Выбрать главу

Такой раптоўнай і неспадзяванай развязкі ніяк не чакаў дзед Талаш, і яго чалавечы пачутак быў глыбока ўзрушан гэтым драпежніцкім воўчым учынкам. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень, і трыумфуючы воўк таксама падскочыў угору і асунуўся, як мяшок, уткнуўся носам у акрываўлены снег.

Вялікае маральнае задавальненне адчуў дзед Талаш пасля гэтага ўдалага стрэлу, і першае, што мільгнула ў яго свядомасці, была мысль аб справядлівай адплаце. I раптам дзед сам азірнуўся, як бы яго нешта ўкалола: гэта злучэнне падзей толькі што адбытай у глухім лесе драмы, дзе ён і сам прыняў удзел як караючая рука справядлівага прысуду, умомант выклікала ў ім думку, ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы. Але ў лесе было ціха і спакойна. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю, і толькі тады падышоў ён да разрытага мурашніка, дзе ляжаў растрыбушаны воўкам агромністы кабан з страшнымі выгнутымі трохкантовымі ікламі і забіты дзедам вялікі хударлявы воўк. Уся гэта праява і сцэна набывалі ў дзедавых вачах значэнне нейкага жыццёвага філасофскага сімвала, і толькі цяпер успомніў ён пра сотні тысяч маленькіх, спачатку не ўзятых ім пад увагу, мурашак. Іх тут і не відаць. Яны глыбока запаўзлі ў падземныя норы. Яны, можа, і не чулі, што сталася з іх домам. I толькі вясною, калі сыдзе снег, а ад воўка і вепра астануцца адны голыя косці, угледзяцца яны і ўбачаць барбарскае разбурэнне свайго гнязда і дружнаю грамадою, не гаруючы многа, возьмуцца за адбудову свайго разбуранага котлішча, над якім упарта працавалі яны на працягу цэлага рада летніх сезонаў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою — цікавыя бываюць на свеце праявы.

Але яго філасофскі настрой змяніўся практычнымі разважаннямі. I кабан і воўк — каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому — колькі было б спажытку! Дзед задумаўся на другі лад… Эх, няма калі гэтым займацца! Але ў галаве яго на скорую руку з'явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў, — гэта будзе дзедаў трафей, а кабана спрэзентаваць чырвоным байцам. Гэта думка неблагая. I ён жыва ўзяўся за работу. Садраў з воўка скуру, вымыў у снезе рукі, выцер іх аб полы кажушка, злажыў скуру, закінуў яе на плячо і важна, як шчаслівы паляўнічы, павандраваў далей, беручы кірунак на Высокую Рудню.

Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Перад ім рассцілалася круглае поле, атуленае высокаю сцяною лесу, а з сярэдзіны поля выступала вёска белымі стрэхамі хат, шчуплымі постацямі высокіх клёнаў і вязаў, клунямі і ветракамі на выгане. Ад высокай сцяны лесу адлучаўся цэлы ярус густога нізкарослага хмызу.

Дзед уважна акінуў вокам хмыз. Чалавечая постаць мільгнула ўскрай хмызу і схавалася. Зоркія дзедавы вочы разгледзелі ў ёй вайскоўца, толькі дзед не разабраў, свій гэта ці чужы. На ўсякі выпадак дзед падаўся трохі назад, бліжэй к лесу, і раптам пачуў грозны вокліч:

— Стой! Хто ідзе?

Дзед запыніўся. Голас і словы запакоілі яго, і ён быў узрадаван спатканнем з чырвонаармейцам, бо гэта палягчала яго задачу.

— Свой! — азваўся дзед Талаш.

З хмызу высунулася фігура маладога чырвонаармейца са стрэльбаю, з патроннаю сумкаю за поясам з аднаго боку і з параю гранат з другога. Від яго быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачьша, якімі ён акінуў дзеда Талаша і яго трафей, звісаўшы з пляча чуць не да самых пят і прыдаваўшы дзеду выгляд першабытнага чалавека.

— Дакумент! — кінуў чырвонаармеец.

— А які, голубе, можа быць дакумент у такога бадзягі, як я? Я не тутэйшы: ад палякаў хаваюся. Хто ж мне дасць дакумент?