Жыватворная крыніца і дзівосных ружаў сад?»
Адказалі: «Тут нядаўна ласку мела вас наведаць,
Ды пра гора ваша ўчула і вярнулася назад».
Загадаў: «Дачку паклічце, без яе няма спакою.
І скажыце ёй: «Навошта ты вярнулася назад?
Ты прыйдзі развеяць гора, падзялюся я з табою,
Дзе прычына тая злая, што жыццю я стаў не рад».
І, паслухаўшыся бацькі, Цінацін прыйшла ахвотна,
Твар яе свяціў, як месяц, змрок наўкола праяснеў.
Цар, дачку пацалаваўшы, ушчуваў яе пяшчотна:
«Ты чаму без запрашэння не прыйшла сама раней?»
Адказала цар-дзяўчына: «Калі ты ў журбе ці гневе,
Самы горды не пасмее перайсці за твой парог!
Смутак твой і роспач могуць патушыць і зоркі ў небе.
Чым журыцца — добрай справай ты б сябе суцешыць мог!»
Адказаў ёй цар: «Дачушка! Гора, скруха ці назола
Гінуць — толькі твой ласкавы погляд сэрца закране.
Боль душы маёй ты гоіш, як настой чароўных зёлак.
Раскажу пра ўсё — не будзеш дакараць тады мяне.
Віцязь дзіўны невядомы напаткаўся мне ў дарозе.
Ад вачэй яго праменных далягляд вакол яснеў.
Плакаў горка і няўцешна, ў адзіноце ліў ён слёзы.
Я паклікаў — не прыйшоў ён, моцна ўгневаўшы мяне.
А калі мяне заўважыў — верхам сеў і прэч паехаў.
Загадаў яго прывесці — шмат людзей панішчыў ён.
Не сустрэўшыся па-людску, знік ён д'яблу на пацеху.
І няўцям: было ўсё гэта ці прымроіўся мне сон?
Я дзіўлюся: хто ён? Прывід? І з якой такой уроды?
Перабіў маю дружыну, дол заліў крывёй людской.
Не ўявіць таго істотай, хто, як здань, знікае з ходу.
Быў шчаслівы я, карае бог цяпер сваёй рукой!
Асалоду існавання ён змяніў мне на атруту,
Весялосці дні мінулі, як чароўнай казкі сон.
Мне цяпер усё няміла, мне жыццё — адна пакута,
Колькі б я ні жыў на свеце, не пабачу светлых дзён».
Адказала дзева смела: «Цар, дазволь сказаць мне праўду:
Наракаеш ты дарэмна і на бога, і на лёс!
Слаць нашто таму дакоры, хто дае жыццё і радасць?
Зло тварыць не можа творца, што дабро для ўсіх прынёс!
Вось табе мая парада: над царамі цар уладны,
Ты валодаеш краінай, найвялікшай між краін,
Дык пашлі ганцоў старанных, хай дазнаюцца дакладна,
Чалавек той віцязь дзіўны ці нячыстай сілы сын».
Цар паслаў ганцоў адборных у чатыры часткі свету.
Загадаў ім: «Смела йдзіце, не пужайцеся нягод,
А свавольніка знайдзіце, хоць нялёгка будзе гэта.
Шліце пісьмы, дзе няўдасца вам адолець перашкод».
Абышлі ганцы паўсвету, не спаткала іх удача.
Год шукалі. Знік той віцязь, як былінка ўначы.
Не маглі знайсці нікога, хто б хоць раз яго пабачыў,
І вярнуліся дадому, лёс пракляты кленучы.
«Уладар,— яны сказалі,— мы прайшлі зямную сушу,
Не знайшлі, каго шукалі, хоць заўжды былі з людзьмі,
Апыталі ўсіх сустрэчных, самі выматалі душы
І табе не дагадзілі,— іншы захад ты прымі!»
Цар прамовіў: «Як сказала ты, дачушка, так збылося:
Д'ябал тут зрабіў падкопы, насланнё паслаўшы нам;
З неба зрынуты, з'явіўся помсціць ён людскому лёсу.
Хай прыходзіць радасць — гора не да твару ўладарамі»
Так сказаўшы, цар наладзіў баль вялікі, нечуваны.
Спевакі, музыкі, блазны вычваралі хто што мог.
Шчодра ён усіх адарваў, хто быў званы і нязваны.
Гэткіх шчодрых і гасцінных не ствараў ніколі бог!
ЦІНАЦІН ПАСЫЛАЕ АЎТАНДЗІЛА НА ПОШУКІ ВІЦЯЗЯ Ў ТЫГРАВАЙ ШКУРЫ
Аўтандзіл, адзеты лёгка, быў адзін у спачывальні,
Песні ён спяваў пад гукі струнаў арфы залатой.
Чорны раб з'явіўся раптам — Цінацін слуга адданы —
І сказаў: «Вас месяц ясны запрашае ў свой пакой».
Быў узрушаны прыемна Аўтандзіл жаданай весткай,
З лепшых лепшае адзенне на сябе надзеў хутчэй.
Як прыемна быць сам-насам з незраўнанай ружай-кветкай,
Як прыемна быць з каханай, бачыць бляск яе вачэй!
Аўтандзіл ішоў паважны, з горда ўзнятай галавою,
Да тае, па кім так часта ў адзіноце слёзы ліў.
Цінацін, як бліскавіца, ззяла юнаю красою,
Перад ёю нават месяц непрыкметнай зоркай быў.
Тонкі стан чароўнай дзевы гарнастай укрыў пушысты,
Мармур белых плеч ахутаў шаль нябачанай цаны.
Праціналі сэрца стрэлы веек чорных, воч агністых,
Змеі доўгіх кос краналі шыю чыстай белізны.
Твар нахмураны адценьваў тонкі вэлюм пурпуровы.
Запрасіла сесці поруч ціха віцязя яна.
Крэсла раб яму паставіў. Не гаворачы ні слова,
Сузіраў ён твар прывабны, шчасця міг п'ючы да дна.
Дзева віцязю сказала: «Я прызнацца не жадала,
Што душу маю трывожыць, ды маўчаць не маю сіл.
Але ты ці здагадаўся, для чаго цябе прызвала,
І чаму сяджу я ў смутку, і чаму мне свет не міл?»
Адказаў ён: «Што скажу я, калі сэрца страх сціскае?
Ад сустрэчы з сонцам ясным меркне месяц-маладзік;
Так і я, цябе сустрэўшы, ясны розум свой губляю,—
Ты сама мне дай параду, чым змагу я дагадзіць?»
Далікатна і прыхільна дзева віцязю сказала:
«Хоць дагэтуль быў далёка ад мяне ты, віцязь мой,
І хоць шчырасцю маёю зараз здзіўлены нямала,—
Ўсё ж паслухай, што за немач точыць скрытна мой настрой.