Выбрать главу

— Хто ідзе?

Высокі чалавек спуджана запыніўся, спасцярожліва гледзячы перад сабою.

— Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага.

Дзеда Талаша не было відаць з-за дуба.

— Пытаю я! — азваўся дзед Талаш.

— А хто ты?

— А ты хто?

Па голасе і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Дзедава напружанасць і страх крыху ачахлі, але ўсё ж такі ён покі што і надалей захоўваў сваё інкогніта, і таму, калі наступіла недаўменная і няёмкая маўчанка ў іх распытваннях, дзед Талаш зноў падаў голас:

— Я тутэйшы!

— Ты — адзін? — запытаўся асцярожны незнаёмы чалавек.

— Адзін і не адзін: са мной стрэльба.

— Ну, то кінь сваю стрэльбу: стрэльба ёсць таксама і ў мяне і, мусібыць, лепшая за тваю, — горда прагучаў з лесу густы бас тонам, не дапускаўшым ніякага сумнення ў тым, што яго стрэльба лепшая за дзедаву.

Дзед Талаш высунуўся з-за дуба, а высокі незнаёмы чалавек смела і рашуча закалыхаўся да тоўстага гузастага дуба. Не даходзячы крокі тры, велікан спыніўся ў нямым здзіўленні. Гэтае ж здзіўленне адбілася і на Талашовым твары.

— Дзядзька Талаш? — грымнуў густы бас.

— Мартын! А бадай ты сказіўся! — радасна азваўся дзед Талаш і кінуўся да Мартына Рыля, таго самага Мартына, што пагражаў канвойніку-легіянеру піхнуць яго так, што ён і касцей не збярэ. Мужчыны крэпка паціснулі адзін аднаму рукі.

— Каго ж тут, дзядзька, вартуеш?

— Гэ, голубе! Каго вартую! Выходзіць так, што вартую сам сябе… А ты?.. Як бачу, хлопча, ты дужа напуджаны…

— Ой, і не пытай, дзядзька! З паляцкай няволі, з палону вырваўся! Ды не адзін я, а трыццаць шэсць чалавек!

— Што ты кажаш?! — здзівіўся дзед Талаш. — Як жа гэта?

— А значыць, адступілі чырвоныя; прыйшлі палякі. Прыйшлі і пачалі вылоўліваць ды хапаць найбольш тых… ну, хто ў рэвалюцыю смела пайшоў ці рукі каля панскага дабра трохі пагрэў. А яны і пачалі помсціцца, парадкі наводзіць, ціхамірыць ды грахі ўсякія прыпамінаць. А народ наш… сам ведаеш… Розны народ ёсць, багацеі пачалі пад паноў падлабуньвацца ды выкрываць, хто чым грэшны. Вось і папаўся я: заарыштавалі. А па іншых месцах і другіх такіх нацапалі. Так вось і назбіралі цэлую грамаду. Сабралі да купы і пагналі. А хлопцы ўсе хвацкія. Знаёмыя і незнаёмыя. Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Думалі, што і канцы там будуць. Але пайшла чутка, што пагоняць нас кудысь далей. А куды і чаго — не ведаем. А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Прабеглы чалавячуга, салдат старой арміі. — А, кажа, буду я ім цягацца, як арыштант які! А трасца ім у бок. З нямецкага палону вырваўся, а тут, называецца, дома цярпець буду? Няма дуракоў! Годзе! — Бачым, розумам чалавек па галаве кідае. Абступілі мы яго. — Як жа ты зробіш гэта? — пытаем. — Прысягніце, кажа, мне, што будзеце слухаць мяне, дык і вы будзеце на волі. — Бачым — надумаўся чалавек. А каму ж не хочацца на волі быць? Дык чаму не прысягнуць? Вось ён і кажа: — Прысягалі мы Мікалаю на Евангеллі, але прысяга яму не памагла. Вы ж мне прысягніце на нашым мужыцкім лапці. Пакляніцеся, што будзеце слухаць мяне, і кожны пацалуй свой лапаць! — Сур'ёзна гаворыць, не жартуе. — Лапаць, — кажа, — сцяг нашай мужыцкай долі. — I ведаеш, дзядзька, што? — давай мы цалаваць свае лапці, сабе самім у нагу. Яй-богу! Хто жартам, а хто і напраўду. Вось ён тады і гаворыць:

— Ну, дык вось што. Калі нас павядуць і адвядуць вёрст пяць-шэсць, а можа, і болей — я буду меркавацца з месцам, то вы слухайце мой знак. А знак мой будзе вось які: "Стой — лапаць скінуўся!" Як вы гэта пачуеце, тады маланкаю кідайцеся за мною на канвой, абяззбройвайце яго. Усё залежыць ад раптоўнасці і хуткасці нападу. Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. — Спадабалася нам гэта стратэгія. Абдумалі, абмеркавалі кожную дробязь, разбіліся на групкі. Гаворым шэптам, каб захаваць употайку нашу змову… Вывелі нас. Глядзімо — дванаццаць канвойнікаў, трынаццаты — камандзір. Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Прыкінуліся ўсе, што мы аслабелі, ледзьве падымаем ногі, хістаемся. Паставілі ў рады. Падаў капрал каманду, сам наперад пайшоў. Рушылі. Пяць канвойнікаў з аднаго боку, пяць з другога, а два ззаду ідуць. Я ў першым радзе. З капрала вачэй не зводжу, не так з самога капрала, як з яго стрэльбы: дужа ж яна мне падабаецца. А ў вушах увесь час тры словы гучаць: "Стой — лалаць скінуўся". А наш камандзір у заднім радзе стаў. Мінулі мястэчка. У поле выйшлі. Сям-там фурманкі сустракаюцца, людзі праходзяць. А канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. А мы гарым у нецярплівасці. I ўжо так гадзіны паўтары клыхаем. А наш камандзір маўчыць. I толькі гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: "Стой — лапаць скінуўся!" I што толькі сталася ў гэты момант! Што яно там зрабілася, дык і расказаць не магу. Усё мітусілася ў адным клубку без крыку, толькі ў цяжкім сапе і хрыпу. Я нават і не памятаю, як апынуўся каля капрала. Помню толькі, што ён ляжыць у снезе з абадраным вухам і толькі вачыма лыпае, сам белы як снег, на мяне глядзіць. А я кажу яму: "Ляжы, не ўставай!" А ў мяне яго стрэльба — вось гэта самая, карабін загранічны на сем патронаў. I рэвальвер у мяне і шабля. Кідаюся другім памагаць, а там ужо і не трэба мае дапамогі. — Слухай маю каманду! — гукнуў Марка, голаю шабляю махнуў, а ў другой руцэ рэвальвер трымае, — гайда ў лес і канвойных вядзі! — Перапалоханыя, бледныя як смерць, пакорна сунуцца канвойнікі. Ды не яны