Выбрать главу

Галава і гонар войска, смелы, спрытны, быццам леў;

Побач з ім Саграт паважны нечым быў усхваляваны.

Гаварыў адзін другому: «Што з царом? Чаму збялеў?»

Разважалі: «Цар, напэўна, повен сумных успамінаў,

Бо інакшых для маркоты мы не знойдзем тут падстаў».

Аўтандзіл сказаў Саграту: «Трэба высветліць прычыну.

Запытаем, пажартуем, каб на сэрцы лёд растаў».

Тут Саграт стары і мудры, Аўтандзіл, прыгожы станам,

Падышлі, наліўшы кубкі, да пахмурнага цара

І, ўсміхаючыся ветла, пакланіліся з пашанай.

Красамоўную прамову распачаў візір Саграт:

«Повен смутку ты, ўладар наш, спахмурнеў сваім абліччам.

Маеш рацыю: дашчэнту ўся спустошана казна,—

Што дачка параздавала, дык таго цяпер не злічыш.

Лепш не быць бы ёй царыцай, чым табе бяду зазнаць!»

Усміхнуўся цар. Ніколі не чакаў ён ад Саграта,

Што пасмее той так дзёрзка церушыць у вочы пыл,

І сказаў яму: «Ты добра ўзычыў мне, мудрэц заўзяты!

Толькі брэша той, хто лічыць, што арабскі цар скупы!

Не, візір, не гэтай думкай сэрца я сваё ўстрывожыў;

Праляцелі дні юнацтва, старасць я сустрэў сваю.

Хто ж у справах ваяўнічых пераняць мой гонар зможа?

Перадам каму я зброю, славу ратную маю?

У пяшчотах і раскошы я дачку сваю выхоўваў,—

Не дало мне сына неба — лёс такі паслаў мне бог,—

Каб, як я, з мячом і лукам быў заўсёды ў бой гатовы.

Аўтандзіл — мой выхаванец — замяніць мяне б тут мог».

Словы тыя слухаў віцязь, галаву схіліўшы нізка,

Усміхнуўся — асвятліўся твар дзівоснай пекнаты,

Рад зубоў, як жэмчуг белых, з-за пунсовых вуснаў бліскаў.

Цар спытаў: «Чаго сумеўся і чаму смяешся ты?»

І дадаў: «Маю гаворку можа лічыш недарэчнай?»

«Цар,— сказаў пачціва віцязь,— адказаць табе гатоў,

Толькі слова дай, што ў гневе не адплоціш мукай вечнай,

За абразу не палічыш гэтых дзёрзкіх маіх слоў!»

Цар сказаў: «Не буду ў крыўдзе, калі й скажаш крыўды слова».

І пакляўся Цінацінай — сонца яркаю красой.

«Цар,— тады прамовіў віцязь,— праўду р сказаць гатовы:

Не хваліся ўмельствам збройным, славай лучніка былой.

Аўтандзіл — твой прах, аднак жа лепш, чым ты, страляць умее,

Войска сведкаю паклічам — хто мастак у справе той.

Загадзя, як ты, хваліцца я, вядома, не пасмею,—

Лук і стрэлы ў ратным полі хай рассудзяць нас з табой!»

Цар сказаў «Прымаю выклік. Жартаваць я не дазволю.

Слоў сваіх ты не зракайся — адступаць назад не дам!

Лепшых воінаў у сведкі возьмем — праўду скажа поле,

Хто з нас варты гучнай славы, той убачыць гэта сам!»

Пакарыцца волі царскай давялося Аўтандзілу.

Зноў гучалі песні, жарты — кожны змене той быў рад.

Смеючыся, цар і віцязь так нарэшце парашылі:

Хай тры дні без шапкі ходзіць, хто прайграе свой заклад!

Цар сказаў: «Дванаццаць лоўчых хай за намі ўслед паверне.

Столькі ж для паслуг старанных разам з намі каб ішлі.

Замяніць адзін іх можа Шармадзін — слуга твой верны.

Сочаць хай за паядынкам і вядуць здабычы лік».

Загадаў ён паляўнічым: «Аб'язджайце луг і поле,

Выганяйце нам насустрач зграі дзікія звяругі»

У паход сабрацца войску — абвясціў ён тут жа волю.

Скончан баль і разамкнуўся весялосці шумны круг.

ЦАР РАСТЭВАН І АЎТАНДЗІЛ НА ПАЛЯВАННІ

Віцязь зграбны, як лілея, ў царскі двор пад'ехаў рана.

Як рубін, гарэлі вусны, крышталём свяціўся твар.

У адзенні пурпуровым, у парчы залататканай,

На кані сняжыста-белым ён чакаў, каб выйшаў цар.

Неўзабаве цар са світай прыскакалі ў стэп квяцісты,

Ачапілі ўсю прастору паляўнічыя наўкруг,—

Гон пачаўся ўрачысты з крыкам, гіканнем і свістам,

Паляцелі шпарка стрэлы ў спалоханых звяруг.

Выбраў цар дванаццаць лоўчых, быць пры ім сказаў сярдзіта:

«Падавайце лукі, стрэлы, каб не траціў час дарма,

І сачыце пільным зрокам, колькі звера кім забіта»,

Паляўнічыя тым часам панагналі звера шмат.

Назбягалася ад страху безліч рознае дзічыны —

Лані, сарны і алені, і куланаў табунок.

Цар і віцязь пасылалі стрэлы шпаркія няспынна,

Не стамляліся ў іх рукі, не слабеў арліны зрок.

Пыл, падняты капытамі, захінуў праменне хмарай,

Кроў гарачая лілася ў здратаваным мурагу,

Слугі стрэлы падавалі, зноў валіліся ахвяры,

Звер падбіты ратаваўся ў прырэчным трыснягу.

Праімчаліся праз поле, ўсю дзічыну разагналі,

Прагнявілі бога ў небе, арасіўшы кроўю дол.

Крыкі радасці будзілі ўстрывожаныя далі,—

Райскім дрэвам Аўтандзіла называлі ўсе вакол.

Поле скончылася. Скалы прыпынілі гон шалёны

Там, дзе беглі па каменні хвалі шпаркае ракі,

Дзе змаглі звяры схавацца, што ўцалелі ад пагоні,

Дзе спыніліся ў знямозе два сапернікі-стралкі.

Выхваляліся з усмешкай, паўтаралі: «Я адолеў!»,

Побач ехалі павольна, жартавалі хто як мог.

Слуг паклікалі нарэшце, паслухмяных царскай волі.

«Вы скажыце,— цар спытаўся,— хто каго з нас перамог?»

«Уладар! — сказалі слугі.— Слухай праўды наша слова:

Аўтандзіл — адважны віцязь — пераможца твой цяпер.