Выбрать главу

Аўгіня толькі ўздыхнула.

VII

Дзеду Талашу пачынала дакучаць гэтае тулянне і бадзянне па-за межамі свайго дому.

Жыў ён некаторы час у сваёй дачкі ў Макушах. Вечарамі плёў і ладзіў унукам лапці.расказваў ім казкі.Але ж стан рэчаў быў такі, што не хіліў дзеда на такі спосаб жыцця. Трэба было знаходзіць нейкі выхад з гэтага няпэўнага і прыкрага становішча. Тым жа часам чуткі аб учынках польскай улады і дачыненні да ўсіх, хто пападаў на яе падазрэнне, разносіліся па ўсіх закутках Палесся, дзе толькі распасціраў свае крыллі "бялы польскі ожэл". I нічога добрага не было ў гэтых чутках, і горш за ўсё — яны пацвярджаліся фактамі.

З домам дзед Талаш сувязі не губляў. Гэтай сувяззю быў Панас. Дзед Талаш даведаўся ад Панаса, што Васіль Бусыга служыць за войта, што палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур, парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. У ход пускаліся нагайкі і шампалы."Двадзесце пеньць!" — крычалі азвярэлыя капралы.

У вёсцы пачалі паяўляцца невядомыя людзі, шныраць, як цені, прыслухоўвацца, дзе што гаворыцца, дзе што робіцца. I ходзяць чуткі, што палякі будуць рабіць мабілізацыю. А войт распытваў яго, Панаса, дзе стары Талаш. Але Панас не такі дурань, каб сказаць яму праўду. Адным словам, дзеду Талашу ніяк няможна варочацца дадому — такі быў нязменны прыпеў Панасавых навін.

Слухаў дзед Талаш гэтыя навіны, і яго ўласная крыўда заціралася, адступала на задні план, і стажок, што забралі палякі, паслужыўшы прычынаю ўсёй гэтай бяды, здаваўся цяпер маленькаю купінкаю і губляўся ў дзедавых думках. Справа абарочвалася значна горай, а на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы. I што рабіць? Трывала жыла ў ім надзея на тое, што палякаў пагоняць назад, а цяпер паяўленне іх, якое ўспрымалася яшчэ некалькі дзён таму назад як раптоўны налёт на кароткі час, пагражае стаць зацяжным, а можа, назаўсёды фактам нямілай чужацкай няволі. I няўжо ж яму, дзеду Талашу, адрэзаны дарогі да свайго дому?.. А калі б пайсці ды павініцца ў сваім учынку? Ды ў чым, якая віна яго? Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? Ды згінь, прападзі іх доля!

Дзед Талаш быў зацяты і горды, як дзікі арол.

Было гэта ў той дзень, калі дзед Талаш прыйшоў на ўмоўленае месца спаткання з Панасам. Звычайна Панас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. На гэты раз першы прыйшоў дзед Талаш. Прыслухаўся — жуткая, злавесная цішыня. Можа, ён паспяшаўся? Дзед заняў пазіцыю пад старым, прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Час ішоў. Панаса не было. Прачакаў дзед гадзіну, прачакаў другую. Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Якая прычына перашкодзіла Панасу прыйсці сюды? Дзед Талаш прыпамінае апошняе спатканне з Панасам — ці не магло тут быць якой памылкі, ці сапраўды на гэтым месцы ўмовіліся яны спаткацца? Не, памылкі не было. I тоўсты дуб ускрай Сухога поля — гэта добра памятае дзед Талаш. Нават Панасавы словы, што былі сказаны на адвітанні, гучаць у дзедавых вушах:

— Дык пад тоўстым дубам каля Сухога поля.

Дзед Талаш падняў вочы на гэты каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развалінах ёмкі ком снегу. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. I толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі.

Маркотна рабілася старому. У яго ўяўленні замітусіліся розныя праявы і малюнкі, рысуючы яму самыя панурыя здарэнні, якія маглі налучыць Панаса, Максіма і бабку Насту. А кожная хвіліна часу востраю стрэмкаю ўядалася ў яго сэрца. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысь ісці, трэба нешта рабіць.

На Палессе хутка насоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы цямранаю посцілкаю лес, дальнія балоты і Сухое поле. Кусты і асобныя дрэвы на полі трацілі свае абрысы, пераходзілі ў постаці няясных расплыўлівых сілуэтаў.

Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачыма навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні, і раптам занямеў: з глыбіні лесу пачуўся шоргат па снезе нечых ног і прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Шорганне чаргавалася размерна ірытмічна — раз-два! раз-два! Часамі рытм парушаўся, але ўсё ж захоўваў агульны свой тэмп. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што гэта ішоў чалавек, але гэта былі не Панасавы крокі: ступаў хтось грамозны грузна і цяжка. Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася гэта шорганне ног невядомага чалавека. Высокая цёмная чалавечая постаць мільгнула ў навісі зацярушаных снегам галін і паволі выплывала на прагал, вырысоўваючыся ўсё болей і болей ясна з лясной вячэрняй цемры. Дзед Талаш стаяў у напружанай постаці чакання. Аклікнуць ці не? Што за чалавек? I супраць дзедавай волі вырваўся голас яго: