Выбрать главу

— А куды ідзеш? — усё яшчэ афіцыяльным тонам распытвае чырвонаармеец.

— Да вас, таварыш, іду, да чырвоных. Спецыяльна.

Дзед Талаш сам адчуваў, што ён гаворыць добра, асабліва вось гэта "спецыяльна". Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць.

— Я зараз выклічу начальніка заставы. У нас такі парадак.

Рэзкі свісток вострымі тонкімі хвалямі расплываецца ў хмызе і заціхае.

Некаторы час яны слухаюць, маўчаць і чакаюць. Чырвонаармеец думае, што ён даложыць пра дзеда начальніку заставы, і калі ў хмызе заківалася яго постаць, чырвонаармеец паказаў вачыма на скуру воўка.

— Воўка ўпаляваў? — запытаў дзеда.

Дзед ведаў, што пра гэтую скуру яму прыйдзецца расказаць цэлую гісторыю, але з прычыны таго, што яго аўдыторыя складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзедабмяжоўваецца кароткім адказам:

— Эге ж!

Начальнік заставы, загартаваны ў вайне і ўжо не першай маладосці чалавек з абветраным тварам, поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног, даўжэй запыніўшыся на воўчай скуры.

Чырвонаармеец далажыў:

— Не мае дакументаў. Заяўляе, што ідзе з польскага боку спецыяльна да чырвоных…

Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша.

— Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас?

— Няможна стала мне жыць дома, таварыш начальнік, па лясах туляюся: мяне ловяць палякі.

— За што?

— Ды вось, таварыш начальнік, прыехалі яны забіраць маё апошняе сена. Прасіў, маліў іх, а яны яшчэ і штурхаць пачалі мяне. Ну, я і раззлаваўся і кінуўся на іх з сякерай. Каб не сын, дык засек бы каторага гада. Яны і наваліліся на мяне, звязаць хацелі. А было іх трое салдат. Вырваўся я і ў лес уцёк. Стралялі нават у мяне з рэвальвераў. Вось і пачалі помсціцца, чапляцца, што ў мяне бальшавік на кватэры стаяў, камандзір. Майго сына недалетка заарыштавалі як заложніка, каб я сам да іх прыйшоў. Я, таварышы, нясу да вас бяду маю і гора… Надумаўся знайсці камандзіра, што стаяў у мяне на кватэры… Ён знае мяне…

— А з якога ты сяла?

Дзед Талаш назваў сваю вёску.

— А які камандзір стаяў у вас на кватэры?

— Так што камандзір таварыш Шалёхін, — крыху на стары салдацкі манер адказаў дзед Талаш.

Чырвонаармеец і начальнік заставы зірнулі адзін на аднаго. Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы.

— А скуль гэта воўчая скура? — пацікавіўся начальнік заставы.

Дзед расказаў гісторыю пра вепра і воўка і закончыў яе так:

— Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. А вепр ладны, пудоў на васемнаццаць. Дастаньце фурманку, паеду з вамі, пакажу. Ён тут не так і далёка.

Зайшлі на заставу. Начальнік вылучыў двух чырвонаармейцаў у сяло па фурманку.

А ўжо надвячоркам з вялікім трыумфам ехаў дзед Талаш з чырвонаармейцамі ў Высокую Рудню, везучы на развалках агромністую тушу дзікага вепра. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню, а для яшчэ болылага пыху ён насіў на сабе воўчую скуру, і калі ў яго запыталі, нашто ён цягае яе на сабе, то дзед хітра адказаў:

— Го! Я яшчэ буду выць па-воўчы!

Людзі смяяліся, а дзед сваю думку думаў.

XII

Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі, схіліўшыся над ваеннай тапаграфічнай картаю Палескага раёна. Ён ставіў баявую задачу дывізіі і рыхтаваў ёй загад у сувязі з надыходзячай ваеннай кампаніяй супраць Чырвонай Арміі пасля зімняга перапынку. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару, які, па меркаванню стратэга, павінен быў скрышыць супраціўленне Чырвонай Арміі, забываючы на тое, што ў часе бою абстаноўка мяняецца і што вынікі яго залежаць ад тысячы дробязей, якіх ніякі штаб не можа прадбачыць. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя, непасрэдна высунутыя рэвалюцыяй і ваенным часам. Тым не меней палкоўнік пан Дэмбіцкі рупліва размяшчаў на абраных участках тыя ці іншыя вайсковыя часці, прызначаючы ім розныя ролі. Але пан палкоўнік не мог цалкам аддацца сваім стратэгічным практыкаванням і выверыцьсвой планхоцьна ваеннай карце. Ужо некалькі разоў яго ўвагу перабіваў тэлефон. З розных пунктаў размяшчэння дывізіі паведамлялі яго аб варожым руху мясцовага насельніцтва, накіраванага супраць польскага войска. Пан палкоўнік злаваўся, што яго адрываюць ад важнай работы, і рэкамендаваў зварачацца да паліцыі і жандараў і прасіў, каб не турбавалі яго такімі глупствамі. Але калі яму далажылі аб раззбраенні польскага ваеннага канвоя натоўпам бяззбройных палешукоў, то пан палкоўнік падскочыў на крэсле, як бы яго кальнулі знізу шавецкім шылам.