Але ж дзеве з амірбарам вельмі сціплай трэба быць.
І хоць стрыманай жанчына быць павінна пры мужчыне,
Але горш хаваць пачуцці, калі гора ў сэрцы шмат.
Так і я прыкрыла ўсмешкай гора тайнага прычыну;
Вось таму я і паслала да цябе сваю Асмат.
З тых часін, як пакахалі мы з табой адзін другога,
Аднаму табе належу — клятвы слоў не забывай!
І на тым стаяць нязменна буду я па волі бога;
Калі ж здраджу — хай мне пекла дасць прытулак, а не рай!
Дык ідзі, мой віцязь мілы, ў бой рашучы на хатайцаў;
Дай жа бог, каб з перамогай ты вярнуўся, як герой.
Як мне выцерпець разлуку, як цябе мне дачакацца?
Сэрца мне сваё пакінь ты, а маё вазьмі з сабой!»
Адказаў: «Дзеля цябе я галаву гатовы скласці;
Ты жыццё мне захавала, каб з нуды не спапялеў;
Ты вачэй маіх свяцільня, ты нязгасны промень шчасця!
Дык пайду я на хатайцаў, як адважны грозны леў!
Так, як я табой адоран, не пасмеў ніхто б і марыць,
Бог цябе паслаў, каб вечна быў пазбаўлен я трывог,
Ты вачэй агністым бляскам разагнала ў сэрцы хмары,
Твой я — покуль не разверзне ў гневе нетраў бездань бог!»
Мы над кнігай вечнай клятвы пакляліся з ёю разам,
А яна ў сваім каханні прысягнула двойчы мне:
«Калі я парушу вернасць, хай абрушыцца адразу
Кары грозная дзясніца гневам божым на мяне!»
Хутка час прабег кароткі ў гаворцы задушэўнай,
Паміж слоў салодкіх елі мы салодкія плады.
У хвіліну развітання грудзі боль сціскаў страшэнны,
Ліўся ў сэрца бляск праменны з воч каханай маладых.
Цяжка мне было не бачыць твар з крышталю і рубінаў.
У шточасным аднаўленні лашчыў вока свет дзівос,
Мне эфір струменіў сонца праз блакітныя глыбіні.
Сам дзіўлюся, што разлуку перанёс, як буру ўцёс».
ПАХОД ТАРЫЭЛЯ Ў ХАТАЙ І ВЯЛІКАЯ БОЙКА
«На каня я сеў уранку, загадаў: «Трубіце ў трубы!»
Апісаць табе не ў сілах, як ішлі мы ў той паход.
Нібы леў, я з войскам рушыў,— не мінуць хатайцам згубы! —
Мы ішлі па бездарожжы, не збаяўшыся нягод.
За індыйскія ўладанні перайшлі мы неўзабаве.
Хан Рамаз паслаў насустрач нам ліслівага пасла;
Ён сказаў, каб гнеў наш зменшыць, той штукар у хітрай справе:
«Можа пасці воўк хатайскі ад індыйскага казла!»
Ад Рамаза перадаў ён падарункі дарагія
І сказаў: «Хан слёзна просіць: не знішчай ты нас усіх!
Мы ж і так сваёй пакорай моцна скручаны за шыі,—
Згодны мы аддаць без бою скарб увесь, дзяцей сваіх.
Ты даруй за грэх. Схіляем мы павінныя галовы:
Не вядзі, пабойся бога, войскі ўсе свае сюды!
Каб унікнуць руйнавання, мірным шляхам здаць гатовы
І малому твайму войску нашы замкі, гарады».
Склікаў я сваіх візіраў, пасадзіў усіх з сабою.
Мне сказалі: «Віцязь юны, ты старых паслухай нас:
Вораг хітры — смерць-расправу ён рыхтуе над табою,—
Сцеражыся, каб наўперад папярэдзіць здрады час.
Ты збяры найбольш адважных, з імі руш у край варожы,
Войска пойдзе следам. Весткі хай ганцы шточасна шлюць.
Будуць шчырымі хатайцы — хай клянуцца імем божым,
Калі ж не — хай помста спаліць непакорную зямлю!»
Спадабаліся парады, што далі мае візіры.
Адказаў: «Рамаз, я згодзен з прапановаю тваёй:
Лепш, чым ад мяча загінуць, жыць у злагадзе і міры;
Да цябе іду без войска, я з аховаю адной».
Трыста воінаў надзейных у паход я ўзяў з сабою,
Войска ззаду прыпыніўшы, сам падаўся ў добры час.
Загадаў: «Куды б ні йшоў я, вы ідзіце ўслед за мною,
А падыдзе небяспека, я адразу клікну вас».
Мы тры дні ішлі. Сустрэўся нам другі пасол ад хана;
Ён прыслаў шаўкоў нямала і пярсцёнкаў залатых.
Перадаў Рамаз: «Сустрэцца вельмі з вамі пажадана,
Вас чакае тут багата падарункаў дарагіх».
І дадаў: «Пасол гаворыць ад майго імя ўсю праўду.
Сам табе насустрач еду я без воінаў адзін».
Адказаў я: «Бог мне сведка, прапанове гэтай рады,—
Мы сустрэнемся з табою так, як з бацькам родны сын».
Спачывалі мы аднойчы на густым лясным улонні;
Зноў паслы прыйшлі з пашанай нізка-ўгодлівай сваёй,
Мне прыгналі ў падарунак маладых стаенных коней.
«Сапраўды,— сказалі,— прагне цар пабачыцца з табой!»
І дадалі: «Дакладае цар табе: «Я дом пакінуў
І насустрач еду, шчасны заўтра ўбачыцца з табой».
Я паслоў прыняў гасцінна, даў шатры ім для спачыну,
Дываны паслаў, увагай ашчаслівіўшы сваёй.
Справа добрая падзякі заслугоўвае звычайна,—
З тых паслоў адзін употай у шацёр пракраўся мой:
«За дабро,— сказаў, і ласку я табе адкрыю тайну,—
Хай яна цябе ўратуе ад пагібелі ліхой.
Выхаванцам твайго бацькі быў калісь я паслухмяным.
Зараз я пачуў пра змову і сказаць табе прыбег.
Ці ж магу цябе, як ружу, бачыць мёртвым, растаптаным?
Ты паслухай — падрабязна раскажу я ўсё табе:
Ведай, віцязь, хан хатайскі для цябе рыхтуе здраду,—
Ён схаваў у лесе дзесьці свой стотысячны атрад,
Трыццаць тысяч жа схавана ў іншым месцы ў засаду,—
Калі ты не будзеш пільным, дык не вернешся назад.
Цар цябе сустрэне з ласкай — ты прыемны для пагляду,—