Выбрать главу

— Цо? цо? цо? — зацокаў ён разоў тры і аж затросся і пачырванеў увесь.

Яго абурэнню не было канца — такая абраза, такі сорам прычынен быў польскаму войску ў асобе канвойнікаў, вёўшых няшчасных хлопаў. Пан палкоўнік аддаў строгі загад прыняць рашучыя меры аж да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці за ўсякія "бандыцкія" замашкі, накіраваныя супраць славутага польскага войска, а канвойнікаў, даўшых сябе абяззброіць, судзіць ваенным судом.

Гэты загад быў далёка не на руку Мартыну Рылю, які падыходзіў да свае вёскі, і ўсім яго таварышам, арудаваўшым пад камандаю бывалага салдата Балука з-пад Цернішч.

Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Ваенны час, поўны неспакою і неспадзевак, прымушаў іх трымаць вуха востра і спасцярожліва. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Напэўна, гэта была іх нейкая разведка, судзячы па тым, як яны туляліся, каб не быць заметнымі. Вепраўцы ўжо мелі выпадак бачыць на вуліцы і ў сваіх хатах польскае войска. Але палякі толькі паначавалі ў вёсцы, а назаўтра, забраўшы сякі-такі скарб, харчы для сябе і фураж для коней, яны падаліся кудысь у іншае месца. Дні праз тры пасля гэтага прыехалі жандары і забралі Мартына Рыля. Трое вепраўцаў: Мікіта Самок, Кузьма Ладыга і Кандрат Бус, спачуваўшыя бальшавікам і выступаўшыя за Савецкую ўладу, збеглі са сваіх хат і прыходзілі дамоў на кароткі час, рызыкуючы папасціся ў рукі польскай паліцыі ці контрразведкі. Вось чаму, калі прыйшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся і спадзяваліся нейкага новага ліха. Але ноч прайшла спакойна, а раніца новага дня прынесла з сабою болей смелы настрой і ўпэўненасць, что нічога страшнага не здарыцца. I наогул удзень чалавек адчувае сябе болей смела. А палякі якраз раніцаю падкраліся незаметна, незаметна расставілі салдат вакол вёскі, пераняўшы ўсе дарогі, і толькі тады заўважылі іх вепраўцы, калі цэлы табар польскай конніцы галопам прамчаўся па вуліцы. Спачатку людзі не ведалі, чаго наехалі палякі. Сапраўдны страх пачаўся тады, калі палякі, разбіўшыся на некалькі груп, уварваліся ў двары. Мартынаў двор быў заняты ў першую чаргу. Два легіянеры, саскочыўшы з коней, рынуліся ў Мартынаву хату. Некалькі чалавек кінуліся ў клуню.

— Дзе арыштант? — загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты.

Мартынава жонка млела ад страху і шырока раскрытымі вачыма пазірала на легіянера.

Не дачакаўшыся адказу, легіянеры пачалі варочаць, трыбушыць штыкамі падушкі і дзяругі. Яны ўчынілі сапраўдны пагром, усё кідаючы на зямлю, разбівалі прыкладамі гаршкі і міскі.

Трое малых дзяцей, насмерць перапалоханых, кінуліся да маткі, падняўшы немы крык і трасучыся ад страху. Старэнькі дзядок Мікола, Мартынаў бацька, нічога не разумеючы, жахліва ціснуўся да сцяны і маўчаў, пазіраючы на дзікае буйства азвярэлых вар'ятаў.

— Дзе арыштант? — крыкнуў на дзеда легіянер. Тады дзед Мікола сказаў:

— Вы ж забралі яго, шчоб вас боль забраў!

— Смярдзюк стары! — агнём злосці запаліўся легіянер і сунуў кулаком у зубы старому Міколу. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Анямеў дзед Мікола, стаіць аглушаны і моўчкі выцірае далонню акрываўленыя губы і размазвае кроў па твары і па рэдзенькай сівай бародцы, звісаўшай, як мох на старым дрэве, на расхлістаныя загрубелыя ад старасці і холаду грудзі.

— О, пся крэў! — крычаў легіянер. — Мы пакажам, цо ест пожондэк і повага до польскего жолнежа.

Разграмілі Мартынаву хату, павыбівалі вокны і вывіхрыліся на двор.

Тое самае чынілася на дварах і ў хатах сялян, папаўшых у няласку і на падазрэнне паліцыі і польскай ваеншчыны.

Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Ногі ў яго лёгкія, сам ён чалавек гадоў пад трыццаць — што яму значыць прабегчы з вярсту да лесу. Палякі ўязджалі ўжо ў двор, калі ён выбег з задворкаў на адкрытае поле. Выбіраючы лагчынкі, туляючыся каля хмызу, бег Кандрат, прыгнуўшыся, колькі было змогі. Ён завальваўся ў глыбокі снег, ногі яго вязлі, снег путаў іх і замінаў шпаркаму руху наперад.

Конны польскі легіянер згледзеў з двара, як у лес шыбуе чалавек. Жалнер быў выдатны наезнік, і конь пад ім быў лёгкі і быстры. Дух паляўнічага і інстынкт ганчака абудзіўся ў конніку. Махнуў ён з канём на задворкі і праз расчыненыя веснічкі вылецеў у поле следам за Кандратам.