Хараства яе бліскучасць распазнаць я змог ізноў.
А цяпер згубіў усё я. Як, спытай, не вар'яцею?
Свет маны, дакуль ты будзеш з жыл маіх высмоктваць кроў?
Фаліянт свяшчэннай кнігі я заўважыў на ўзгалоўі,
Ўзяў яго, уславіў бога, ўславіў дзеву ўсёй душой.
Я сказаў: «О сонца праўды, паліш ты пачварства злое,
Дай жа мне, пакуль жывы я, адказаць на закід твой!
Калі тое, што скажу я, будзе хітраю хлуснёю,
Хай памеркне сонца ў небе, хай заб'е мяне пярун.
Будзь суддзёю справядлівым — чысты я перад табою!»
«Гавары!» — І голас мілы загучаў, як гранне струн.
Я адважыўся: «О сонца, калі зрокся абяцання,
Хай маланкі навальніцы спапяляць мяне ў агні!
Назаву каго я сонцам, кіпарысам хто мне стане?
Толькі ты. Скрывіў душою — сэрца мне кап'ём пратні!
Цар мяне ў палац паклікаў, там наладзіў ён нараду:
Пагадзіліся царэўну з сынам шаха павянчаць.
Што сказаць я мог на гэта? Як давесці да разладу?
Я падумаў: лепш часова сваю згоду паказаць.
Як пярэчыць бацьку мог я, раз не мог ён здагадацца,
Што прастола пераемнік аддае яму паклон,
Што адзін я маю права ўладаром індыйскім звацца,—
Хто б сюды ні йшоў, ні ехаў — ён не ўбачыць гэты трон!
Я падумаў: так я толькі сам сябе дарэмна збэшчу,—
Згуртаваць патрэбна думкі і разумней і шчыльней.
Нібы звер, рыкала сэрца, сто разоў хацеў я збегчы.
Не, не дам цябе нікому, калі ты не здрадзіш мне!»
Я прадаў душу за сэрца, крэпасць дум зрабіў я рынкам,—
Дождж, што ў садзе пляжыў ружу, сціх раптоўна нездарма:
Між каралаў заблішчэлі перлы-зубы, як расінкі,
І яна сказала: «Веру, тут віны тваёй няма!
Я цяпер не веру ў здраду, ў крывадушнасці загану,
Як не веру, што няўдзячны ты ў пачуццях быў сваіх.
Ты прасі рукі і трона ў майго бацькі Парсадана,
Непатрэбны жаніхі мне, трон падзелім мы ўдваіх».
Стала зноў яна ласкавай, злосць на літасць замяніла —
То свяціла нібы сонца, то як месяц малады.
Першы раз мяне з сабою поруч блізка пасадзіла,
Задушэўнаю гаворкай разагнала здань бяды.
Гаварыла так: «Разумны не спяшаецца ніколі,
Ён на свет глядзіць спакойна, бачыць зорку ў цемнаце.
Жаніха таго не пусціш — цар не дасць тады патолі,
Гнеў раз'юшаны дашчэнту славу Індыі змяце.
Калі ж пусціш харазмійца — павядуць мяне да шлюбу
І жалобы чорны колер зменіць барвы шчасця скрозь.
Ім — вяселле, нам жа — мукі, што звядуць да чорнай згубы.
Не, не будзе перс ніколі вырашаць індыйцаў лёс!»
Я сказаў: «Хай моліць бога той жаніх з усёю світай!
Толькі ў Індыю ўступяць, я сустрэну іх як след;
Пакажу ім сілу зброі, меч, крывёю іх заліты,
Пакажу я ім такое, што з аўчынку здасца свет!»
Адказала так: «Жанчына разважае па-жаноцку:
Не хачу я быць прычынай непатрэбнае крыві.
Жаніха забі, як прыйдзе, не зрабіўшы шкоды войску,—
Суд праўдзівы здольны часам нават дрэва ажывіць!
Леў, з табой схапіцца можа той, каму жыццё абрыдла.
Жаніха забі ўпотай — не бяры з сабой байцоў,
Не знішчай яго дружыны, гэта людзі, а не быдла,—
Цяжка жыць таму на свеце, хто пралье бязвінных кроў!
Жаніха ж таго забіўшы, з бацькам так вядзі размову:
«Персам Індыю ў здабычу аддаваць я не хачу.
Я — ўладальнік, драхмы нават не аддам чужому. Слову
Вер майму. А не — паўстану, усё аддам агню й мячу!»
Аб каханні нашым толькі не згадай намёкам нават,
І тады любому будзе правата твая відна.
Цар цябе ўпрошваць будзе ўзяць стырно ўсяе дзяржавы,
Ажаніўшыся са мною. Трон да твару будзе нам!»
Той парадаю натхнёны, я адчуў прыбытак сілы,—
Меч мой востры быў гатовы для распраў і перамог.
Я хацеў ісці — застацца дзева знакам папрасіла,
Я абняць яе памкнуўся, ды адважыцца не мог.
Там пабыўшы з момант, выбег, як вар'ят, я з пышнай залы.
Я з Асмат ішоў да брамы, быў разлукі горам скут.
Неахвотна йшоў адтуль я, думка розум свідравала:
«За адну хвіліну шчасця плоціш тысячай пакут!»
ПРЫЕЗД СЫНА ХАРЭЗМШАХА Ў ІНДЫЮ НА ВЯСЕЛЛЕ І ЯГО ЗАБОЙСТВА ТАРЫЭЛЕМ
«Вось ганец прымчаўся з весткай: «Цар, жаніх з Харэзма едзе!»
Ды не ведаў той нябога, што рыхтуе бог яму!
Цар вясёлы быў, прыветны, ён здалёк мяне ўгледзеў,
Падазваў кіўком. Пашану я аддаў цару свайму.
Ён сказаў: «Хай будзе сёння дзень вялікай весялосці,
Справім пышнае вяселле, бо дачка ў мяне адна.
Расчыніце сховы скарбніц, хай адчуюць нашы госці
Нашу шчодрасць і даброты — не да твару скупасць нам!»
Я паслаў людзей усюды, каб багацці ўсе сабралі.
Вось ужо й жаніх з'явіўся без затрымкі ў царскі двор.
Нашы выйшлі ім насустрач, цырымонна госці сталі.
Войска столькі сабралося, што сцямнеў увесь прастор.
Цар сказаў: «Застаўце плошчу ўсю прыгожымі шатрамі,
Хай са світаю сваёю адпачне пакуль жаніх,
А пакуль пастройце войскі ганаровымі радамі.
Ты ж,— сказаў ён мне,— ў палацы асабіста прымеш іх!»
Настаўляў шатроў атласных на майдане я нямала.
Злез жаніх з каня. Дзень гэты не нагадваў дзень паста.
Знаць вяльможная ступала па дварцовай чыстай гале,