Рыжавусы зняважліва павярнуў з вышыні свайго пыху разбойніцкую морду ў бок бабкі Насты, і на гэтай мордзе адбілася пагардлівасць. Нічога не сказаў, як бы бабка Наста і не заслугоўвала таго, каб азвацца да яе, і калі яна зноў стала маліць яго, ён крыкнуў:
— Мільч!
А потым спакойна і жорстка закончыў свой візіт.
— Ну, хлопча, — павярнуўся да Панаса, — збірайся!
А калі выходзілі з хаты і вялі Панаса, сказаў цвёрда і выразна:
— Пшыдзе до нас ойцец — бэндзе мял волю хлопак!
IX
Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Дзеда непакоіла думка аб доме, аб Панасу. I пытанне, чаму не прыйшоў Панас, стаяла перад ім у трывожнай і цёмнай зацятасці. Яно выклікала непакой у дзедавым сэрцы і клалася цяжкім каменем на яго старыя плечы.
Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці.
Мартын Рыль сустракаўся з рознымі людзьмі, і людзі расказвалі аб жорсткасцях польскай ваеншчыны, аб яе бязлітасных учынках. А гэта жорсткасць выклікала агульнае абурэнне там, дзе панская ўлада заводзіць свае парадкі, дзе яна асабліва жорстка ставіцца да беднаты, да асоб, замечаных у бальшавіцкай рэвалюцыі. Гэта абурэнне супраць паноў і польскай ваеншчыны месцамі вылівалася ў паўстанне, і палякі прыкладаюць усе намаганні, каб выкараніць дух непакоры. А гэты выпадак з раззбраеннем польскага канвоя, дзе браў удзел Мартын Рыль, яшчэ болей раз'ярыць іх злосць і змусіць іх стаць на шлях пільнасці, помсты і бязлітаснай расправы з тымі, хто пападаў пад іх падазрэнне. Слухаў дзед Талаш і тросся ад злосці на паноў, на польскую ваеншчыну, на несправядлівасць. Гэта нянавісць і злосць агнём расцякалася па яго жылах і поўніла ўсе закарвашкі яго душы. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў.
— Рэзаць, сеч, паліць іх, гадаў, на агні.
Але стан рэчаў быў такі, што трэба трымаць вуха востра, каб не папасціся бязглузда ў панскія рукі.
Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетраў чатыры. Удвух ім было весялей і зручней, асабліва калі прыняць пад увагу Мартынаў карабін. Вось чаму яны і выбралі такі план: зайсці да дзеда Талаша, даведацца, як і што, зрабіць там папаску і паначаваць, калі льга будзе. А ўжо там відаць будзе лепей, што рабіць далей. Скрозь цемру ночы і змрочнасць лясоў, па глухіх дарожках і тропках, накіраваліся яны, два ізгоі, у бок сваіх вёсак.
Не даходзячы кіламетра паўтара да вёскі, яны абагнулі балотца, што падыходзіла да самай вёскі, зрабілі значны круг і павольна пасунуліся да Талашовай хаты, запыняючыся і прыслухоўваючыся.
Была ўжо ноч, глыбокая ноч, зацятая ў сваёй прытоенай маўклівасці. Сям-там па хатах блішчалі цьмяныя бляскі агеньчыкаў, маркотна-журботныя ў сваёй адзіноце. На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні надавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Хвіліны праз дзве пачалі далучацца галасы другіх сабак, тонкія і прарэзлівыя, тоўстыя і болей паважныя. Дайшоўшы да круглай плошчы, сабачы гармідар суняўся, пачаў заціхаць, і нарэшце тая ж цішыня зноў непарушна агарнула вёску.
Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Стаялі яны ў хмызнячку, адкуль няясна вырысоўваўся з мроку чорны ком дзедавых будынкаў.
— Пастой жа, голубе, тут, а я пайду даведаюся, як там і што, і дам табе знак.
Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Ён асцярожна падышоў да нізкага акенца свае хаты, паслухаў і ціхенька пастукаў у мёрзлую шыбу. Бабка Наста не спала, гаруючы аб Панасу і аб дзеду Талашу.
Гэты нясмелы засцярожлівы стук моцна ўразіў бабку і прымусіў забіцца яе сэрца: такі стук яна чула ўжо не адзін раз за доўгія часы сумеснага жыцця са сваім старым. Яна борздзенька, наколькі дазваляла ёй старасць, падбегла да акна і таксама ціха пастукала. Трохразовы ціхі стук у адказ ёй зноў пачуўся з двара.
У бабкі Насты сумненняў болып не заставалася. Накінула на плечы кажушок, уступалася ў шлапакі, на хаду раскатурхала Максіма.
— Бацька прыйшоў! — і кінулася адчыняць дзверы, стараючыся не рабіць шуму.