Ласкай велічнай красуня блаславіць няхай мяне!
Прагну зноў яе пабачыць, хоць і слепяць вочы любай,
Толькі, спалены каханнем, не схаваюся нідзе.
Я малю: душу пакінь мне, асудзіўшы плоць на згубу!
Як уславіць трох герояў, сілы мне набрацца дзе?
Прымем тое мы без крыўды, што паслаў нам лёс ад роду:
Хай арэ зямлю араты, воін б'ецца на вайне,
Хай шалее закаханы, ў тым знаходзіць асалоду,—
Хто нікога сам не судзіць, суд людскі таго міне!
Дар паэзіі спрадвеку — яснай мудрасці праява,
У напеўнасці чароўнай воля божая відна.
Здольны слухаць — будзе ўсцешан асалодай гэтай з'явы.
Сказ даўгі зрабіць кароткім — вось паэзіі цана!
Для каня выпрабаванне — шпаркі бег і шлях далёкі,
Для таго, хто ў мяч гуляе,— пільны зрок і трапны ўдар.
Гэтак вось і для паэта — дум спыніць узлёт высокі,
Калі сіла верша чэзне і пачуццяў гасне жар.
Вы зірніце на паэта і на верш яго няроўны,
Калі слоў агонь марнее і радкі губляюць строй,—
Ён скароціць красамоўства, ён не здасца ўсё роўна,
Ён чагана ўдарам трапным бой закончыць, як герой.
Той не можа быць паэтам, хто сяк-так дзве рыфмы звяжа,
Хоць сябе ўяўляе роўным ён сапраўдным песнярам,
Хоць убогай думкі немач вершам кволым перакажа,
Хоць крычыць «Мой верш найлепшы!», нібы мул, упарты сам.
Дробны верш — паэтаў дробных уласцівасць і прызванне,
Не пратне людскія сэрцы сцёртых слоў нязграбны лад.
Параўнаў бы я іх з тымі, хто, йдучы на паляванне,
Звера буйнага баіцца — б'е адважна зверанят!
Верш у іншых для забавы, ці прысвечаны дзяўчатам,
Ці для кпінаў над сябрамі, ці для іншых дробных мэт.
І такі пацешыць можа, калі думкаю багаты,
Але толькі ў значным творы вызначаецца паэт!
Не, пясняр не мае права марнаваць сваё натхненне,
Сэрца хай аддасць адзінай, ахвяруе для яе —
Лепшай з лепшых ва ўсім свеце — вершаў палкіх зіхаценне
І на струнах сэрца песні пра яе адну пяе.
Пра сябе скажу вам шчыра: услаўляў я і ўслаўляю
Тую, што ў адно звязала гонар, шчасце і жыццё;
Хоць яна, нібы пантэра, ў гневе літасці не мае,
Для яе ў наступных песнях аддаю ўсё пачуццё!
Сутнасць вечная кахання горды дух наш уздымае,
Пра яго ў звычайнай мове слоў высокіх нестае.
Воля неба ў тым каханні, хоць зямныя скрухі мае,
Хто дасяг яго — хай гоніць прэч сумненні ўсе свае.
Ахапіць не ў сілах розум тых пачуццяў сэнс глыбокі,
Бо язык стаміцца можа, вушы — страціць востры слых.
Хоць і блізкі ён да плоці, ўсё ж кахання дух высокі,—
І распусны хоча ўзняцца да вышыняў чыстых тых.
Закаханы да вар'яцтва называецца «міджнурам»,
Бо, разлучаны з каханай, вар'яцее ад тугі.
Той імкнецца да вышыняў, супярэчыць грозным бурам,
Ласкай пышнае красуні хутка ўсцешыцца другі.
Быць міджнурам — значыць трэба ззяць красою, нібы сонца,
Сеяць мудрасць, красамоўства, шчодра ласку ўсім дарыць,
Быць свабодным і цярплівым, быць бязлітасным у бойцы,—
Той не можа быць міджнурам, хто пазбаўлен гэтых рыс.
Сэнс кахання для міджнура — прыгажосці свет таемны.
Бедны той, хто на распусту маладосць змяняў сваю.
Ёсць багаты свет кахання, ёсць распусты свет нікчэмны —
Іх не блытайце ніколі — я параду вам даю!
Быць міджнурам — значыць вернасць захаваць сваёй каханай,
Каб падчас разлукі доўгай сэрцам палкім не астыць,
Быць адданым ёй адзінай, прэч адкінуўшы заганы.
Ганьба ўсім спакусам танным, пацалункам іх пустым!
Той памыліцца, хто скажа, што міджнур на гэта хцівы:
Сёння з гэтай, заўтра з тою, дзе жанчына, нібы рэч.
Не, залётніцтва такое ветрагонам уласціва.
Толькі той міджнур сапраўдны, хто спакусы гоніць прэч!
Закаханаму перш-наперш трэба ўмець хаваць пакуты,
Аб каханай штохвіліну ў адзіноце ўспамінаць,
Ад разлукі невыцерпнай палымнець душою скутай,
Часам гнеў сцярпець пакорна той, што між усіх адна!
Не павінен ён нікому адкрываць імкненняў мэты,—
Можа любую зняславіць і сляза, і горкі стогн,—
Не даваць заўважыць людзям пачуцця свайго прыкметы,
Быць гатовым, калі трэба, за яе пайсці ў агонь.
Як таму паверыць можна, хто кахання не шануе,
Хто на людзі ўсё выносіць, шкодзіць любай і сабе?
Як яе праславіць можа, калі ўжо зняславіў тую,
Боль каму прынёс і сорам, даўшы волю злой журбе?
Я дзіўлюся з тых няшчырых, хто пляткарыць аб каханні,
Хто дарэмна ганьбіць тую, што ўсхваляў сто раз на дню.
Не кахаеш — дык навошта знеслаўляць яе дазвання?
Але злыдзень вельмі любіць абгаворы і хлусню!
Плач і слёзы па каханай — для міджнура не загана,
Адзіноцтва і блуканні хай спазнае ён да дна,
Вобраз любай хай заўсёды сэрца будзіць несціхана,—
Толькі людзям не павінна быць душа яго відна!
ПРА РАСТЭВАНА, АРАБСКАГА ЦАРА
У Аравіі ўладарыў, з ласкі божае шчаслівы,
Правадыр магутнай раці Растэван — арабскі цар.
Сціплы, велічны і шчодры, красамоўны, справядлівы,
Воін мужны і выдатны, меў ён розум мудраца.
Не было ў яго нашчадкаў, апрача дачкі адзінай,