развесці рукамі.
— Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?
— Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:
— Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:
— Толькі без высакароднага сышчыка.
— Ну а потым, пасля лячэбніцы…
Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.
— Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?
Жартуе, ці што?
— Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.
— Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, — сур'ёзна патлумачыў Вінцук. — Яна шчыра верыла, што ўсяму віной — толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне — самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу — нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.
Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.
Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:
— Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці — інфаркт.
Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…
— Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка — прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.
Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:
— Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?
У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою — маўляў, не надакучыла…
— Ну, што ж… Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты… Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне н яма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў… Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты… Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць — у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем… Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы…
— А як жа карціны? — спытала я. — Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б…
— Карціны… — задумліва паўтарыў Вінцук. — Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку… Але я згубіў веданне — для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну… Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся… Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум… Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.