— Вы проста іпахондрык! — крычала я. — Вы і з карцінамі сваімі так — нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена — не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру — вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
— Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
— А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? — абуралася я. — Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва — служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
— Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства — цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» — і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі — бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы — проста мармуровы анёл без сэрца.
— Што?! Гэта я — без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:
— Падарожжы ў часе любіце?
Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.
— Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…
Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.
Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.
— А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:
— Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб — спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць — ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.
Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.
Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.
— Ну, мяне чакаюць…
Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
— Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?
— Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.
О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?
Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць — ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.
Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:
— Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця — адкрытасць насустрач — і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар'яцкае спалучэнне…
— Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар'ят, ці псіхатэрапеўт, — не вытрымала я.
Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.
Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.
— Вінцук, чуеце?!
Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.
— У доме нехта ёсць!
Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.
— Хадзем, толькі ціха!
— Можа, гэта Нюта мяне шукае? — няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.