Выбрать главу

— А хіба гэта нядобра?

— Не ведаю.

— Але ты лоўкі стралок, — мяняе гутарку Аўгіня.

Мартын хацеў бы весці пачатую гутарку далей, і змена тэмы яму не падабаецца.

— Хто са стрэльбы добра страляе, а хто вачыма.

— А хто страляе вачыма?

— Ёсць такія стральцы.

— Але ж вачыма качак не настраляеш, — заўважае Аўгіня.

— У качак імі не страляюць.

Аўгіня смяецца.

— Каб ты быў качкаю, то я цябе ўжо многа разоў застрэліла б.

Мартын хацеў прызнацца, што калі ён і не застрэлены, то злёгку падбіты, але замест гэтага нечакана для сябе і для Аўгіні заявіў:

— Я прыйду да цябе сёння вечарам.

Аўгініна сэрца крыху паскорыла тэмп.

— Ну што ж? Буду чакаць.

Чаўны падплылі да берага. Мартын падцягнуў наўперад Аўгінін човен, потым свой. Прывязаў іх, узяў вязку сена. Аўгіня — сноп чароту, і пайшлі.

I ўсё было добра, покі не стрэўся Кандрат Бус. Відаць, ён падкаравульваў Аўгіню. Як толькі яны параўняліся з ім, Кандрат падышоў да Аўгіні. Аўгіня палажыла руку на плячо Кандрату, Кандрат на яе плячо, і пайшлі як ні ў чым не бывала. Мартын плёўся ззаду з вязкаю свежай травы, са стрэльбаю і забітымі качкамі. Хацеў кінуць траву, ды няёмка паказваць сваю злосць. Падышоў яшчэ трохі.

— Вазьмі, Аўгіня, траву, а я тут гародамі пайду.

Не пазіраючы Аўгіні ў вочы, аддаў ёй траву, а сам пашыбаваў у свой двор.

Вечарам Аўгіня чакала яго, але Мартын не прыйшоў.

I шмат было такіх спатканняў і такіх гутарак. Шукала яго наўперад Аўгіня, потым шукаў Аўгіню Мартын, потым шукалі яны адзін аднаго. Бывалі паміж імі звадкі, непаразуменні, бывалі і прыемныя хвіліны згоды. Былі слаўныя вечары іх блізкасці і дружбы — хіба не можа быць дружбы паміж мужчынам і жанчынаю? Людзі не адзін раз у такіх выпадках прыкрывалі дружбаю нешта болыпае, чым дружба.

I вось у той час, калі вепраўскія хлопцы страцілі надзею на Аўгіню, а вепраўскія дзяўчаты наМартына, у Вепрах пачаў паказвацца Васіль Бусыга, відны дзяцюк, сын дужа багатых бацькоў. Завабілі і Васіля Аўгініны вочы. Мартынава сэрца забіла трывогу. Васіль — супорат небяспечны. Мартын — бабыль. Маленькі дворык, крывенькая хата. Што ёсць у Мартына? Стрэльба, рыбацкая снасць ды прыгожая постаць. Крапіўся Мартын, падражніваў Аўгіню Васілём. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Відаць, ёй проста шкада было яго.

Яшчэ праз колькі часу казаў Аўгіні Мартын:

— Няма ў цябе сэрца, Аўгіня… Ты нягодная і няшчырая. Нашто ты мне лгала? Нашто зводзілі мяне твае вочы?

— Што ты маеш да маіх вачэй, Мартын? — з дакорам пытала Аўгіня. — Я любіла цябе і цябе люблю… I буду любіць, — памаўчаўшы, дадала.

— I гэтыя словы ты скажаш Васілю?

— Не: так я не скажу яму, а калі і скажу, то так сабе.

— Дык нашто ж ты ідзеш за яго?

— Так трэба, — ціха і няўпэўнена гаворыць Аўгіня.

Мартын маўчыць, думае: Васілёва багацце — вось што прычына. Але ён хоча дацяць Аўгіню.

— Няўжо ж ты паспела так блізка сысціся з ім і… загрубела?

Што было ёй казаць яму? Гаварыць, што ніякай блізкасці не было? А можа, прызнацца ў тым, чаго не было? Не, гэтага яна не зробіць.

— Ох, як цяжка мне, Мартын. Я — вораг сабе і табе. А блізкасці ніякай не было, не было, Мартын, павер мне. Я нягодная, злая: ты сказаў праўду.

Яна туліць гарачы твар свой да яго шчакі. Ён бярэ яе на рукі, як дзіця. Яна абхватвае яго рукамі за шыю, прынікае да яго твару.

У Мартына, як у п'янага, кружыцца галава, холад і лёгкая дрыготка прабягаюць па яго целу.

I апошні раз пасля гэтага пытала Аўгіня:

— Цяпер ты верыш мне?

Ён абнімаў яе, цалаваў і шаптаў:

— Аўгінька, мілая, любая.

— Адкасніся ад мяне. Ідзі прэч.

Што здарылася з ёю?

Яна злосна адштурхнула яго ад сябе і пайшла. А ён недаўменна стаяў, пазіраў ёй услед. Яна злілася з цемраддзю ліпеньскай ночы. Мартын пайшоў у свой бок.

Лёгка і пуста было ў яго галаве.

Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Жаніўся Мартын, узяў сінявокую Грабараву Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную.

Але Аўгініны вочы глыбока запалі ў яго мыслі і сэрца. I не можа Мартын пазбавіцца іх чараў аж да гэтага дня.

Мартын і Аўгіня зрэдку сустракаліся і пасля таго, калі Мартын быў жанаты, а Аўгіня была жонкаю Васіля Бусыгі. I гэтыя спатканні іх кожны раз хвалявалі. I яна і ён адчувалі розумам недарэчнасць такіх спатканняў, але сэрца не хацела слухаць довадаў розуму.

I запытаў раз Мартын Аўгіню:

— А помніш, Аўгіня, як гналіся мы, каб першаму даплыць да забітай качкі. А качку глынуў сом. Ні ты, ні я не даплылі да яе.