Выбрать главу

— Стрэльбу дзеду мы дамо, — сказаў камандзір батальёна, — але яму наўперад трэба папрабаваць нашага мядку. Частуйцеся! — звярнуўся ён да дзеда Талаша.

Дзед Талаш наўперад быў крыху замяўся, але вайскоўцы населі дружней. Букрэй падаў яму кусок хлеба.

— Еш, дзед, ваяваць разам будзем!

Тады ўжо дзед Талаш зрабіў некалькі разоў экскурсію ў цёрла з мёдам.

— Ну, таварышы, давайце падумаем, як дапамагчы дзеду, — зноў загаварыў камандзір батальёна. — На мой погляд, не шкодна было б заадно пашчупаць і польскія пазіцыі крыху глыбей… Што скажаце на гэта, таварышы?

— Справа добрая!

— Гэта ідэя!

Дружна падтрымалі думку камандзіра.

— Дазволь, таварыш камандзір, мне слова!

— Гавары, Букрэй!

— Сёння вечарам мы змяняем трэці батальён. Выслаць сёння ж разведку, ды паглыбей. Для разведкі падабраць дзесяткі два-тры ахвотнікаў… Калі даручыце гэту справу мне, то мы з дзедам абмазгуем яе, і я сам выклікаюся ў яе.

Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Дзеду Талашу пастанавілі выдаць чырвонаармейскую стрэльбу і быць за правадніка на разведцы.

— Дык ваюем, дзед? — сказаў да дзеда Букрэй і палажыў яму на плячо руку.

Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку.

Калі дзед Талаш выйшаў з хаты, за ім выйшаў і малады незнаёмы хлопец, напалавіну вайсковец, напалавіну штацкі.

— Хацеў бы з вамі пагутарыць трохі, — сказаў ён дзеду. — Вы куды цяпер ідзяце?

— А тут… да аднаго знаёмага.

— Мне вось цікава ведаць, — сказаўнезнаёмы, — калі б вас асабіста не пакрыўдзілі палякі, то ці паўсталі б вы супраць іх?

Дзед Талаш захоплены быў знянацку і, не ведаючы, куды гне незнаёмы, адказаў нейтральна:

— Не чапалі б мяне, не чапаў бы і я іх.

Трошкі падумаўшы, разважліва дадаў:

— А ўрэшце не ведаю, як бы яно было.

Незнаёмы памаўчаў.

— Ну, а ці ведаеце вы, што нясе з сабою польская вайна? I хто з намі ваюе?

— Ды, мабыць, хочуць сваю Польшчу збудаваць.

— А калі б яны збудавалі, як вы кажаце, сваю Польшчу, то вам, сялянскай беднаце, і нам, рабочым, што яны дадуць?

Дзед Талаш паглядзеў незнаёмаму ў вочы.

— А скажыце, хто ж будзеце вы?

Замкнёны твар незнаёмага асвятліўся ветлаю ўсмешкаю.

— Я — рабочы з Гомеля. Маю і прозвішча, як і ўсякі чалавек, але яно мне непатрэбна тут. А калі вы хочаце зваць мяне, то завіце Нявідны.

Здзівіўся дзед Талаш.

— А я вас хутчэй назваў бы — Дзіўны.

"Нявідны", як ён сам назваў сябе, усміхнуўся.

— Не, дзіўнага тут нічога няма, — сказаў ён. — Справа ў тым, што я вяду патаемную, або, як гаворыцца, падпольную, работу ад нашай партыі бальшавікоў. I калі вы чулі, што сям-там супраць палякаў узнікаюць паўстанні, то тут трошкі паложана і мае работы.

Тады дзед Талаш прыцішаным голасам паведаміў:

— Эге! Вось жа і я пачаў такую работу.

— Я адгадаў, што вы — чалавек патрэбны і цэнны, але вам трэба зірнуць на свет трохі па-іншаму і трохі далей.

Цікавыя рэчы расказваў Нявідны дзеду Талашу, і не мог не згадзіцца дзед Талаш, слухаючы, што перад ім выступала праўда.

XIV

Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы. Па-першае, ён сам паўнапраўны ваяка: ён мае "настаяшчую" ваенную стрэльбу і сорак пяць патронаў, па-другое, у яго ёсць свая каманда, цэлых восем чалавек сялян з Высокай Рудні. А народ гэта быў спрытны і адважны. Сабраць такую каманду было не так-та і лёгка, але дзед Талаш не пашкадаваў гарачых, як агонь, слоў і яркіх фарбаў, каб разагрэць кроў сваіх ваяк і рушыць іх на справу змагання супраць лютых акупантаў.

— Няўжо, таварышы, вы будзеце грэць пуза на печы, падпіраць яе плячамі ды чакаць, покі і да вас прыйдзе паляк і стукне даўбешкаю па галаве? Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Але і поле ён забярэ ў вас, паставіць вас за батракоў у сваім маёнтку. Апошнюю нітку выцягне з вашай кашулі. Мы павінны памагчы нашаму чырвонаму войску прэч выгнаць панскую псярню, каб не паны, а мы самі, каторыя бедната і рабочыя, з таварышамі бальшавікамі былі тут гаспадары і па-свойму ладзілі сваё жыццё.

Не апошнюю ролю ў гэтай мабілізацыі васьмі адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвоя і асабліва карабін Мартына Рыля, здабыты ім у часе раззбраення. Мартына Рыля тут шмат хто ведаў. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе.