Выбрать главу

Апаліў чароўны позірк бліскавіцаю мяне.

З тых часін плачу я моўчкі смутку горкую даніну.

Бо хіба кап'ё з алмазу сэрца з каменю пратне?!

Прыгадаўшы, што царэўну цар хавае, нібы скнара,

Затрымаўся я наводдаль, цар жа полаг адхінуў

І сказаў рабыні строга ўзяць здабычу ў амірбара.

Я знямеў, нібы знянацку ў бездань раптам зазірнуў.

Тут Асмат насустрач выйшла. За заслонай расхінутай

Я на міг пабачыў тую, позірк чый працяў кап'ём.

Узяла Асмат дзічыну, я ж стаяў, здзіўленнем скуты.

Гора мне! З часіны гэтай сэрца ў полымі маё!

Дзе ж яна, што воч мігценнем блікі сонца засланяла?»

І, падкошаны ўспамінам, віцязь галаву схіліў.

Аўтандзіл з Асмат рыдалі — абуджала рэха далі:

«О пакуты, як аслабіць сілу дужых рук змаглі?»

Тут Асмат вадой крынічнай твар змярцвелы асвяжыла:

Ачуняў ён, хоць тугою сэрца сціснута было.

І, з зямлёй змяшаўшы слёзы, ён прамовіў цераз сілу:

«Мне згадаць яе — пакута, для якой замала слоў.

Той, хто верыць безразважна ў свет жыцця, ў яго праявы,

Паспытае неаднойчы горыч здрадніцтва спярша;

Хто ж ідзе на бой са здрадай, той адчуе слодыч славы.

Дык паслухай, покуль цела не пакінула душа.

Я аддаў Асмат дзічыну, а ў самога змерклі вочы,

І, самлеўшы нечакана, ніцма я ўпаў на дол;

Апрытомнеў: чую лямант, галашэнне, плач дзявочы,

Між натоўпу сам, як човен, што абкружаны вадой.

Я ляжаў у пышным ложку пасярод вялікай залы.

Цар з царыцаю няўцешна галасілі нада мной,

З гора дзерлі свае шчокі; мукраў склікалі. Сказалі

Тыя хорам: «Д'ябал, мусіць» заўладаў яго душой!»

Толькі я расплюшчыў вочы, цар абняў мяне, як бацька,

І сказаў: «Сынок, жывы ты? Слова мне скажы адно».

Я ж дрыжаў, як апантаны, моўны дар згубіў знянацку,

Адказаць не змог нічога, бо прытомнасць страціў зноў.

Абступілі тут мой ложак магі-мукры і мулімы

І радкі свяшчэннай кнігі ўсё гамзалі ў вушы мне,

Каб нячыстага адолець заклінаннямі пустымі;

Я тры дні без перапынку лютым жарам палымнеў.

Зрэшты лекары сказалі: «Тут не маюць сілы лекі,

Бо ў яго баліць не цела, а душа агнём гарыць».

Як вар'ят, кідаўся з ложка я ў трызненні дзікім нейкім

Слёзы, што ліла царыца, мору не змясціць.

Так тры дні ў гарачцы гэтай я прабыў зусім змярцвелы

І, нарэшце ачуняўшы, авалодаў сам сабой.

Я падумаў: «Божа мілы, калі я застаўся цэлы,

Памажы цяпер акрэпнуць мне параненай душой!»

Я сказаў уголас: «Божа, дай мне сілы стаць на ногі

І пазбаў пакут сардэчных, каб пакінуць мог палац.

Сам сябе магу я выдаць, калі зваліць зноў знямога».

І пачуў мяне ўсявышні — сталі сілы прыбываць.

Сеў на ложак я... І слугі ўраз цару аб тым сказалі;

Бачу — подбегам царыца да мяне хутчэй спяшыць,

А за ёю цар без шапкі сам з'явіўся ў пышнай зале,

Услаўляў ён літасць бога на ўвесь голас, ад душы.

Пасядалі каля ложка, з рук сваіх пітво давалі.

Я сказаў цару: «Ўладар мой, стаў здаровы я зусім.

Я б хацеў праехаць верхам, беражком у стэпаў далеч».

Падвялі нам добрых коней і паехалі мы з ім.

Мы праехалі праз поле, каля рэчкі, па ўзбярэжжы.

Цар мяне дамоў праводзіў, сам жа прэч каня пагнаў.

Дома горш мне стала — сэрца зноў заныла ранай свежай.

Я сказаў: «Ратунак можа даць мне толькі смерць адна».

Твар крыштальны стаў шафранным, бо абмыты быў слязою,

Дзесяць тысяч вострых коп'яў сэрца мне пратнулі зноў.

Вартавы прыйшоў, паклікаў ён дварэцкага з пакоя;

Я падумаў: «Той ці гэты, хто з іх прыйдзе з навіной?»

Ад Асмат слуга з'явіўся. Я ў палац яго паклікаў.

Увайшоў і даў мне ў рукі ён любоўнае пісьмо.

Прачытаў яго — здзівіўся, сум на сэрцы быў вялікі:

«Як дзяўчыне гэтай сэрца я спаліць знянацку мог?»

Дзівам дзіўным мне здалося гэта смелае прызнанне.

Прамаўчаць жа — непачцівым быў бы гэткі ўчынак мой.

Ды ці мог губіць надзею я ў тым сэрцы на каханне?

І ў адказ паслаў адразу я прыязнае пісьмо.

Дні міналі. Разгараўся пачуцця агонь спякотны,

Не выходзіў я да войска, пазбягаў зусім людзей;

Не з'яўляўся да цара я, скуты хворасцю маркотнай,—

Так, знясілены, даніну я плаціў жыццю штодзень.

Лекары мне ўсе абрыдлі. І ніхто не мог дазнацца,

Што каханнем — не хваробай я захоплены ў палон.

Кроў пусціць мне цар параіў. З ім не мог я не згаджацца,—

Мне сапраўдную прычыну так хаваць лягчэй было.

Кроў пусцілі. Ў спачывальні я ляжаў, журбой скаваны.

Раптам зноў ганец з'явіўся. Загадаў яго прыняць.

Ад Асмат ён быў. Здзівіўся я з тае, кім быў пасланы

Той слуга. «Навошта,— думаў,— ёй такая мітусня?»

Ён аддаў пісьмо мне ў рукі. Прачытаў яго: дзяўчына

Неадкладна запрашала на спатканне ў ім мяне.

Адказаў я: «Да спаткання я гатовы штохвілінна.

Загадай — і я з'яўлюся, толькі змрок гусцець пачне».

Сэрцу ж я сказаў: «Выходзіць гэта ўсё не вельмі складна.

Мне, цару і амірбару, чэсць за ўсё вышэй мая.

Сто разоў мой грэх правераць і, закону падуладны,

За знявагу царскай чэсці ў выгнанні буду я».

Ад цара слуга з'явіўся пра здароўе запытацца.