Выбрать главу

Напярэдадні таго дня, калі Панас меўся спаткацца з бацькам пад тоўстым дубам каля Сухога поля, сярод ночы раптам пачуўся стук у дзверы Талашовай хаты. Першая прахапілася бабка Наста. У трывозе падняла галаву, прыслухалася. Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю.

— Ой, хто ж гэта стукае? — голасам, поўным страху, азвалася бабка Наста.

Максім, накінуўшы кажух, босы выбег у сені.

— Хто там?

— Адчыняй! — уладна і сярдзіта закамандаваў хтось з двара.

— А хто там? — дапытаўся Максім.

— Адчыні, Максім: гэта — паны, "польская ўлада".

Максім у гэтым голасе пазнаў суседа Мікіту Цэлеха і адсунуў засаў.

Некалькі пар ног загрукала ў сенях, і разам з адчыненымі дзвярамі ў хату ўварваўся цэлы пук белага святла. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Максім запаліў газоўку. Чорны цені, здавалася, яшчэ шчыльней нагусціліся каля сцен і па кутках нізенькай хаткі. Асмялеўшыя ўночы прусакі тлумна падаліся бліжэй да печы, хаваючыся ў шчылінах. Відаць, і іх напалохаў гэты страшны пан сваім электрычным ліхтарыкам. Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога.

Бабка Наста, трасучыся, як у ліхаманцы, нацягнула на сябе дзяружку і пужлівым недаўменным поглядам азірала невядомых вайскоўцаў. Панас ляжаў нерухліва, агорнуты цёмным неакрэсленым страхам.

— Хто начуе тут? — запытаў рыжавусы. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.

— Хто начуе тут? — не адступаўся рыжавусы. Гэты перапалох і страх, здавалася, яшчэ болей надаваў рыжаму пыху.

— Усе… свае, — заікаючыся ад страху, падаў голас Максім. А ў гэты час другі, юркі і віхлявы, таксама запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Трэці стаяў моўчкі і нерухома наглядаў і слухаў.

— Усе начуюць? — перапытаў Максіма той жа рыжавусы. I ніхто ў хаце не азваўся.

Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажку і штурхануў яго кулаком у плячук.

— Ну, ты… падымайся! — закамандаваў ён.

Панас пакорна прысеў на пасцелі.

— Ты хадзіў да бацькі на забачэнне?

Як нажом, разанула Панаса гэта запытанне. У галаве борзда-борзда замітусіліся думкі. Раз ён так пытае, то, значыць, ведае, што ён, Панас, хадзіў да бацькі.

Першыя прыступы страху прайшлі.

— Хадзіў! — цвёрда, пасля кароткага маўчання адказаў Панас.

Рыжавусы пахваліў яго за праўдзівасць і запытаў ужо болей лагодна:

— А дзе ест твой ойцец?

— Не ведаю.

Рыжавусы паглядзеў на Панаса строга, галавою паківаў.

— Як-то не ведаеш? А ты ж сёння ўдзень ладзіўся ісці да бацькі?.. Ну?..

Што было казаць Панасу? Праўда, ён збіраўся да бацькі. Але ў Панаса мільгнула думка, ці не бярэ яго на хітрыкі гэты рыжы д'ябал. Ён у сваю чаргу таксама кідаецца на хітрасць.

— Удзень я да бацькі не хаджу.

— Брэшаш! — прыкрыкнуў рыжавусы. — А куды ж ты ўдзень ходзіш? — Ён думаў, што падлавіў Панаса, а Панас цвёрда адказаў:

— Хаджу на балота гучкі і вецце рэзаць, худобу карміць. У нас забралі сена.

Гэты адказ збіў з тропу рыжавусага.

— А што табе казаў бацька?

— Казаў, каб я да яго болей не хадзіў.

— А дзе ты сустракаўся з бацькам?

— У лесе.

— Аб чым жа вы гаварылі?

— Аб усім: пра худобу, пра корм…

— А яшчэ што казаў бацька?

— Казаў, што да вясны ён дадому не вернецца.

— Брэшаш, лайдак! — загрымеў рыжавусы.

— Паночку! — падаў голас Максім. — Бацька наш стары. Яму семдзесят гадоў. Пагарачыўся, сам страху набраўся, а цяпер баіцца дома паказацца.

— Го-о, пся маць! Баіцца!.. А бальшавік чаму стаяў тут на кватэры?

I, яшчэ болей павысіўшы тон, кінуў у твар Максіму:

— Дзе стары пёс?

Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану.

— А паночак, а залаценькі! А за што ж на нас напасць такая? Апошняе сена забралі, худоба з голаду дохне. Стары з дому збег. А ён жа не вінаваты. Яго білі, штурхалі… А за што ж вы калоціце нас?