Выбрать главу

Дзверы адчыняліся і зачыняліся. Шызыя клубкі халоднага паветра ўрываліся ў хату. Калыхалася пад нізкаю столлю сіняватая заслона дыму, накуранага курцамі.

На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека са стрэльбаю, з паляўнічаю торбаю, напалавіну прыкрытаю воўчаю скураю, перакінутай праз плячо. За гэтым чалавекам увайшоў чырвонаармеец. Каб гэта быў не дзед Талаш, ды каб і дзед, але без воўчай скуры, то на яго наўрад ці звярнулі б тут увагу. Але воўчая скура сама сабою кідалася ў вочы і выразней адцяняла своеасаблівую дзедаву постаць. Дзед Талаш быў у кароткім кажушку, у суконных з раменнымі латамі майтках, абуты ў чукі.

Як жа можна было не звярнуць увагі на гэтага палескага інсургента? Дзед Талаш громка сказаў "здрастуйце!" і быстрымі, вострымі вочкамі прабег па тварах вайскоўцаў. Губы яго разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Прыветная ўсмешка прабегла і па твары камандзіра.

— А, друг стары! Якая бура занесла вас сюды?

Ён моцна патрос дзедаву руку і пасадзіў яго каля сябе.

— Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў ён да вайскоўцаў.

— Ну, што ў вас новага? — запытаў дзеда.

— Ох, таварыш камандзір, — уздыхнуў дзед Талаш, — новага шмат, ды не цешыць яно!

— Што — з палякамі не паладзілі?

— Грабежнікі, гвалтаўнікі, хай іх багна глыне! — і дзед Талаш безнадзейна махнуў рукой.

I расказаў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жалнерамі, пра іх насмешкі і здзек, пра ўспышку свае злосці, што паслужыла прычынаю баталіі паміж ім і палякамі. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Калі дзед расказваў, як ён прасіў не браць яго апошняга сена, ён быў увесь пакора і жаласлівасць. А калі дайшоў да стычкі з жалнерамі, вочы яго загарэліся агнём змагання, ён раптам напружыўся, згарнуў кулакі, як дзяцюк, саскочыў з лавы і наглядна, рухамі рук, паказаў, як ён шаргануў палякаў, як паляцелі яны ад яго, як ён вырваўся і кінуўся ў лес.

— Брава, дзед! — пахвалілі яго вайскоўцы.

Няўжо ты, дзед, такі дужы? — не паверыў крыху шырокі Букрэй.

Дзед Талаш запыніў на ім свае быстрыя цёмныя вочкі, момант паўзіраўся ў яго.

— А давай пабораемся! — ціха, але цвёрда і ўпэўнена, з рашучаю гатоўнасцю памерацца з Букрэем сілаю заявіў дзед Талаш.

Вайскоўцы дружна і весела запляскалі.

— Малайчына, дзед! Вот гэта дзед!

Шырокі Букрэй змушаны быў скасавацца пад шумныя галасы вайскоўцаў. А дзед Талаш яшчэ з большым захапленнем расказваў далей пра падзеі апошніх дзён, пра сваё бадзянне па лясах, пра тулянне па чужых кутках, пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця. Нарэшце запыніўся — і гэта было цэнтральным месцам яго апавядання — на здзеках польскіх акупантаў над людзьмі, спачуваўшымі Савецкай уладзе, на арышце яго Панаса. I калі дзед гаварыў пра свайго сына, пра яго няволю і нявінную пакуту, пра пакуту недалетнага юнака, то дзедаў голас дрыжаў, у ім чуліся ноткі глыбокага бацькоўскага гора. I скончыў сваё апавяданне так:

— Дзе ж мне шукаць справядлівасці? Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас, таварышы чырвонае войска? Вось я і прыйшоў прасіць парады і дапамогі.

Малады чалавек, адзеты напалавіну ў ваеннае, напалавіну ў штацкае, маўчаўшы ўвесь час і ўважна слухаўшы, прычым твар яго захоўваў акамянеласць і застыласць, падышоў да дзеда Талаша.

— Дужа рад сустрэцца з вамі. Вы — слаўны дзед! — і крэпка паціснуў дзеду руку. А потым звярнуўся да вайскоўцаў. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў ён апошняе слова.

Дзедаў твар засвяціўся надзеяй, і ён з глыбокай па дзячнасцю зірнуў на незнаёмага маладога чалавека — хто ж ён такі?

— Я, таварышы, буду служыць з вамі, буду дапамагаць і вам, бо мне ж там няма цяпер месца, — з жарам гаварыў дзед Талаш. — Я ведаю лес, балоты, рэчкі, азёры. Прайду з вамі так, што ніякі панскі чорт не будзе ведаць. I яшчэ, таварышы, прашу я вас даць мне настаяшчую ваенную стрэльбу. Калі не даць, дык пазычыць. Адваюю ад палякаў, вярну вам, таварышы.

Гэта непасрэднасць, наіўнасць і жаданне мець ваенную стрэльбу развесяліла вайскоўцаў і яшчэ болып хіліла іх да дзеда.

— Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур'ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў.