Пераступіўшы парог свае хаты, Таладі спыніўся.
— Што чуваць? — запытаў бабку Насту.
Момант памаўчала бабка Наста.
— Панаса забралі палякі, — глуха адказала яна.
У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу.
— Калі забралі?
— Учора ўночы. Уварваліся ў хату, трэслі, калацілі нас. Дапытваліся, дзе ты.
— А чаму ж яго забралі?
— Падказаў нехта, што ён да цябе хадзіў у лес, — адказаў Максім, адзеўшыся на скорую руку.
— Усё дапытваліся, дзе ты, — тлумачыла бабка Наста.
Яна не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да іх прыйдзе бацька. Пуста стала ў дзедавай душы. Маўклівасць, цемра і смутак запаўнялі хату.
Бабка Наста пачала шворыцца ў пячурцы, каб запаліць газоўку.
— Завесь наўперад вокны, — ціха заўважыў стары Талаш.
Бадзянне і тулянне па лясах зрабілі яго асцярожным.
— Са мною Мартын Рыль. У хмызняку астаўся. Туляецца, як і я. Пайду клікну яго. А ты, Максім, пакаравуль на двары.
У хаце засталася адна бабка Наста. Яна шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Яе агортваў страх: а што, калі прыйдуць палякі? Гэты страх не пакідаў яе ўвесь час, покі ў хаце заставаўся дзед Талаш і Мартын Рыль.
А яны сядзелі за сталом і вячэралі.
Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў.
— Адзін спосаб выбавіць Панаса, — ціха, разважліва сказаў ён, — самому аддацца ў іх рукі. Для гэтага ж яны так і зрабілі.
Бабка Наста цяжка ўздыхнула, падцвярджаючы гэту горкую праўду.
На хвіліну цяжкая цішыня працяла хату.
— Ёсць і другі спосаб вызваліць хлопца, — парушыў цішыню Мартын Рыль, — аб ім і трэба падумаць.
Дзед Талаш раптам ажывіўся.
— Праўда твая, Мартын! — і дзед Талаш парывіста патрос Рыля за плечукі, — але скажы, як і'эта зрабіць?
— Падумаць трэба, — ухіліўся Мартын ад простага адказу, але, відаць, у галаве яго быў нейкі план.
— Ведаеш, дзядзька Рыгор, — падняў ён вочы на дзеда Талаша, — заяўляцца да іх не трэба. I да каго заяўляцца? Да гэтых прахвостаў? Пасадзяць самога, а хлопца выпусцяць ці не выпусцяць, невядома. Няможна ім, паганцам, веры даваць. Пайсці — гэта значыць пакарыцца ім. А скула ім у бок!
— Вось жа і я так мяркую, голубе… эге ж! Ці так, ці сяк, а жыць нам спакойна не дадуць… Ні ты, ні я аставацца дома не можам.
Панізіўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем:
— У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны тут гаспадараць і распараджаюцца намі.
Ні дзед Талаш, ні Мартын Рыль недагаворвалі сваіх думак да канца, але разумелі адзін аднаго вельмі добра.
— Нічога іншага не астаецца нам, дзядзька Рыгор.
— Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! — пажалкаваў дзед Талаш.
Рыль прамаўчаў: ён трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін захад.
— Але я здабуду сабе стрэльбу, добрую, настаяшчую, — і дзед Талаш прыціснуў кулаком стол. I, трошкі памаўчаўшы, прамовіў, як бы адказваючы на свае думкі:
— Але аднае стрэльбы яшчэ мала… мала, браце, аднае нават добрае стрэльбы!
— Праўда, — кіўнуў галавою Мартын.
У хату ўвайшоў Максім.
— Ціха і спакойна, — далажыў ён.
Параіліся мужчыны. Стомленасць хіліла іх да думкі заначаваць тут з тым, каб заўтра досвіткам павандраваць куды-небудзь далей. Так і зрабілі.
Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзеючыся.
Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу. Пагутарыў трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызваленні з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. А потым заснуў моцным сном.
Досвіткам пакінулі хату, падаліся ў лясныя пушчы. Лес і нетры палескіх балот стануць цяпер іх прыпынішчам і домам.
X
Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамікрохкай. шапаткой шэрані. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго ранішняга зімняга спакою. Толькі дзесь у гушчары галін суха палускваў мароз, пераскакваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. З мроку вырысоўваліся стромкія камлі асін, кажаркаватыя дубы, шурпатыя крывыя бярозы, а паміж іх выступалі, як пачварныя дзяды, зломаныя бураю высокія расшчэпленыя абломкі дрэў і спілованыя пні з белымі круглымі шапкамі, з завостранымі вярхамі, ды белымі капцамі раскідаліся па лесе прыгожа скругленыя снежныя курганкі. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найболей глухія лясныя дарожкі і сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі.