Ад тае, што зараз шчодра дорыць радасць, шчасце мне.
Цінацін агонь кахання ў юным сэрцы запаліла;
І з нарцысаў-воч сачыўся кіпень слёз на ружы цвет.
Не хацеў, каб таямніцу людзі гэтую раскрылі,
А цяпер прамень надзеі асвятліў мне цэлы свет.
«Ты дазнайся, дзе той віцязь,— загадала строга дзева,—
А як вернешся дадому, стану жонкаю тваёй,—
Непатрэбен муж мне іншы, хай ён будзе райскім дрэвам!»
І бальзамам слоў гаючых ажывіла мой настрой.
Як васал, свайму патрону я служыць перш-наперш мушу,—
Быць адданымі павінны мы сваім уладарам;
Па-другое, ласкай дзевы ў сэрцы жар агню патушан;
Дзе напасць і небяспека, віцязь быць павінен там.
Паміж знатных і залежных толькі мы сябры з табою,
Дык паслухайся мяне ты, шчыра я прашу аб тым:
Ты кіруй маёй краінай, будзь над войскам галавою,
Бо давер мой спраўдзіць здольны ў гэтай справе толькі ты.
Да народу і да войска строгі будзь і справядлівы,
Праз ганцоў старайся ўведаць, як жыве там царскі двор;
Ад мяне дары і пісьмы шлі і шчодра і пачціва,
Каб цару маю адсутнасць не стаўляў ніхто ў дакор.
Быць, як я, ва ўсім старайся: у баі, на паляванні,
Захаваўшы тайну гэту, тры гады мяне чакай!
Я вярнуся, калі стан мой кіпарысам не завяне,
Не вярнуся — плач няўцешна, добрым словам памінай!
І тады цару абвесціш ты пра лёс мой нежаданы
І, глыбей стаіўшы гора, пра маю раскажаш смерць;
Растлумач яму, што доля гэта ўсім наканавана.
Скарбы ўсе раздай галоце: срэбра, золата і медзь.
Вось тады стараннай справай давядзі сваю адданасць,
Не губляй адразу памяць — успамінам волю дай.
Ты аплач мой дух малітвай, як гаворыць звычай даўні,
І, як маці, зарыдаўшы, справы юных дзён згадай».
Шармадзін, пачуўшы гэта, анямеў, скаваны жалем,—
Слёз гарачых перлы градам пакаціліся з вачэй.
Ён сказаў: «Ад горкіх думак сэрца болем задрыжала,—
Не спыню цябе ўсё роўна, горш хіба зраблю яшчэ.
За намесніка застацца загадаў ты мне ахвотна,—
Дык хіба ж магу хоць кропляй быць падобным да цябе?
Лепш няхай зямля прыгорне, чым пусціць цябе самотным!
Едзем разам. Я з табою буду ў шчасці і ў журбе!»
У адказ прамовіў віцязь: «Слухай ты мяне ўважна.
Гэта ісціна: міджнуру быць належыць аднаму.
Толькі ў цяжкасцях і працы жэмчуг робіцца дасяжным.
Хто ж свайму сумленню здрадзіў — смерць хай шле кап'ё таму.
Я табе даверыў тайну, ад якой душа згарала,
Дык каму другому ўладу я б яшчэ даверыць мог?
Ты мацуй граніцы царства ад ліхой варожай зграі;
Спадзяюся я вярнуцца, калі мне паможа бог!
Лёс няшчадны без разбору нішчыць сотні і адзінкі;
З ласкі ж божай і адзінка пераможа ў барацьбе.
Тры гады чакай,— не буду, дык спраўляй тады памінкі!
Дам загад, што знаць і войска падначалены табе».
ПІСЬМО АЎТАНДЗІЛА ДА СВАІХ ПАДДАНЫХ
Склаў пісьмо: «Бацькі і дзеці, выхаванцы спраў адменных,
Хто правераны на вернасць, гартаваны барацьбой,
Хто ўслед маім жаданням, нібы цень, ішоў сумленна,
Вам, хто ў цесны гурт сабраўся, абвяшчае голас мой:
Слухайце, што вам пішу я — Аўтандзіл — ваш прах нікчэмны.
Мой загад — пасланне гэта — склаў я ўласнаю рукой.
Вас я сёння пакідаю — час гульбы мінуў дарэмны.
Хлеб і ежу я здабуду лукам, трапнаю стралой.
Справы клічуць на чужыну, родны край я пакідаю,
У самотных вандраваннях я прабуду цэлы год;
І таму ўсёй душою вас малю і ўпрашаю:
Бараніце наша царства ад нападу і нягод!
Пакідаю Шармадзіна даглядаць мае ўладанні,
Покуль вестку не пачуе — я жывы ці дзесьці згніў.
Хай ён песціць вас, як сонца сад у веснім красаванні,
А злачынцаў хай растопіць, як вашчыну на агні.
Вам вядома: быў ён змалку мне за сына ці за брата,
Дык служыце безадказна, быццам сам ён — Аўтандзіл.
Грымнуць трубы — з ім ідзіце ў бой на ворагаў праклятых;
Прападу — не смех, а гора бог зазнаць вам прысудзіў».
Красамоўна і сурова так закончыў ён пасланне;
Залаты надзеўшы пояс перад ростанню дарог,
«На каня я сяду ў полі»,— ён сказаў сваім падданым
І, не бавіўшыся доўга, сумны выйшаў за парог.
Загадаў: «Мяне пакіньце, без аховы я паеду».
Адпусціўшы праважатых і застаўшыся адзін,
Павярнуў каня і рушыў без дарогі і без следу,
Несучы ў разбітым сэрцы светлы вобраз Цінацін.
Аддаліўся ён ад войска, што было на паляванні,—
Ні адна душа жывая не магла спыніць яго.
З ім была адна надзея — меч яго недасягальны
Ды цяжар журбы вялікай па каханай дарагой.
Надышоў канец забавам. Прыпынілі паляванне.
Не знайшоўшы Аўтандзіла, ўсе адчулі неспакой,
І вялікую іх радасць падмяніла хваляванне,—
Абшукалі стэп на конях, абхадзілі пехатой.
«Дзе такога льва мы возьмем? Ён пасланы быў нам богам».
Зноў аб'ездзілі абшары, ды не злітаваўся лёс:
Не дазналіся, дзе ехаў і куды лягла дарога.
Войска, ўзрушанае горам, шмат ліло гаручых слёз.
На нараду знаць паклікаў Шармадзін усхваляваны,
Аўтандзілава пасланне ім уголас прачытаў.