Выбрать главу

цяпер канвойнікі, а мы. Годзе нас быдлам называць. Адышліся гоняў з пяць. — Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты! — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, а рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Трынаццаць чалавек абуліся ў боты, а лапці канвойнікам аддалі. I кінулі іх там у лесе, жывых, але крыху памятых і наштурханых. Паразбіралі іх зброю — хто стрэльбы, хто рэвальверы, а хто шаблі. На развітанне Марка сказаў: — Ну, хлопцы, гайда хто куды! Але прысягі я з вас не знімаю! I вы, гіцлі, вольныя! — кажа да канвойнікаў, — адпачніце тут ды ідзіце куды хочаце. — I падаўся ў свій бок, а кожны з нас — у свой.

— Ах, згінь іх доля! Чаму ж гэта мяне з вамі не было?! Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу.

VIII

Не ведаў падлетак Панас, што яго асобаю цікавяцца, і не абы-якія людзі, а сам войт Васіль Бусыга. Войту трэба ведаць, хто ў які лес глядзіць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды пралаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Войт — начальства. А начальства носіць у галаве такія мыслі, што не ўсім падначаленым аб іх можна ведаць і асабліва аб іх не павінен ведаць такі разбэшчаны чалавек, як дзед Талаш. Дзед Талаш у грош не ставіць паноў і начальства, на чужое дабро галіцца. Дзед Талаш наогул варожа ставіцца ў дачыненні да такіх гаспадароў, як Васіль Бусыга, Кандрат Бірка і шмат да якіх паважаных асоб. Гэта ён званіў сярод галадранцаў, што за заможнікаў трэба ўзяцца ды пакроіць іх палеткі. У дзеда Талаша стаяў на кватэры бальшавіцкі камандзір. Дзед Талаш нарэшце з сякерай кідаўся на польскіх салдат. Карацей сказаць — дзед Талаш нанюхаўся і прасяк бальшавіцкім духам. I цяпер ён напэўна злыгаўся з бальшавікамі. Хто можа паручыцца за тое, што ён не навядзе сюды чырвоных? Не, покі дзед Талаш туляецца невядома дзе, невядома з якімі намысламі, да таго часу не будзе мець пакою пан войт, Васіль Бусыга. Гэта не значыць, што ён, войт, баіцца дзеда Талаша. Не: войт — начальства і стаіць на варце закону і парадку. Недарма ж наказ яму дан ад вышэйшага начальства, ад павятовага "камісаржа" — сачыць і браць на заметку таго, хто абуяны духам непаслушэнства і бунту. А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін — за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць. Не, адспявалі сваю песню бальшавікі. Але клопату нарабіць яны яшчэ могуць, тым болей, што да войтавых вушэй даходзяць чуткі: па лясах бадзяюцца цёмныя людзі, змаўляюцца, да чагось рыхтуюцца і на нешта наважваюцца. Засцярога тут не пашкодзіць. I няма нічога дзіўнага, што начальніцтва не такая ўжо простая рэч, як гэта, можа, здаецца каму збоку.

У першую чаргу трэба за дзеда Талаша ўзяцца.

З аднаго боку і добра, што Талашова хата стаіць наводшыбе: кожны, хто ідзе туды або адтуль, заметней у вочы кідаецца. Але ёсць тут і нязручнасць адна: калі ты сам будзеш каля яе пакручвацца, то таксама будзеш у вочы кідацца. Прыглядаючыся сяды-тады да Талашовай хаты, Васіль Бусыга заўважыў, што Панас час ад часу адлучаецца з дому. Цікава — куды ён ходзіць? Дагадваецца войт, што Панас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. З Панаса і трэба пачынаць, але як? Даручыць хіба каму прасачыць, прыставіць спецыяльнага чалавека? Войт памеркаваў і знайшоў гэты спосаб нязручным; і рызыкоўна замешваць сюды трэціх асоб: трэція асобы лішнія сведкі супраць яго самога. I затым няма ўпэўненасці, што ўсё гэта застанецца ў сакрэце. Васіль Бусыга спыніўся на новым плане. Ён даложыць куды трэба, даложыць, як і праз каго можна даведацца пра дзеда Талаша, а там няхай дапытваюцца самі. I сена будзе цэла, і козы будуць сыты.