— З сённяшняй раніцы адлічыць роўна тры дні. На трэці дзень, калі добра сцямнее, быць на Доўгім Бродзе і чакаць, покі завые воўк. Воўк будзе выць тры разы з перапынкамі, і тады я падыду да дзядзькі.
— Эге, так! — пацвердзіў дзед Талаш і зірнуў доўгім выпрабоўваючым поглядам у вочы Мартыну Рылю. Мартын таксама глянуў у дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы.
— Чаго, дзядзька, так пазіраеш на мяне?
— Хачу ўпэўніцца ў табе, і вочы твае мне кажуць, што ты не лжэпг.
Мартын моўчкі кіўнуў галавою.
— А калі я не пачую, як вые воўк каля Доўгага Броду? — запытаў ён.
— Тады чакай мяне дома. Я найду цябе, калі я не спраўлюся за гэты час.
— Добра.
— Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо, можа, шукаюць. Я буду спадзявацца на цябе. Ідзі ж даведайся, што ў цябе дома. I памятай, аб чым гаварылі мы. Дык трэці дзень у змярканні… Доўгі Брод. Вые воўк.
Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Дзед крэпка, як клешчамі, сціснуў ручышчу свайго спадарожніка і змоўніка. Ён гэтым даваў яму знаць, якая сіла захавана яшчэ ў цвёрдай і жорсткай старой руцэ.
I ўжо трошкі счакаўшы, калі прысадзістая постаць дзеда Талаша загубілася між шурпатых камлёў, Мартын сам сабе падумаў: "Куды ён пайшоў? Чаму я не запытаўся ў яго?"
XI
Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры.
План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы, — дзед назаве гэту вёску. На шчасце, ён ведаў і прозвішча камбата — Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска — аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку — падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ён будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага "камісаржа", на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую, настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ён раскажа камандзіру і пра свій план нападу — гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе… Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра?
Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы.
Дзед Талаш прайшоў ужо большую частку дарогі. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. У гэту вёску і накіроўваецца дзед Талаш.
Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Прыпыніўся пад тоўстым дрэвам, змёў рукавіцаю сухі снег з гладкага пня і прысеў адпачыць і зрабіць папаску, бо дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак гужавога сала. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Скончыў дзед сваё снеданне і дастаў курэцкія прылады — па ядзе добра і закурыць. Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца. I бачыць дзед Талаш: вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Кабан падыходзіць да прыгожага, як бы вытачанага рукою здольнага майстра, стажка-мурашніка, акуратна і роўна прысыпанага снегам, і запыняецца. А потым пачынае разрываць яго сваім страшным ікластым лычом. Кожны рух магутнага лыча высока ўскідае ўгору камякі снегу разам з смеццем, нанесеным мурашкамі за цэлыя гады ўпартай працы. I хутка дзве цёмныя боразны вырысоўваюцца на чыстым някранутым снезе. Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. А кабан ад яго — крокаў сорак — пяцьдзесят і так захапіўся работаю, што нічога не бачыць і не чуе, як не бачыць і не чуе дзед Талаш, што з такога ж гушчару выкрадаецца воўк і таксама наглядае за вепрам. I толькі тады заўважыў дзед воўка, калі ён падкраўся да кабана крокаў на пятнаццаць, а ў кабана была відаць толькі адна спіна. Яшчэ большае дзіва ўзяло дзеда Талаша. Што ж гэта за праява? I яшчэ з большаю цікавасцку глядзіць, што будзе далей. У меру таго як вепр глыбей зарываўся ў зямлю, набліжаўся да яго асцярожна, як злодзей, і воўк. I раптам, падкраўшыся зусім блізка, маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскаквае ад яго. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рову і ўпаў на снег з разарваным жыватом і з выпаўшымі вантробамі, б'ючыся ў страшнай перадсмяротнай агоніі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачыма смакуе ўжо сваю багатую спажыву.