Вобраз любай непаўторны растрывожыў сны мае,—
Я прачнуўся — светлы прывід знік раптоўна ў цемры ночы,—
Не заснуў я, не пачуўшы гукаў голасу яе».
НАРАДА НАКОНТ ЖАНІХА ДЛЯ НЕСТАН-ДАРАДЖАН
«Рана, толькі развіднела, у палац мяне пазвалі.
Я пайшоў; і адляцелі мараў чары пакрысе.
Цар з царыцай, тры вяльможы засядалі ў троннай зале,
Запрасілі на размову, я наводдаль іх прысеў.
Цар сказаў: «Гады мінулі, час ісці на адпачынак,
Непапраўныя прыкметы бачым старасці сваёй.
Бог паслаў дачку-красуню, ды не даў для ўцехі сына,—
Мы не тужым: як за сынам, наглядаем за дачкой.
Дзе знайсці царэўне мужа — вось што нас турбуе сёння,—
Каб да нас ён быў падобен, каб не спляміў царскі трон,
Каб дзяржавай уладарыў згодна з мудрасцю закона,
Каб на страх варожай сіле меч трымаў высока ён».
Я сказаў: «Хоць сэрцу прыкра, што няма ў вас спадкаемца,
Але ёсць дачка-царэўна — сонцам ёй над намі ззяць!
Хто з цароў аддасць вам сына — таму сонца ўсміхнецца.
Што яшчэ скажу? Глядзіце, хто для вас найлепшы зяць».
Пачалі нараду. Сэрца разрывалася ад болю.
Я падумаў: «Што зраблю я? Без мяне знайшлі тут лад».
Цар сказаў: «Калі з Харэзма шах да нас увойдзе ў долю
І аддасць у прымы сына, буду я бязмерна рад!»
Не было між імі спрэчак, гаварылі ўсе дарэчы,
Бачыў я па іхняй згодзе: ўсё дамоўлена раней.
Што я мог? Пярэчыць — значыць страціць гонар чалавечы.
Прах і попел — вось што ў час той засталося ад мяне!
Тут прамовіла царыца: «Над вялікаю дзяржавай
Мае ўладу шах. Найлепшым зяцем будзе сын яго».
Хіба ж мог я перашкодзіць, калі вырашана справа?
Гэты дзень паклаў пачатак дню канца жыцця майго.
Цар паслаў ганца да шаха, каб хутчэй прыслаў той сына.
«Без наследніка,— пісаў ён,— зараз трон застаўся мой.
Ёсць дачка; аддаўшы замуж, на каго я трон пакіну?
Хай твой сын ёй стане мужам і царом зямлі маёй!»
Чалавек вярнуўся хутка, шмат прывёз ён падарункаў.
Навіне той нечаканай быў бясконца рады шах.
Ён пісаў: «Я ў захапленні справы мудрае кірункам,—
Пасылае бог нам тое, чым усцешыцца душа!»
Зноў ганцоў яны паслалі, запрашалі маладога:
«Не марнуйце часу, едзе віцязь юны хай сюды!»
Я пайшоў у спачывальню — не хацеў страчаць нікога;
Засмылела сэрца смуткам у прадбачанні бяды».
ГУТАРКА ТАРЫЭЛЯ З НЕСТАН-ДАРАДЖАН І ІХ РАШЭННЕ
«Сэрца, зраненае сумам, я хацеў прабіць кінжалам,
Ды Асмат прыслала вестку, акрыліла мой настрой.
«Ты, чый стан зграбней таполі,— мне ў пісьме яна пісала,—
Неадкладна быць павінен у каханае сваёй».
На каня я сеў, паехаў, прыпыніўся каля брамы,
Сад мінуў, дайшоў да вежы і Асмат заўважыў там:
Слёзны след звільгоціў шчокі, цень цямнеўся пад вачамі,—
Ні аб чым я не спытаўся, спахмурнеўшы тут жа сам.
Першы раз за ўсе сустрэчы я Асмат такою бачыў:
Не ўсміхалася дзяўчына мне прыветна, як раней,
Не сказала ані слова,. лівень слёз ліла гарачы
І, замест палёгкі, сэрца больш разверадзіла мне.
Потым думкі-палятункі павяла мае далёка;
Потым дзверы адчыніла да адзінае-адной.
Я ўвайшоў, я ўбачыў месяц — з воч зляцела павалока,—
І хоць бляск мне ў сэрца хлынуў — не растала ўсё ж яно.
Позірк дзіўнае красуні ўжо не веяў цеплынёю;
Плечы шаль яе ахутваў, што з Хатая я прывёз.
На тахце адпачывала, ўся ў сваіх дзівосных строях;
Твар, асветлены маланкай, арасілі кроплі слёз.
Як між скал тыгрыца, грозна бліскавіцы з воч кідала;
Не маглі зраўняцца з ёю сонца, месяц, кіпарыс.
Сеў наводдаль я, а сэрца зрэнкі-стрэлы праціналі.
Паднялася — гнеў ружовіў твару мілага абрыс.
Мне сказала: «Я дзіўлюся з баязліўца-пустаслова!
Здраднік, клятвы парушальнік, злосным злыдням родны брат!
Бог няхай цябе за гэта знішчыць караю суровай!»
Я спытаў: «Як павініцца ў тым, у чым не вінават?»
Я сказаў ёй: «Растлумач жа, дзе схавана сутнасць справы?
Што злачыннага зрабіў я, ў чым мой грэх перад табой?»
Зноў сказала: «Хлус нікчэмны, ты мой гонар абняславіў!
Як магла я гэтак схібіць? Сорам паліць розум мой!
Як не ведаў ты, што хочуць мне сасватаць сына шаха?
Сам жа быў ты на нарадзе, сам на гэта згоду даў!
Ты парушыў слова клятвы, стаў слугой хлусні і страху!
Хай жа здрадніка спасцігне гневу божага бяда!
Ты забыўся, як стагнаў ты, як ты слёзы ліў без меры?
Як прыносіў мукра лекі, як прыходзіў кастапраў?
З кім я хлуса параўнаю, да каго згубіла веру?
Зрокся ты — і я зракуся, будзем бачыць, хто прайграў!
Хто б ні быў царом індыйскім, застануся я царыцай,—
Хоць бы праўдай ці няпраўдай прабіраўся ён на трон;
Мне належаць будзе ўлада, іншы ж можа памыліцца,—
Хто падкоп другому робіць, на змяю падобен ён!
Жыць ты ў Індыі не будзеш, покуль я жывая буду;
Застанешся — разлучыцца могуць цела і душа.
Дзе, як я, такую знойдзеш, хоць на неба лезь з аблуды»
Зарыдаў тут віцязь горка — загарэўся ў зрэнках шал.
Ён сказаў: «Пачуўшы гэта, абудзіў я зноў надзею.